Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Косінца, Кабякова і Макея адмыслоўцы просяць «прыняць захады супроць дэстабілізацыі працы» тэлекамунікацый


Тэлекамунікацыйны галіновы саюз (ТГС), які аб’ядноўвае каля 100 юрыдычных асоб і прадпрымальнікаў, што працуюць ў сфэры тэлевізійных камунікацый, зьвярнуўся з адкрытым лістом у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Адмыслоўцы папярэджваюць пра нэгатыўныя наступствы падпісаньня ўказу пра стварэньне ў Беларусі адзінага распаўсюдніка замежных мэдый, найперш тэлеканалаў.

«Міжнародная і эўрапейская супольнасьць з улікам міжнароднага заканадаўства ўспрыме стварэньне падобнай структуры як абмежаваньне свабоды слова і інфармацыі на тэрыторыі нашай дзяржавы, што прывядзе да пагаршэньня іміджу краіны, умоў (магчымасьцяў) прадастаўленьня міжнароднага крэдытаваньня і эканамічнага супрацоўніцтва», — цытуе зварот ТГС у адміністрацыю Лукашэнкі БелаПАН.

У тым ліку аўтары звароту ўказваюць на будучыя праблемы ў працы тэлекамунікацыйнай галіны і просяць кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Косінца, старшыню ўраду Андрэя Кабякова і міністра замежных спраў Уладзімера Макея «прыняць захады па недапушчэньні дэстабілізацыі працы прадпрыемстваў» галіны.

ТГС мяркуе, што зь перадачай адзінаму дзяржаўнаму дыстрыбутару правоў на распаўсюд у Беларусі замежных СМІ падымуцца выплаты за трансьляцыю тэлеканалаў, закрыюцца некаторыя кабэльныя апэратары, а шэраг папулярных тэлеканалаў сыдзе зь беларускага рынку.

Гэты прагноз адмыслоўцаў найперш тычыцца замежных «брэндавых каналаў» зь сетак Discovery, Eurosport, Fox, National Geographic, Sony, Viasat, Universal і іншых. «Іх правілы забараняюць дзяржаўным і афіляваным зь дзяржавай кампаніям прадстаўляць іх інтарэсы, а таксама забараняюць працаваць з кампаніямі, што прадстаўляюць інтарэсы прамых канкурэнтаў. Розныя сеткі, што маюць, напрыклад, каналы пра прыроду, ня стануць адначасова супрацоўнічаць з адным дыстрыб’ютарам, каб не раскрываць камэрцыйныя таямніцы», — мяркуе старшыня праўленьня Тэлекамунікацыйнага галіновага саюзу Алена Клюйкова.

XS
SM
MD
LG