Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Савудаўскай Арабіі пакаралі сьмерцю 47 чалавек, у тым ліку вядомага прапаведніка. Шыіты пратэстуюць


У Савудаўскай Арабіі пакараныя сьмерцю 47 чалавек, асуджаныя за тэрарызм і падбухторваньне да гвалту. Зь іх — 45 савудаўскіх падданых, адзін грамадзянін Эгіпту і адзін выхадзец з Чада. Як паведаміла міністэрства ўнутраных спраў краіны, сьмяротныя прысуды былі прыведзеныя ў выкананьне сёння ў 12 розных частках каралеўства.

Сярод пакараных вядомы шыіцкі прапаведнік Німр ан-Німр, які быў цэнтральнай фігурай падчас акцый пратэсту шыітаў у 2011 годзе на ўсходзе Савудаўскай Арабіі, кіраванай суніцкай каралеўскай дынастыяй. Ан-Німр выступаў супраць прыгнёту шыітаў, якія складаюць 15 адсоткаў насельніцтва краіны.

Пакараньне ан-Німра выклікала абурэньне ўсіх шыітаў рэгіёну, якія лічаць, што гэта выкліча яшчэ большае абвастрэньне міжрэлігійных канфліктаў.

На ўсходзе Савудаўскай Арабіі дзясяткі шыітаў выйшлі на марш пратэсту супраць пакараньня шыіцкага прапаведніка.

Дэманстранты скандавалі лёзунгі супраць кіроўнай суніцкай каралеўскай дынастыі саўдзітаў. Марш прайшоў ад роднага паселішча прапаведніка — аль-Авамія да горада Катыф — адміністрацыйнага цэнтру Ўсходняй правінцыі, дзе пражывае асноўная колькасць прадстаўнікоў шыіцкай меншасьці. Пра гэта паведамілі агенцтву Reuters мясцовыя жыхары.

У мінулым годзе ў Савудаўскай Арабіі былі пакараныя ня менш за 157 чалавек, а за год да гэтага — 90.

XS
SM
MD
LG