Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фотарэпартаж з чарнобыльскай вёскі Мокрае, дзе нарадзіўся Майсей Сяднёў

Цяперашні пэйзаж вёскі Мокрае
Цяперашні пэйзаж вёскі Мокрае

Рэпрэсаванага ў сталінскі тэрор паэта і празаіка Майсея Сяднёва згадалі актывісты магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы, адведаўшы яго родную вёску Мокрае, што ў Касьцюковіцкім раёне.

Майсей Сяднёў

Гэтае паселішча даўно адселенае праз высокі ўзровень радыяцыі. Тутэйшыя хаты пахаваныя. Пра месцы, дзе колісь былі сялянскія сядзібы, нагадваюць зьдзічэлыя сады ды магілы-курганкі, якія паволі зарастаюць бярэзьнікам.

Зьдзічэлыя сады замест сялянскіх сядзібаў
Зьдзічэлыя сады замест сялянскіх сядзібаў

Паводле жыхароў суседніх вёсак, да адсяленьня ў Мокрым жыло багата Сяднёвых. Майсея ж ніхто не прыгадаў. Адшукаць макранскія клады з магіламі роду Сяднёвых не ўдалося.

Асфальтаваная дарога працінае памерлую вёску
Асфальтаваная дарога працінае памерлую вёску

Вёску працінае асфальтаваная дарога. У бязьлюдзьдзі яна выглядае надта дзіка. Месцамі праз дарожнае палатно прабіваюцца нясьмелыя парасткі расьлін.

Паабапал нямыя сьведкі сьмерці вёскі — слупы лініі электраперадач бяз дроту.

Памятны знак вяскоўцам, якія загінулі ў Другую ўсясьветную вайну, разбураецца
Памятны знак вяскоўцам, якія загінулі ў Другую ўсясьветную вайну, разбураецца

У Мокрым не дэмантавалі, як у іншых адселеных вёсках, памятны знак вяскоўцам, якія загінулі ў часы Другой ўсясьветнай вайны. Ён разбураецца. Тынк адвальваецца. Мармуровыя шыльды патрэсканыя.

Адна з шыльдаў на памятным знаку
Адна з шыльдаў на памятным знаку

Побач яшчэ адзін абэліск. На ягонай расейскамоўнай шыльдзе пазначана, што ў Мокрым у 1943 годзе фашысты спалілі 71 двор.

Абэліск у памяць пра спаленыя фашыстамі двары макранцаў
Абэліск у памяць пра спаленыя фашыстамі двары макранцаў

Два памятныя знакі на фоне бязьлюдзьдзя
Два памятныя знакі на фоне бязьлюдзьдзя

На мясцовай рэчцы, якая дзеліць вёску папалам, пасяліліся бабры. Плён ад іх гаспадараньня — шматлікія запруды ды паваленыя дрэвы. У разрослых кустоўях хаваюцца пужлівыя курапаткі ды глушцы.

У бязьлюднай вёсцы пасяліліся бабры. Паваленыя імі дрэвы
У бязьлюднай вёсцы пасяліліся бабры. Паваленыя імі дрэвы

Запруджаная бабрамі рака
Запруджаная бабрамі рака

Навокал ўзьнімаецца даўно ня кошаная трава. Слупы, якія засталіся ад пахаваных двароў, чорныя як смоль. Тутэйшыя палі, па ўсім відаць, ня раз выгаралі.

Палі вяскоўцаў зарасьлі травой
Палі вяскоўцаў зарасьлі травой

Абгарэлы слуп – нямы сьведка пажараў
Абгарэлы слуп – нямы сьведка пажараў

Нарадзіўся Майсей Сяднёў 1 верасьня 1913 году. У роднай вёсцы будучы літаратар пражыў першыя свае пятнаццаць год. Наступныя шэсьць — вучыўся. У 1936-м Сяднёва, зьвінаваціўшы ў «нацдэмаўшчыне», арыштавалі. Паводле выраку ён, нібыта, быў удзельнікам «антысавецкай, контррэвалюцыйнай арганізацыі» ў Мсьціслаўскім пэдінстытуце.

Усё што засталося ад абжытага людзьмі месца – падмурак, які паволі хавае расьліннасьць
Усё што засталося ад абжытага людзьмі месца – падмурак, які паволі хавае расьліннасьць

У няволі Сяднёў прабыў да Другой усясьветнай вайны. Вайна ўратавала яго ад расстрэлу. Пешшу з Чэрвеня, у які арыштантаў этапавалі зь Менскай турмы, Майсей дабраўся да Мокрага. У вёсцы зь сям’ёй жыў да 1943 году. Потым былі Польшча, Чэхаславаччына, Злучаныя Штаты Амэрыкі...

Усё што засталося ад абжытага людзьмі месца – падмурак, які паволі хавае расьліннасьць
Усё што засталося ад абжытага людзьмі месца – падмурак, які паволі хавае расьліннасьць

З 1967 да 1983 году Майсей Сяднёў працаваў на Радыё Свабода, узначальваў беларускую рэдакцыю. У гістарычным цыкле"На хвалі Свабоды«, прысьвечаным 50-годзьдзю беларускай службы Радыё Свабода, Сяргей Шупа адзначае, што ў пэрыяд кіраваньня службай Сяднёвым перадачы вылучаліся «зьмякчэньнем тону», а таксама «быў працягнуты курс на «адмову ад канфрантацыі ў эфіры ды на збліжэньне мовы перадач Свабоды з афіцыйнай беларускай мовай, ужыванай у БССР».

Майсей Сяднёў памёр у ЗША 5 лютага 2001 году. Пахаваны на беларускіх могілках Саўт-Рывэра.

Будучы нявольнікам менскай турмы, Майсей Сяднёў пісаў:

«Толькі я лягу і вочы зажмуру,
Толькі растану ў ночнай цішы,
Пад здрыгі таемныя муру
Песьня снуецца ў душы.
Просіцца песьня на волю —
У неспазнаны шчэ сьвет.
Песьня мая, ты не мучайся болей —
Волі ня мае твой ціхі паэт.
Не заляцець табе птушкай за краты,
Колькі ні біся гарачым крылом:
У сутарэньні , галубка мая ты,
Разам з табою памром».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG