Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У амбасадзе Ўкраіны выстаўленыя старажытныя ручнікі — украінскія і беларускія


У амбасадзе Ўкраіны ў Беларусі адкрылася выстава старадаўніх ручнікоў і народных строяў з прыватнай калекцыі Галіны Безбародзькі, а таксама фотавыстава Міколы Ліньніка пра жыцьцё ўкраінцаў у Беларусі.

Гэтай імпрэзай украінская амбасада ў Менску разам зь Міністэрствам замежных спраў Украіны распачынае сэрыю праектаў у межах «культурнай дыпляматыі».

Часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валерый Джыгун у сваім вітальным слове адзначыў, што ручнік для ўкраінцаў, як і для беларусаў, мае асаблівы, сакральны сэнс.

Валерый Джыгун

Валерый Джыгун

«Гэта духоўны скарб народа. Кожны арнамэнт, карункі, кожны сьцяжок, тое, якімі ніткамі ён вышываўся, мае свой сэнс.

Ручніком сустракалі немаўля, калі яно нараджалася, ручнікі суправаджалі чалавека ўсё ягонае жыцьцё. Ручнік абавязкова дарыўся чалавеку ў дальнюю дарогу. На гэтую тэму пяецца ў вядомай украінскай песьні на верш Андрэя Малышкі, музыка Платона Майбарады:

Рідна мати моя, ти ночей не доспала,
Ти водила мене у поля край села,
І в дорогу далеку ти мене на зорі проводжала,
І рушник вишиваний на щастя дала...

Украінка паводле паходжаньня, заслужаны работнік культуры Беларусі Галіна Безбародзька некалі выйшла замуж за вайскоўца-беларуса, шмат паезьдзіла па Савецкім саюзе. Даўно ўжо жыве ў Беларусі. Ручнікі, сурвэткі, народныя строі зьбірае зь дзяцінства. Зараз у яе калекцыі каля 1000 экспанатаў. Каб разьмясьціць гэта багацьце, на сваім дачным участку сям’я Безбародзькаў пабудавала сапраўдную ўкраінскую мазанку. Прычым, будавалі талакой, далучылася шмат сяброў, і ў гэтай мазанцы цяпер разьмясьціўся музэй, распавяла Галіна Безбародзька:

Галіна Безбародзька

Галіна Безбародзька

„Я сказала свайму чалавеку: Володымір, мая душа засталася ва Ўкраіне. Або я паеду на радзіму, альбо я зраблю куточак Ўкраіны ў Беларусі“, — „Рабі, што хочаш, толькі заставайся тут“.

Будавалі, мазалі ўсё сваім рукамі, прыходзілі сябры сям’ямі. Так што, у гэтай мазанцы столькі цяпла рук і душ!»

А ручнікі і строі сабраныя з усёй Украіны. Людзі аддавалі самае дарагое — сарочку, ручнік, сатканыя і вышытыя самымі блізкімі людзьмі.

Некаторым экспанатам па 200 гадоў. Есьць народны строй, у якім маладая ўкраінка выходзіла замуж у 1904 годзе.

Ёсьць ручнікі, сатканыя і вышытыя ў 1932-33 годзе — падчас Галадамору ў Чаркаскай вобласьці. Жанчына вышывала ручнікі, каб не памерці. Яна выжыла, і ў 1935 годзе нарадзіла дачку — Валянціну Ляшко, якая і перадала ўнікальныя ручнікі ў музэй Галіны Безбародзькі. Ёсьць ручнікі-абярэгі. Некалькі ручнікоў сатканыя не з традыцыйнага ільну, а з канопляў.

На выставе ёсьць і шмат беларускіх ручнікоў — з Маладзечанскага раёну, з Магілёўскай вобласьці, са Століншчыны.

У самім музэі Галіны Безбародзькі сабраныя і ўсе старажытныя прылады для ткацтва і вышыўкі. У амбасаду яны б не зьмясьціліся. Усё гэта можна пабачыць на фотавыставе, якую падрыхтаваў беларускі фотамастак Мікола Ліньнік.

Зараз Галіна Безбародзька стварае каталёг усіх сваіх каштоўных экспанатаў — пазначае, зь якой яны мясцовасьці, хто майстар, якія выкарыстаныя матэрыялы, што азначаюць арнамэнты, карункі.

Галіна Безбародзька

Галіна Безбародзька

XS
SM
MD
LG