Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышаградзкая баявая група з 3900 салдат заступіла на баявое дзяжурства


У яе склад увайшлі польскія, чэскія, славацкія і вугорскія салдаты. Ідэя стварэньня баявых груп была прынятая Эўрапейскім Зьвязам у 2004 г.

Значную частку групы складаюць польскія салдаты, асобныя сілы і сродкі выдзелілі таксама арміі Чэхіі, Славакіі і Вугоршчына.

Як паведамляе Польскае Радыё, у яе склад увайшлі, у прыватнасьці, салдаты 12 Шчэцінскай мэханізаванай дывізіі.

Група агулам налічае 3900 салдат, палова гэта палякі. Чэхія адправіла каля 800 салдат, Вугоршчына — 600 і Славаччына — 450.

Акрамя жаўнераў 12 Шчэцінскай мэханізаванай дывізіі, у Вышаградзкай баявой групе таксама салдаты 12 мэханізаванай брыгады 8-га супрацьпаветранага палка ў Кашаліне, і 2-га батальёна сапёраў са Штаргарда.

У траўні 2011 года было вырашана, што Польшча будзе старшынстваваць групе, якая павінна быць гатовая для працы ў 2016 годзе. У сакавіку 2014 года краіны Вышаградзкай групы падпісалі пагадненьне па гэтым пытаньні.

Ідэя стварэньня баявых груп была прынятая Эўрапейскім Зьвязам у 2004 г. З 2007 г. у рэжыме баявой гатоўнасьці на працягу шасьці месяцаў утрымліваюцца дзьве групы, кожная каля 1500 салдат.

Баявая група ЭЗ павінна быць гатовая для перамяшчэньня ў названы крызісны рэгіён на працягу 10 дзён, і мець магчымасьць функцыянаваць ад 30 да 120 дзён. Групы прызначаныя для гуманітарных місій, прафіляктыкі, стабілізацыі, у тым ліку для забесьпячэньня і падтрыманьня міру. Тэрытарыяльная сфэра ўмяшаньня баявых груп была вызначана да 6 тыс. км ад Брусэля.

Дагэтуль ніякая баявая група ЭЗ не выкарыстоўвалася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG