Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша грамадзтва хоча перамен, але ня хоча нічога дзеля гэтага рабіць» — апытаньне ў Горадні


Чым для вас асабіста запомніўся адыходзячы год? Як вы лічыце, ці сасьпела большасьць беларускага грамадзтва да зьменаў, ці яму даспадобы цяперашняя стабільнасьць? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Малады хлопец: «Эканамічны крызіс. Бо, паводле асабістага адчуваньня, вельмі цяжкі год. Але былі і прыемныя рэчы, да прыкладу, тое, што Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію. Асабіста чытаў яе творы, і таму вельмі прыемна. Што датычыць грамадзтва, то ёсьць частка людзей, якія гатовыя і патрабуюць зьменаў, але большасьць жыве сёньняшнім днём. У маім разуменьні дэмакратыя будуецца зьнізу і, на жаль, не гатовыя мы да гэтае дэмакратыі».

Мужчына пэнсійнага веку: «Крызіс. Асабліва цяжка моладзі і пэнсіянэрам. Калі не адчай, то пэсымізм вялікі ад гэтага году: цяжка жыць, многіх пазвальнялі, скарацілі, у людзей твары напружаныя, аптымізму зусім няма. Тым ня менш, беларускі народ памяркоўны, ня пойдзе ён на Майдан і на барыкады і церпіць зьдзекі зь сябе, і баіцца...».

Мужчына сярэдняга веку: «Добрага нічога не было, скарацілі, цяжка было знайсьці працу. Мне здаецца, людзям усё ж падабаецца так жыць, як яны жывуць, чым рабіць нейкія зьмены. Ніхто ня хоча ніякіх перамен, і ніхто ня верыць ні ў якія перамены...».

Маладая жанчына: «Сядзела амаль увесь год бяз працы, вось толькі нядаўна ўладкавалася — вельмі цяжка было. Я думаю, што грамадзтва не гатовае да зьменаў, бо прывыклі жыць так, як жывуць. Напэўна, ужо зьмірыліся з тым, што ўжо нічога ня зьменіцца».

Cтудэнтка: «Былі выбары прэзыдэнта, мы галасавалі першы раз, абралі Аляксандра Рыгоравіча».

Карэспандэнт: «Вам гэта спадабалася?»

Cтудэнтка: «Каму як, а я пакуль ня ведаю. Трэба нейкія зьмены ўводзіць, трэба падштурхоўваць яго нейкімі падзеямі, бо само яно нічога рабіцца ня будзе».

Ейная сяброўка: «Я таксама лічу, што грамадзтва само ня пойдзе на зьмены, яго трэба падрыхтаваць. Усе цяжка прызвычайваюцца да нечага новага».

Cтудэнт: «Паступіў, дамогся сваёй мэты, стаў студэнтам. Мне здаецца, грамадзтва хоча пераменаў, але ня хоча нічога рабіць дзеля гэтага. Так што, мне здаецца, што ўсё застанецца па-ранейшаму».

XS
SM
MD
LG