Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы год у «ДНР»: зварот «прэзыдэнта» і фоты з Instagram


Новы год у Макееўцы. Фота: _iron_lady89 via Instagram

Новы год у Макееўцы. Фота: _iron_lady89 via Instagram

Нават на тэрыторыі непрызнаных Данецкай і Луганскай рэспублік Новы год быў сьвятам. На навагоднюю ноч у "ДНР" нават скасавалі камэнданцкі час.

Жыхары самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» на тэрыторыі Ўкраіны спрабуюць жыць мірным жыцьцём — і адсьвяткаваць надыход Новага году. Хоць ад 23 сьнежня на фронце паводле менскіх дамоўленасьцяў мелася пачацца перамір’е, абодва бакі канфлікту абвінавачвалі адзін аднога ў парушэньні рэжыму цішыні. Сярод іншых 24 сьнежня загінуў баец «ДНР» зь Беларусі, 27-га пад абстрэл трапілі назіральнікі АБСЭ.

Ды крыху далей ад фронту, у буйных гарадах, мяркуючы па публікацыях у сацсетках, адчуваецца навагодні настрой. Дзе няма страляніны, людзі шпацыруюць па зімовых вуліцах, «інстаграмяць» ялінкі, ладзяць вечарыны ў кавярнях, дораць адно адному імпартны алькаголь, вышыванае адзеньне і даляры.

Навагодні канцэрт на плошчы Леніна ў Данецку сабраў сотні людзей. На навагоднюю ноч і праваслаўныя Каляды ў «ДНР» нават адмянілі камэнданцкі час. Галоўную ялінку Данецка адкрывалі з мноствам сьцягоў самаабвешчанай краіны, ды на пазьнейшых фотах з сацсетак сымболікі «ДНР» ужо не відно.

Як і ў сапраўдных краінах, у «ДНР» па тэлевізіі трансьляваўся зварот кіраўніка «рэспублікі». Аляксандар Захарчанка казаў пра барацьбу з «бандэраўскай ідэалёгіяй», пабудову новай эканомікі, «вольнай ад алігархаў», і новага грамадзтва, пабудаванага на «традыцыйных каштоўнасьцях». Праўда, Свабода не адшукала ў Instagram здымкаў жыхароў «ДНР» з тэлевізарамі, па якіх трансьляваўся Захарчанка — фатаграфаваліся адно з Пуціным на экране, хто проста так, а хто паказваючы сярэдні палец.

На 30 і 31 сьнежня ды на 1 студзеня праезд між Луганскам і Данецкам зрабілі бясплатным. Луганчанаў запрашалі на навагоднія сьвяты ў Данецк, паабяцаўшы ўсім дзецям падарункі і салодкую вату ад Захарчанкі. Пасьля таго, як скончыцца вайна, улады «ДНР» думаюць нават адкрыць мясцовую рэзыдэнцыю Дзеда Мароза.

Навагоднія ялінкі абяцалі завезьці з Расеі, ды прынамсі ў Горлаўцы кажуць, што галоўная ялінка «дасталася ў спадчыну ад Украіны». Міністэрства надзвычайных сытуацый «ДНР» папярэджвала (інфармацыя непацьверджаная) пра продаж ялінак з тэрыторыяў баявых дзеяньняў і іх магчымае хімічнае і радыяцыйнае забруджаньне.

На навагоднія канцэрты ў «ДНР», як сьцьвярджаў Захарчанка, прыязджалі артысты з Расеі і Беларусі. Вызначыць беларускіх артыстаў, якія выступалі на навагодніх канцэртах у «ДНР», не атрымалася, але дакладна вядома, што на каталіцкія Каляды і пазьней у Данецку выступаў Іосіф Кабзон.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG