Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскае войска адмовілася ад робатаў-мулаў


Тэставаньне робатаў-насільшчыкаў, 2013 год

Тэставаньне робатаў-насільшчыкаў, 2013 год

Амэрыканскае войска адмовілася ад праекту «Нагастай сыстэмы падтрымкі атраду» альбо LS3, робатаў-насільшчыкаў на чатырох «нагах», што вырабляліся супольна дасьледчыкамі Warfighting Lab, пэнтагонаўскім агенцтвам DARPA і кампаніяй Boston Dynamics, якой валодае Google. Пра гэта паведамляе Military.com са спасылкай на афіцыйных асобаў Warfighting Lab.

Пасьля палявых выпрабаваньняў робата-мула, як называюць LS3, Штаты больш ня маюць намеру разьвіваць праект, на які раней выдаткавалі 10 млн даляраў. Як кажа адзін з распрацоўшчыкаў, кіраўнік падразьдзяленьня Warfighting Lab капітан Джэймс Пінэйра, экспэрымэнты выявілі крытычныя недахопы прататыпу.

Робат-мул аказаўся занадта шумным, гэта значыць, ён можа выдаць пазыцыю салдат, якіх мае падтрымліваць. Бэнзінавы рухавік робата, нягледзячы на розныя спробы зрабіць яго бясшумным, усё роўна гудзе як звычайны бэнзінавы рухавік. Праз шум робат ня можа ўспрымаць галасавыя каманды, таму трымаецца за чалавекам па трэкеры, які салдат носіць на назе. Акрамя таго, робат выявіўся недастаткова надзейным, а яго рамонт у палявых умовах занадта праблематычны.

Праблема шуму была вырашаная ў іншай мадэлі, значна меншым робаце Spot. Але калі мул LS3 можа несьці 180 кг, то Spot — у 10 раз меней. Да таго ж, Spot не аўтаномны, яго рух мусіць дыстанцыйна кантралявацца чалавекам. Экспэрымэнты зь ім таксама спыненыя, хоць Пінэйра бачыць у робаце патэнцыял для наземнай выведкі.

Амэрыканскія вайскоўцы тым ня меней працягваюць экспэрымэнты з дронамі (бесьпілётнымі лятучымі робатамі) і, магчыма, працягнуць экспэрымэнты зь іншымі наземнымі робатамі пры ўмове заключэньня новых кантрактаў.

Boston Dynamics жа працягвае распрацоўкі падобных да LS3 чатырохногіх робатаў BigDog, LittleDog, WildCat і Cheetah, чалавекападобных Atlas і Petman, здольных хадзіць па сьценах шасьціногіх «тараканаў» RiSE і іншых робатаў. Так, з Калядамі ад Boston Dynamics усіх павіншавала дасьледчыца на санях, у якіх былі запрэжаныя робаты Spot.

XS
SM
MD
LG