Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «Саюзнага гасударства Ацечаства і Рэспублікі» да краіны Беларусь


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

– А Белоруссия – это страна или республика? – Пытаюцца маладыя масквічкі ў беларускіх пасажыраў у цягніку.

– А Белоруссия – это страна или республика? – Пытаюцца маладыя масквічкі ў беларускіх пасажыраў у цягніку.

Маўчаць беларускія пасажыры. Яны сабе такое пытаньне нават не задавалі.

Зрабіце экспэрымэнт. Запытайцеся ў паўсотні людзей на вуліцы: «Вы за дэмакратаў ці за рэспубліканцаў?». Ад слова «дэмакрат» можа перакасіцца твар, а супраць «рэспубліканцаў» ніхто выступаць ня будзе. Хоць, відавочна, рэакцыя зьвязаная не з палітычнымі партыямі ЗША, а з сэнсамі словаў «дэмакрат» і «рэспубліка», якія існуюць у галовах людзей. «Дэмакраты» – гэта прыблізна тыя, хто «такую страну развалілі», а «рэспубліка» – гэта наша краіна... Ці айчына... Ці дзяржава.

Час перакручаных паняцьцяў пачаўся даўно. «Айчына», «краіна», «саюз», «дзяржава», «рэспубліка» – усё даўно пераблытанае. Урэшце атрымліваецца штосьці кшталту «Саюзнае гасударства Ацечаства і Рэспублікі».

Ды што там складаныя палітычныя і філязофскія азначэньні. Нават, здавалася б, у самай простай побытавай зьяве можна спалучыць неспалучальнае. Перад Новым Годам знаёмы набыў «Полусладкое выдержанное советское шампанское "Радзивилл”».

«А Белоруссия – это страна или республика?». Мне зразумела, што масквічкі ня ў курсе, як далёка сягаюць абшары іх краіны-айчыны-дзяржавы-фэдэрацыі. І яны проста пацікавіліся, ці зьяўляецца Беларусь часткай Расеі? Бо «рэспубліка» ад савецкіх часоў прыблізны аналяг старажытна-рымскага «правінцыя». Але ў Беларусі з кожнага афіцыйнага прасу ідзе пра «Нашу Рэспубліку» як незалежную дзяржаву. Асабліва апошні год. Маўчаць пасажыры, заблыталіся.

«Што ты прычапіўся да людзей? Ды ім пабарабану твая "пазьнякоўшчына", ім цікава што яны есьці заўтра будуць». "Пазьнякоўшчына"– гэта, чытай, "ідэалізм". Гэта мне адносна нядаўна сказаў адзін малады чалавек з правінцыі. Толькі не ў імпэрскай тэрміналёгіі, а ў нашай, беларускай. Зноў блытаніна. Калі ад Расеі адваліцца «рэспубліка», нічога прынцыпова ня зьменіцца: чужым болей, чужым меней. А для Беларусі – гэта будзе згуба часткі свайго цела.

Малады чалавек родам з усходу Беларусі, дзе найбольш актыўна ў людзей размываюць паняцьці свайго – не свайго, блытаюць «айчыну», «рэспубліку», «дзяржаву». Прынамсі, зь ягонай малой радзімы часьцей прыходзяць зьвесткі пра агітатараў за розныя імпэрскія праекты ў суседзяў. А калі людзям усё роўна, хтосьці штосьці за іх вырашыць.

Я моцна сумняюся ў пашыраным тэзісе пра вечны падзел беларусаў на «просты народ» і «купку ідэалістаў». Дзе просты народ «палітыкай не цікавіцца» і думае толькі пра халадзільнік. Так, у Беларусі замаруджаныя грамадзкія працэсы, але гэта ня значыць, што яны не ідуць. Што не зьяўляюцца новыя людзі з новымі ініцыятывамі, людзі, якія думаюць і пра што заўтра есьці, і пра што будзе ў краіне праз дзесяць-дваццаць гадоў.

І што абстрактная «рэспубліка» зноў стане дзяржавай з рэспубліканскім палітычным ладам, то бок з правамоцным парлямэнтам, незалежнымі судамі і свабоднай прэсай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG