Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё падзешавее ў дзесяць тысяч разоў! Запалкі зноў будуць за капейкі. З жалезнымі дзяньгамі вас, таварышы!

Сьвяточнае віншаваньне народу

З Новым годам, народ! Навокал робіцца чорт знае што, а ты маладзец, не ўпадаеш у прастрацыі і амбіцыі. Ты адзін умееш аддзяліць каласы ад пустазельля. Але не зазнавайся, памятай: галоўнае, каб не было вайны. А сваю «Вайну і мір» нам напішуць пісьменьнікі, у нас год культуры наступае. Мы такі «Славянскі базар» пакажам, што ніхто ня бачыў! Няхай зайздросьцяць.

Абяцаю табе новыя грошы ў новым годзе. Хоць маленькія, але зручныя, амаль як даляры. І прыгожыя як эўра. Як нас вучыў Ленін: лепш менш, але лепш. І ня ўсё золата, што блішчыць. Толькі капейку на зуб не спрабуй. Яна рубель беражэ, не забывайся народную мудрасьць.

Усё падзешавее ў дзесяць тысяч разоў! Была сорак пяць тысяч бутэлька, стане толькі чатыры пяцьдзясят. Хоць скачы гапака! Як у старыя добрыя савецкія часы. Калі ўсё ў нас было на вышэйшым узроўні. Калі ўсе нас баяліся і зайздросьцілі. Ты ў мяне спытаеш: як так? І я табе адкажу: а вось так! Ня лезь наперад за бацьку. І ўсё будзе харашо.

І памятай: ня ў грошах шчасьце. І ня ў іх лічбе. А каб свае былі, родныя. На чужыя не зважай.

Пяцьсот даляраў больш ня трэба. Баста. Нагуляліся ў нулі. Гэта вам не пясочніца. Цяпер трэба, каб пяцьсот рублёў было, але сваіх, родных. Нам чужога ня трэба, але й свайго не аддамо. Пойдзем у зямлянкі, калі што, са зброяй у руках адстойваць свой праспэкт Незалежнасьці. Але пакуль жыві ды радуйся.

Толькі Хрыстом-богам прашу: не жары нанач бульбу зь мясам, ня бегай вечна па абменьніках. Ты ў мяне спытаеш: як абысьціся без валютнай панікі тады? І я табе адкажу. Рэцэпт просты: нічога не мяняць. Слова даю: ты ў мяне не пашкадуеш.

Напрамілы бог цябе прашу не зьбірацца на плошчы і не маўчаць. Гэта перасьледуецца законам. Хочаш гаварыць, хочаш крытыкаваць? Гавары на кухні. У новым годзе з так званымі правамі чалавека нічога не памяняецца. Будзь спакойны. Правы чалавека — гэта каб было дзе працаваць і дзе спаць. Каб было што надзець і што зьесьці. Усё астатняе — ад нячысьціка, гаварыльня.

Не забывай, народ, што зьвяры памятаюць норы свае, рыбы — любімыя віры, пчолы трымаюцца вульляў родных, так і чалавек бароніць сваю радзімую старонку, як птушкі гнёзды.

Таварыш Калінін, каторы стаіць у нас высока і глядзіць у парк Чалюскінцаў, некалі павіншаваў па радыёкропцы свой савецкі народ, байцоў, камандзіраў і палітработнікаў, партызан і партызанак. Сказаўшы: «А з выпадку наступленьня Новага году дазвольце прадставіць вам кароткі вынік вайны».

А я вам прадстаўлю кароткі вынік міру. Гэта галоўнае, што мы маем: мірнае неба над галавой. Буслоў у блакіце. Камбайны на палетках. І зуброў як сланоў у Афрыцы. Магу цябе парадаваць: у Чырвонай кнізе яны больш не патрэбны, больш нічога не пагражае. Ня вымруць!

Дзякую табе, народ-будаўнік, за АЭС. Не за гарызонтам час, калі мы з табой зможам запаліць мільёны навагодніх ёлак па ўсёй плянэце, якая ў нас на ўсякі выпадак у нашым гербе.

Людзі харошыя мае! Шукайце і знойдзеце. Працуйце і атрымаеце. Не судзіце і несудзімыя будзеце. Цішэ едзеш, дальшэ будзеш. Ныне і прысна і ва векі вякоў, як любіць гаварыць бацюшка.

Ня слухайце языкоў зламысных, навучайцеся вылушчваць зёрны з асьцюкоў, каб хлябы нашы ня трацілі пажыўнасьці і наеднасьці. Каб быў хлеб і да хлеба.

А грошы нас чакаюць жалезныя з нулямі скасаванымі лішнімі. Ніякага паветра, толькі мяса, зьмест. Так што з Новым годам цябе, народ, з новым шчасьцем! Усё ў нас будзе ў шакаладзе. За мной не заржавее.

А зараз можна наліваць і чокацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG