Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навагодні падарунак ад Дэпартамэнту аховы: тарыфы заднім чыслом павысілі на 40%


Замест віншаваньняў з Новым годам уладальнікі жытла ў Менску атрымалі лісты пра новы тарыф, які пачаў дзейнічаць зь 1 сьнежня 2015 году.

Адразу на 40% павялічылі свае паслугі па ахове кватэр, прыватных дамоў і забудоў супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы МУС РБ.

Пра гэта кіраўніцтва раённых аддзелаў Дэпартамэнту паведаміла карыстальнікаў паслуг па ахове ў адмысловым лісьце, разасланым напярэдадні Новага году. Замест віншаваньняў — зьвесткі пра новы тарыф, які пачаў дзейнічаць ужо зь 1 сьнежня 2015 году. Ахоўнікі спасылаюцца на ўказ, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам.

«Штомесячная цана ахоўных паслуг для фізычных асоб незалежна ад тэхналёгіі падключэньня (правадная сувязь, GPS, GPON, радыёканальная) на падставе ўказу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 2015 году № 355 і па ўзгадненьні зь міністэрствам эканомікі Рэспублікі зь 1 сьнежня 2015 году складае 70 000 рублёў», — паведамляе Дэпартамэнт аховы МУС.

Ранейшы тарыф складаў 50 тысяч рублёў — падскочыў адразу на 40%. Чаму такі вялікі рост, і чаму людзей не папярэдзілі загадзя, а паставілі перад фактам ужо пасьля павялічэньня тарыфу?

«Тарыфы былі ўзгодненыя, як трэба. Проста людзі атрымалі паведамленьне крыху пазьней, гэтак атрымалася з тэхнічных прычын. Што да таго, чаму тарыф павялічыўся адразу на 40%, пазваніце наконт гэтага пасьля абеду», — адказала карэспандэнту Свабоды начальнік аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Дэпартамэнту аховы МУС Анжаліка Выджак-Таргоня. Між тым, у другой палове дня да спадарыні Выджак-Таргоні дазваніцца не атрымалася, тэлефон быў заняты ці не адказваў.

Папярэдняе павялічэньне тарыфу на ахову кватэр адбылося 1 ліпеня 2013 году. Тады тарыф скокнуў з 35 да 50 тысяч рублёў, крыху больш як на 40%. Атрымліваецца, што меней як за 2,5 гады цана на ахову жытла ў Беларусі падаражэла ўдвая.

Больш за 137 тысяч беларусаў карыстаюцца паслугамі Дэпартамэнту аховы МУС па ахове прыватных кватэр і дамоў. За год ад павялічэньня тарыфу ўстанова дадаткова атрымае на свой рахунак больш за 3,3 мільярды рублёў.

XS
SM
MD
LG