Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як на Новы год зьесьці менш, а атрымаць задавальненьня больш


Сьвяточныя дні традыцыйна спалучаныя з доўгімі застольлямі. Яны завяршаюцца прыбаўленьнем вагі, дрэнным самаадчуваньнем і пачуцьцём віны. Знаёма? Тады мае 12 парадаў — для вас.

1. Добра пасьнедайце

Ня марыце сябе голадам на працягу дня ў прадчуваньні сьвяточнай вячэры. Пачніце свой дзень з правільнага, пажыўнага сьняданку. Сьняданак, багаты на бялок і комплексныя вугляводы будзе спрыяць таму, што вы не накінецеся на сьвяточную вячэру з воўчым апэтытам. Калі вы плянуеце ўжываць алькаголь, то не разумна рабіць гэта на пусты страўнік — наступствы будуць (яшчэ больш) сумныя.

2. Піце да і падчас сьвяточнай трапэзы газаваную мінэральную ваду

Газы напаўняюць страўнік і прыбіваюць апэтыт.

3. Надзеньце прыталеную сукенку або цеснаватыя штаны

Убор, у якім непазьбежна будзе бачны круглы жывот, папросту можа дапамагчы вам быць больш дысцыплінаваным за сталом!

4. Ня бойцеся адыйсьці ад традыцыі

Паспрабуйце новыя карысныя рэцэпты для сьвяточнага стала. Нашы «традыцыйныя» сьвяточныя стравы, накшталт селядца пад шубай або салаты Аліўе, зьяўляюцца калярыйнымі бомбамі. Але выдумляліся яны ў часы, калі зімой не было ні сьвежых агуркоў, ні перцаў, ні шмат чаго іншага. Экспэрымэнтуйце!

5. Здаровая ежа павінны выглядаць найбольш апэтытна

Прыгожую страву хутчэй хочацца пакаштаваць, чым неапэтытную. Зрабіце вашы карысныя стравы прыгожымі. Тут дапаможа так званы кухонны пярсьцёнак. Гэта мэталічны абадок, які вы ставіце на талерку і выкладваеце ў яго страву. Кальцо затым здымаецца — і, бах, перад вамі кулінарны шэдэўр. Калі колцаў такіх пад рукой няма, то могуць дапамагчы і дзіцячыя формачкі для пясочніцы ў выглядзе геамэтрычных фігурак або ў выглядзе сэрца або кветачкі. Проста запоўніце такую формачку ежай і перавярніце яе на талерку. Ядомыя кветкі, сьвежыя ягады фізалісу, рознакаляровыя семкі і густы бальзамічны воцат таксама дапамогуць вам зрабіць вашу страву апэтытнай.

6. Не бярыце дабаўкі

Пакаштуйце ўсё, што вам хочацца. Аднак лішні раз падумайце, ці сапраўды вам хочацца дабаўкі, або ваша рука машынальна пацягнулася па чарговую порцыю.

7. Ешце сьвядома

Есьці павольна і сьвядома трэба заўсёды. Часта мы і не заўважаем, як нешта зьелі. Асабліва, калі справа адбываецца за ажыўленай гутаркай або шклянкай віна. Гэтая ж парада датычыць дэсэртаў — бярыце маленькую порцыю, але смакуйце з задавальненьнем.

8. Будзьце асьцярожныя з алькаголем

Ведаю, што гэтую рэкамэндацыю шмат каму зусім ня проста выканаць, асабліва ў застольны вечар. Проста майце на ўвазе, што алькаголь вельмі калярыйны. Напрыклад, адна бутэлька віна ўтрымлівае прыкладна 700 калёрый. Гэта параўнальна па колькасьці энэргіі з вельмі сытнай вячэрай. Адзін маленькі джын-тонік або гарэлка-кола (барная порцыя, ня хатняя, хатняя ўтрымлівае яшчэ больш!) ўтрымлівае прыкладна 120 калёрый. Грам алькаголю ўтрымлівае 7 калёрый, таму чым вышэй крэпасьць, тым больш калёрый.

9. Ня будзьце да сябе занадта строгія

Есьці штосьці «забароненае» і пры гэтым мучыцца пачуцьцём віны — няправільныя эмацыйныя паводзіны. Любіце сябе і дазваляйце сябе прыемнае. Гэта тычыцца ня толькі ежы, але і астатніх аспэктаў жыцьця.

10. Сканцэнтруйцеся на вашых родных і блізкіх

Сьвята — гэта перш за ўсё не застольле, а сустрэча з сям’ёй і сябрамі. Не забывайце пра гэта! Моманты эмацыйнай блізасьці будуць яшчэ доўга рабіць вас шчасьлівымі. Лішнія сантымэтры тлушчу на бёдрах ці жываце — не.

11. Рухайцеся

У дні да і пасьля застольля не валяйцеся на канапе, а актыўна рухайцеся. Гэта дапаможа вам выдаткаваць лішнія калёрыі, а таксама хутчэй прыйсьці ў сябе пасьля пераяданьня і лішку алькаголю.

12. Пераяданьне і перапой адпрацуйце

Калі адчуваеце, што ўчора перабралі, то сёньня налягайце на гародніну і садавіну і ўвогуле лёгкую ежу. Калі шмат выпілі алькаголю, то абавязкова піце шмат вады, каб дапамагчы вашаму арганізму хутчэй пазбавіцца ад таксынаў.

XS
SM
MD
LG