Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Максімюк – журналіст, трохі перакладчык, трохі эсэіст. Нарадзіўся ў 1958 у вёсцы Ляхí на Падляшшы. Закончыў фізычны факультэт Варшаўскага Ўнівэрсытэту. Працаваў школьным настаўнікам, журналістам беластоцкай «Нівы», перакладчыкам пры амбасадзе ЗША ў Варшаве. Ад 1998 на Радыё Свабода ў Празе.

Выдаў кнігу пра гісторыю беларускай эміграцыі «Беларуская Гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945-1950» (Беласток-Нью-Ёрк 1994); зборнік эсэ «Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х у снах, успамінах і фотаздымках» (Менск 2011); «нарматыўны лемантар» падляскай мовы «Čom ne po-svojomu?» (Беласток 2014).

Перакладаў на беларускую мову Т. Вэсаса, Б. Грабала, Дж. Джойса, П. Мадыяно, Г. Норбрандта, У. Фолкнэра і іншых; на польскую В. Акудовіча, У. Арлова, І. Бабкова, В. Быкава, А. Глобуса, А. Разанава, А. Хадановіча і іншых; на падляскую Дз. Буцаці, Т. Вэсаса, А. Ліндгрэн, Ф.Г. Лорку, Г.Г. Маркеса, Э. Штрытматара і іншых.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Ідэальны – такі чытач, які возьме маю кніжку і прачытае яе да канца, час ад часу прыгаворваючы: Бляха-муха, усё ж няблага напісана! ;-) Сам залічваю сябе да «нішавых» аўтараў, якія спрабуюць пісаць (перакладаць) для канкрэтнай, «мэтавай» аўдыторыі: эсэ і пераклады на беларускую – для «адраджэнскіх пакаленьняў», якія высьпявалі ў 1980-х і 1990-х; усё падляскамоўнае – для тых маіх землякоў, якія яшчэ ў змозе чытаць па-свойму.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Журналісцкія нагрузкі дазваляюць пісаць і перакладаць тое, што сам сабе запляную, адно ў выходныя. То бок я такі «нядзельны пісацель». Найлепш мне пішацца/перакладаецца з слухаўкамі на вушах дома ў сутарэньні, дзе я абсталяваў сабе бібліятэку зь дзьвюма сотнямі слоўнікаў і дзьвюма тысячамі музычных дыскаў.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Такіх кнігаў на працягу майго 50-гадовага чытацкага досьведу назьбіралася некалькі дзясяткаў. Назаву толькі адзін зь іх: Сяргей Міхалкоў «Дядя Стёпа/Дядя Стёпа милиционер»; Марк Твэн «Прыгоды Тома Соера/Прыгоды Гаклбэры Фіна»; Кнут Гамсун «Голад»; Уільям Фолкнэр «Гоман і ятра»; Адольфа Біёй Касарэс «Вынаходзтва Марэля»; Патрык Уайт «Фос»; Гюнтэр Грас «Кот і мыш»; Гайміта фон Додэрэр «Слуньскія вадаспады»; Багуміл Грабал «Падстрыжыны»; Габрыэль Гарсія Маркес «Каханьне падчас халеры»...

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Гадоў 30 таму знаходзіў шмат падобнага да сябе ў вобразе Стывэна Дэдала з «Уліса» Дж. Джойса; цяпер я, хутчэй за ўсё, Леапольд Блюм з гэтай кнігі.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Вячаслаў Адамчык, Тар’ей Вэсас, Багуміл Грабал, Джэймс Джойс, Гайміта фон Додэрэр, Патрык Мадыяно, Робэрт Музіль, Генрык Нордбрандт, Іван Пташнікаў, Люі-Фэрдынанд Сэлін, Патрык Уайт, Эрвін Штрытматар...

6. Што вы цяпер чытаеце?

Цяпер на маім начным століку ляжыць такі стос: Альгерд Бахарэвіч «Белая муха, забойца мужчын»; Adolfo Bioy Casares «Historias fantásticas»; Andrzej Kuśniewicz «Stan nieważkości»; John Le Carre «A Most Wanted Man»; John Lechte «Fifty Key Contemporary Thinkers. From Structuralism to Post-Humanism»; Teodor Parnicki «Historia w literaturę przekuwana»; Claudio Rendina «Příběhy papežů. Dějiny a tajemství»; Max Weber «The Protestant Ethic and the Spirit of Capitalism».

7. На якіх замежных мовах (польская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Расейская, украінская, чэская, славацкая, ангельская, нямецкая, француская; са слоўнікам даюцца яшчэ чытаць дацкая, нарвэская, швэдзкая, італьянская, гішпанская і нават харвацкая.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Зборнік эсэ «Словы ў голым полі».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

1000-старонкавы зборнік эсэ пра ўлюбёных пісьменьнікаў і лінгвістычна-эратычны раман пра Падляшша.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Свабоду цяпер адчуваю выключна як усьвядомленую неабходнасьць займацца сваім. Гэткае пачуцьцё даймае мяне асабліва моцна, калі супадаюць у часе мой адпачынак ад журналісцкага занятку і выезд жонкі з дачкою на Падляшша. Тады застаюся дома з сабакам і катом ды магу засесьці ў сваім сутарэньні пры кампутары і свабодна пісаць/перакладаць тое, што сабе заплянаваў.

На гэтым праект «Літанкета Свабоды» заканчваем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG