Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа ўзмацняе захады бясьпекі напярэдадні Новага Году


Узброеныя вайскоўцы патрулююць перад катэдрай Нотр-Дам у Парыжы, 30
Узброеныя вайскоўцы патрулююць перад катэдрай Нотр-Дам у Парыжы, 30

У многіх гарадах Эўропы узмацняюцца захады бясьпекі напярэдадні Новага Году, бо ўлады асьцерагаюцца магчымых нападаў, паведамляе Бі-Бі-Сі. У Брусэлі ўсе масавыя сьвяточныя мерапрыемствы адменены з-за пагрозы тэрактаў.

Ўзмоцненыя захады бясьпекі таксама ўведзеныя ў Парыжы, Лёндане і Бэрліне.

Тым часам, улады Турцыі заяўляюць, што ім удалося прадухіліць напад, які плянаваўся ў Анкары.

Ціхі Новы Год у Брусэлі

Патруль на вуліцах Брусэлю, 31 сьнежня 2015
Патруль на вуліцах Брусэлю, 31 сьнежня 2015

Раней паліцыя Аўстрыі заявіла, што атрымала інфармацыю ад «выведнай службы адной з прыязных краін», што у шэрагу сталіц Эўропы могуць быць учынены тэракты.

Прэм’ер-міністар Бэльгіі Шарль Мішэль сказаў, што рашэньне аб адмене сьвятаў у Брусэлі было прынята на падставе «атрыманай інфармацыі». Летась каля 100 тысяч чалавек сабраліся ў цэнтры Брусэлю сустрэць Новы Год.

«У гэткіх абставінах мы ня можам праверыць кожнага», — сказаў мэр Брусэлю Іван Маёр.

Раней на гэтым тыдні бэльгійская паліцыя арыштавала двух чалавек, якія падазраюцца ў плянаваньні нападаў падчас сьвятаў, і канфіскавала ў іх прапагандысцкія матэрыялы так званай групоўкі «Ісламская дзяржава», а таксама кампутарнае абсталяваньне.

Улады Бэльгіі абвясьцілі аб павышаным узроўні пагрозы бясьпецы пасьля нападаў у Парыжы 13 лістапада. Некалькі нападнікаў жылі ў Бэльгіі.

Сарваны плян у Анкары

У сераду паліцыя Турэччыны арыштавала двух чалавек, якія падазраюцца ў прыналежнасьці да «Ісламскай дзяржавы» і якія нібыта зьбіраліся ўчыніць напады падчас сьвяткаваньняў Новага Году.

Дзяржаўнае агенцтва навінаў Anadolu паведаміла, што двое затрыманых прыбылі ў Турцыю з Сырыі і зьбіраліся ўчыніць два напады.

Падчас ператрусу ў іх былі выяўленыя паясы сьмяротнікаў.

Самападрывы двух сьмяротнікаў забралі жыцьці больш за 100 чалавек у Анкары ў кастрычніку. Турцыя абвінаваціла ў гэтым нападзе баевікоў «Ісламскай дзяржавы», аднак ніводная з груповак ня ўзяла на сябе адказнасьці за напад.

Сілы бясьпекі таксама задзейнічаны ў Стамбуле. Мясцовая прэса паведамляе, што некаторыя паліцыянты будуць апранутыя ў Санта Клаўсаў.

Без салютаў

Ялінка каля Брандэнбургскай брамы ў Бэрліне
Ялінка каля Брандэнбургскай брамы ў Бэрліне

У Парыжы на Новы Год забаронена выкарыстаньне фаервэркаў, а традыцыйныя гуляньні на Элізэйскіх палях адбудуцца пры павышаных захадах бясьпекі.

Відэапраекцыі на Трыюмфальнай арцы будуць карацейшыя, чым у папярэднія гады, а чатыры велізарныя экраны будуць усталяваны на пэўнай аддаленасьці адзін ад аднаго, каб не ствараць натоўп.

«Мы вырашылі правесьці навагоднія ўрачыстасьці без фанфараў, у больш задуменнай манеры», — сказала мэр Парыжу Ан Ідальга.

У выніку нападаў ісламістаў у лістападзе ў Парыжы было забіта 130 чалавек.

Фаервэркі будуць забароненыя і ў Бэрліне. Праход да месца сьвяткаваньня з заплечнікамі ў сталіцы Нямеччыны таксама будзе абмежаваны.

Чакаецца, што каля Брандэнбургскай брамы зьбярэцца каля мільёна чалавек.

Разам з тым міністар унутраных справаў Нямеччыны Франк Гэнкель заклікаў жыхароў і гасьцей нямецкай сталіцы не адчуваць страху і не страчваць сьвяточнага настрою.

У Лёндане больш за 3000 паліцыянтаў будуць забясьпечваць бясьпеку ў навагоднюю ноч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG