Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новае пакаленьне на Новы год». Прэм’ера праекту (аўдыё/відэа)


31 сьнежня ў 23.15 пачнецца онлайн трансьляцыя канцэрту «Новае пакаленьне на Новы год», які прадстаўляе тэлеканал «Белсат» у супрацы з Tuzin.fm.

Дзеля гэтага канцэрту беларускія музыкі аб’ядналіся ў дуэты, часам вельмі нечаканыя і далі жывы сьвяточны канцэрт. Большасьць песень была створаная менавіта для гэтага праекту, але будзе месца і ўжо вядомым творам у новых аранжыроўках. Канфэранс забясьпечылі вядоўцы канцэрту – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў і акторка «Свабоднага тэатру» Юлія Шаўчук, а павіншуюць гледачоў вядомыя і шанаваныя асобы.

Відэаанонс канцэрту.

Гэты праект – спроба паказаць пэўны зрэз беларускай альтэрнатыўнай сцэны.

Этна-гурт Vuraj і электронны праект CherryVata знайшлі адзін аднаго непасрэдна перад запісам канцэрту і зрабілі чароўны і магічны нумар, які нікога не пакіне абыякавым. Вакаліст «Дзецюкоў» Алесь Дзянісаў адмыслова для гэтага канцэрту напісаў цудоўную калядную песьню на верш гарадзенскага паэта Анатоля Брусевіча, а гурт «Палац» дадаў у яе сьвяточнага настрою. Упершыню працавалі разам гурт TonqiXod i Сяргей Пукст. Vinsent i Shuma таксама ўтварылі досыць нечаканы дуэт, зрабілі прыгожую Калядку ў стылі этна-рэп і атрымалі цікавы досьвед. Кранальным выйшаў дуэт Алеся Ката-Зайцава з Ганнай Хітрык, які даўно высьпяваў і якраз арганічна быў рэалізаваны пад Новы год.

Пазнаёміліся між сабою і зрабілі сумесны трэк на словы Янкі Купалы «Толькі сьнег» музыкі экстра-клясы – джазмэн Павал Аракелян і Re1ikt. Да акапэльнай песьні дуэту «Вера і Патрыцыя» далучыўся хор «Унія» у складзе 11 чалавек. Новы гіт стварыў гурт Navi. Аляксандар Памідораў з музыкамі з новага-старога гурта Trubetskoy па ўзаемнай згодзе падрыхтавалі рок-вэрсію песьні. «Цуд на Каляды» у выкананьні Паўла Булатнікава і Памідорава набыў другое дыханне, прагучаў яскрава і драйвова. Прагучыць таксама залатая клясыка беларускай музыкі «Бывайце здаровы» на словы Адама Русака і музыку Ісака Любана ў выкананьні Зьмітра Вайцюшкевіча і сьпявачкі, прызнанай сёлета «Адкрыцьцём у беларускай музыцы» – Pauline.​

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

Белсат і Tuzin.fm вядуць онлайн трансьляцыю канцэрту ў ноч з 31 сьнежня на 1 студзеня. Канцэрт можна паглядзець на самім тэлеканале і яго сайце. Пачатак этэру ў 23.15 (па беларускім часе).

Паводле tuzin.fm

XS
SM
MD
LG