Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навапалачаніна Андрэя Гайдукова аштрафавалі на 360 тысяч за ўлёткі кампаніі «За якасную мэдыцыну»


Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Справу каардынатара аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» разьбіраў намесьнік начальніка Наваполацкага гарадзкога аддзелу міліцыі Ўладзімер Быкаў.

Паводле ягонага рашэньня, Андрэй Гайдукоў мусіць сплаціць штраф памерам дзьве базавыя велічыні, бо ён прызнаны парушальнікам адміністрацыйнага заканадаўства — часткі 2 артыкулу 21.14 «Парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў». Калі больш канкрэтна, то актывіста пакаралі за разьмяшчэньне трох улётак, якія ўтрымліваюць інфармацыю пра кампанію «За якасную мэдыцыну», ініцыяваную стваранай партыяй БХД.

Андрэй Гайдукоў паведаміў, што на яго склалі пратакол правапарушэньня, грунтуючыся на словах «грамадзянкі, якая пажадала застацца невядомай». Яна праінфармавала супрацоўнікаў міліцыі, што ўлёткі ў наваполацкіх дварах «расклейваў нейкі малады чалавек».

Да матэрыялаў справы актывіста былі прыкладзены таксама пратакол агляду «месцаў правапарушэньня» — дошак для аб’яваў, на якіх былі разьмешчаны ўлёткі, і афіцыйны ліст пра тое, што ніхто не ўзгадняў з камунальнымі службамі магчымасьць распаўсюду ўлётак «на інфармацыйных стэндах».

Таксама міліцыянты прыклалі да справы раздрукоўку артыкулу з сайту bchd. info, дзе вялося пра тое, што 21 сьнежня ў Наваполацку ў межах кампаніі «За якасную мэдыцыну» праводзіўся збор подпісаў.

Падчас разбору справы актывіст спрабаваў даведацца, якое дачыненьне збор подпісаў 21 сьнежня мае да факту зьяўленьня ўлётак 15 сьнежня, зафіксаванага неназванай грамадзянкай. Андрэй Гайдукоў абдумвае магчымасьць абскарджаньня рашэньня, прынятага сёньня намесьнікам кіраўніка міліцыі Наваполацку.

Месяц таму Гайдукоў таксама быў аштрафаваны — за тое, што 16 лістапада ён праводзіў у Наваполацку пікет, прысьвечаны зьніклым палітыкам. Суд пастанавіў прызнаць Андрэя Гайдукова вінаватым на падставе часткі 3 артыкулу 23.34 КаАП і пакараць яго штрафам памерам 45 базавых велічынь (8,1 млн рублёў). Цяпер Андрэй Гайдукоў спрабуе абскардзіць пастанову Наваполацкага суду, разгляд ягонай касацыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе прызначаны на 13 студзеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG