Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як напісаў калісьці расейскі паэт Яўген Еўтушэнка, «паэт у Расеі большы, чым паэт». А ў Беларусі? А адзначаны найвышэйшай ў сьвеце літаратурнай узнагародай? Зь іншага боку, здаецца, ужо ва ўсім сьвеце прайшлі тыя часы, калі літаратары былі ўладарамі думак, па ўплыву параўнальнымі з ўладарамі дзяржаваў.

Так, Нобэль Алексіевіч выклікаў шчырую і бурную радасьць. Але публічна выказвалі яе не мільёны і нават ня сотні тысяч. А як да гэтай падзеі паставіліся мільёны?

Пытаньне аб адносінах да Нобэлеўскай прэміі, атрыманай іх суайчыньніцай, задавалася рэспандэнтам падчас сьнежаньскага 2015 году апытаньня НІСЭПД. На закрытае пытаньне, у які прапаноўваліся тры варыянты адказу, адказы разьмеркаваліся наступным чынам: «Гэта прадмет гонару для беларусаў, сусьветнае прызнаньне таленту С. Алексіевіч» — 57%, «Гэта нязначная зьява, адна замежная прэмія сярод іншых» — 20%, «гэта спроба Захаду нашкодзіць Беларусі і Расеі» — 10%, ухіліліся ад адказу — 13%.

57% ад усяго дарослага насельніцтва — гэта не супольнасьць у Фэйсбуку «Сьвяткуем Нобэля разам», ня вузкае кола аматараў прыгожага пісьменства, гэта без малога 4 мільёны беларусаў.

Праўда, калі гаворка заходзіць пра такія масавыя праявы эмоцый, заўсёды можна спытаць, а ці ведаюць людзі што-небудзь аб прадмеце свайго гонару. Мае месца такая рэч, як нацыянальная салідарнасьць. Беларусы — гістарычна наогул нацыя не занадта расьпешчаная перамогамі, а тут перамога. Вось Дар’я Домрачава хутчэй за іншых бегала на лыжах, дакладней за іншых страляла, і перамагла. Ура! Наша перамагла. Алексіевіч пісала пісала і прэмію атрымала. Ура! Наша перамагла. А што яна там пісала...

Дадзеных па Беларусі ня бачыў, па Расеі Левада-цэнтар пасьля паведамленьня аб узнагароджаньні Алексіевіч прэміяй правёў апытаньне і высьветліў, што прыкладна дзьве траціны расейцаў наогул нічога ня ведаюць пра беларускую пісьменьніцу, а яшчэ 17% чулі пра яе, але не чыталі яе кніг. Прама экстрапаляваць вынік на Беларусь складана

дзьве траціны расейцаў наогул нічога ня ведаюць пра беларускую пісьменьніцу, а яшчэ 17% чулі пра яе, але не чыталі яе кніг

з прычыны рознаскіраваных «але». З аднаго боку, пісьменьніца ўсё ж беларуская, свае пра сваіх ведаюць больш. Зь іншага боку, ужо шмат гадоў Алексіевіч наогул не выдаюць у Беларусі, затое выдаюць у Расеі, беларускаму чытачу яе кнігі трапляюць або з Расеі або празь Інтэрнэт. З трэцяга боку, Расея вялікая і з таго, што яе выдаюць у Маскве, не вынікае, што яе кнігі ёсьць дзе-небудзь у вёсцы пад Чалябінскам.

Але можна і экстрапаляваць і прызнаць, што для многіх беларусаў і беларусак гонар за Нобэля Алексіевіч — гэта проста гонар за посьпех суайчыньніцы. Аднак растлумачыць усё толькі гэтым мэханізмам не дазваляюць некаторыя асаблівасьці сытуацыі.

Пра Домрачаву расейскія СМІ не пісалі, што яна русофобка, ды і не спартоўка на самай справе, а мэдалі ёй далі, каб насаліць Пуціну. А пра Алексіевіч пісалі. І вуснамі сваіх прапагандыстаў, і вуснамі сваіх далёка не апошніх пісьменьнікаў — З. Прылепіна, Э. Лімонава, Т. Талстой. Ну вядома, з кампаніяй цкаваньня, якая разгарнулася пасьля Нобэля Пастэрнака і Салжаніцына, не параўнаць, але падобныя галасы ў Расеі гучалі, бадай, гучней, чым супрацьлеглыя меркаваньні. Але на ацэнкі беларусаў маскоўскае «фэ» ніяк не паўплывала.

Варта таксама прыгадаць шчырую публічную радасьць прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі з нагоды перамогаў Домрачавай. У дачыненьні да ляўрэаткі ён быў, мякка кажучы, значна больш стрыманы, рэакцыя вар’іравалася ад добразычлівай канстатацыі факту атрыманьня прэміі да заўвагі ў адрас ляўрэаткі, што не да твару ёй паліваць брудам сваю Бацькаўшчыну. А меркаваньне прэзыдэнта для многіх беларусаў нешта і нават многае значыць. Для многіх. Значыць. А тут не спрацавала.

Калі паглядзець на спрэчкі, якія вяліся ў Байнэце вакол ўзнагароджаньня Алексіевіч, то ў іх галоўнай лініяй палярызацыі была чыста палітычная. Была і яшчэ адна, так бы мовіць, з нагоды нацыянальнай ідэнтычнасьці, але мэйнстрымам было — ты за белых ці за чырвоных, груба кажучы

Калі паглядзець на спрэчкі, якія вяліся ў Байнэце вакол ўзнагароджаньня Алексіевіч, то ў іх галоўнай лініяй палярызацыі была чыста палітычная. Была і яшчэ адна, так бы мовіць, з нагоды нацыянальнай ідэнтычнасьці, але мэйнстрымам было — ты за белых ці за чырвоных, груба кажучы. Аўтар пэнталёгіі аб «чырвоным чалавеку» — яна як бы супраць «чырвоных», ну і пайшла сеча паміж «белымі» і «чырвонымі», паміж тымі, хто за Захад, і тымі, хто за Расею.

Між тым, на шчасьце, Байнэт — гэта ня ўся Беларусь. І ня толькі ў тым сэнсе, што ўся значна больш, а і ў тым, што ўся яна ўладкаваная інакш, яна думае і ацэньвае інакш, чым насельнікі Байнэту.

Гэта пацьвярджаюць нават ужо сацыяльна-дэмаграфічныя парамэтры групы тых, хто выказаў гонар прэміяй Алексіевіч, адказваючы на пытаньне НІСЭПД. Тое, што жанчыны ганарацца прэміяй больш (63%), чым мужчыны (50%), зразумела — ня толькі ж суайчыньніца перамагла, але і свая сястра-жанчына. А вось з узростам — ужо менш зразумела. Самы высокі адсотак тых, хто ганарыцца Нобэлем Алексіевіч — сярод старых, 60 гадоў і старэй, самы нізкі (53%) — сярод моладзі (18-29 гадоў). Дык старыя — гэта як бы той самы «чырвоны чалавек» і ёсьць. Ну вось неяк так. Для кагосьці зь іх яна, магчыма, савецкі пісьменьнік, пісьменьнік іх юнацтва. Хай нават і антысавецкі, але савецкі. А можа ўмудроныя і бітыя жыцьцём людзі проста лепш здольныя зразумець страшныя кнігі Алексіевіч.

Яшчэ адзін парадокс — сувязь з адукацыяй. Найвышэйшая ступень гонару — сярод рэспандэнтаў з пачатковай адукацыяй (61%) і з вышэйшай адукацыяй (63%). Апынуліся разам самыя простыя і самыя няпростыя, так бы мовіць. Простыя недастаткова адукаваныя, каб прымаць у разьлік нападкі на пісьменьніцу, уладальнікі унівэрсытэцкіх дыплёмаў досыць адукаваныя, каб крытычна ставіцца да гэтых нападак.

Яшчэ адзін парадокс — сувязь з адукацыяй. Найвышэйшая ступень гонару — сярод рэспандэнтаў з пачатковай адукацыяй (61%) і з вышэйшай адукацыяй (63%)

Ну а пры вывучэньні залежнасьці адносінаў да Нобэля Алексіевіч ад палітычных установак парадоксы робяцца яшчэ больш дзіўнымі. Вы за інтэграцыю з Расеяй ці з Эўразьвязам? З тых беларусаў, хто за Расею — ганарацца прэміяй Алексіевіч 59%, з тых, хто за ЭЗ — 54%. Гэта як? У Інтэрнэце ж усё па-іншаму, і наадварот, і круцей. А тут розьніцы амаль няма, а калі і ёсьць, то прыхільнікі інтэграцыі з РФ нават больш ганарацца «русофобкой», чым адэпты эўраінтэграцыі.

А гэта не Інтэрнэт, гэта грамадзтва.

Або вось сакрамэнтальнае расейскае пытаньне апошніх двух гадоў — «Крым наш»? Сярод тых, хто лічыць далучэньне паўвострава да РФ імпэрыялістычным захопам, ганарацца прэміяй Алексіевіч — 61%, сярод тых, хто трактуе гэта, як справядлівае вяртаньне рускіх земляў — 57%. Ну тут адрозьненьні прынамсі лягічныя, але зусім нязначныя па параўнаньні з чаканымі, у тым ліку і з улікам асабістай пазыцыі пісьменьніцы па гэтай вострай праблеме. «Крымнаш» (у сэнсе іх, рускіх), а Алексіевіч — наш гонар — такое меркаваньне прынамсі паловы айчынных «крымнашыстов».

Ну і нарэшце, прэзыдэнт, які сказаў сваё важкае слова. Сярод тых, хто давярае яму, ганарацца прэміяй Алексіевіч — 55%, сярод тых, хто не давярае — 59%. Ды што ж за народ такі, даруй Госпадзе, мы ж тут у сацыяльных сетках і на форумах мяшкамі віртуальную кроў льём на віртуальных барыкадах, а яны... Мірком ды ладком. Прычым, у абодва бакі. Тыя, хто за Эўропу, за Захад, яны ж пагалоўна павінны ганарыцца прэміяй, якую Захад і даў. Неа, не пагалоўна ганарацца. І наадварот, як чалавек, якія душой за Расею, можа ганарыцца «паклёпнікам Расеі»? Можа. Можа, не лічыць паклёпнікам, можа па іншай прычыне.

сярод прыхільнікаў разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы ганарыцца пісьменьніцай 51%, сярод праціўнікаў — 69%

Зрэшты, некаторыя палітычныя пытаньні на стаўленьне да Нобэля Алексіевіч ўсё ж ўплываюць. Скажам, сярод прыхільнікаў разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы ганарыцца пісьменьніцай 51%, сярод праціўнікаў — 69%. Уплывае на ацэнкі і стаўленьне да інфармацыі расейскіх тэлеканалаў. Але і тут сувязь парадаксальная. Сярод тых, хто лічаць інфармацыю навінных расейскіх тэлеканалаў зусім аб’ектыўнай, ганарацца пісьменьніцай 45% (што таксама нямала). Сярод тых, хто мяркуе, што гэтая інфармацыя «па большай частцы аб’ектыўная», ганарацца Алексіевіч 62%, сярод тых, хто лічыць РоссТВ «па большай частцы неаб’ектыўным», ганарацца Нобэлем 58%, а сярод тых, хто зусім ня верыць у аб’ектыўнасьць расейскіх тэлеканалаў, ганарацца суайчыньніцай 60%. Фактычна пра ўплыў, і то вельмі адносны, можна казаць толькі ў дачыненьні да першай групы, сьвята веруючых у слова Масквы. А далей — і не вельмі веруючыя, і зусім не веруючыя ў сваім стаўленьні да ляўрэаткі зусім аднолькавыя.

Усе гэтыя парадоксы маюць патрэбу ў тлумачэньні. Было б натуральным, калі б гонар за Алексіевіч быў немалым і сярод прыхільнікаў Лукашэнкі, і сярод тых, хто за Расею ў якім заўгодна сэнсе (хоць бы з прычыны згаданага вышэй мэханізму нацыянальнай салідарнасьці — наша перамагла), але сярод празаходняй часткі беларускага грамадзтва гэты гонар быў бы яшчэ вышэй. Усё ж уяўляецца натуральным, што агульныя палітычныя погляды зь пісьменьнікам схіляюць, пры іншых роўных, да большых сымпатыяў і да яго творчасьці, і да яго посьпеху.

Усё ж уяўляецца натуральным, што агульныя палітычныя погляды зь пісьменьнікам схіляюць, пры іншых роўных, да большых сымпатыяў і да яго творчасьці, і да яго посьпеху

Чаму ж гэтага не адбываецца, чаму паказчыкі гонару практычна супадаюць у палітычных антаганістаў? Справа, мяркуючы па ўсім, у дадатковых фактарах проціходу, у фактарах, якія адварочваюць частка «эўрабеларусаў» ад ляўрэаткі і прыцягваюць да яе частку «белароссаў».

Для часткі тых, для каго Захад — сьвяты Грааль, а нашыя палестыны, асабліва ў іх савецкім выглядзе — суцэльны беспрасьветны жах, Алексіевіч — занадта савецкая, яна сама той самы «чырвоны чалавек», якога яна і праклінае, і любіць. А яны — толькі праклінаюць. Дык чым тут, на іх погляд, ганарыцца? «Саўковай» экзотыкай? Менавіта такое бачаньне пісьменьніцы, яе творчасьці, яе сьветапогляду адбірае ў яе частку «галасоў» празаходняй Беларусі. А з іншага боку падобны ж мэханізм — дадае. «Чырвоны чалавек» адчувае, што яна ж яго і любіць. Ну так, пра палітыку яна, зь яго пункту гледжаньня, нешта ня тое кажа, але наагул жа наш чалавек. Ну і ня любіць нас, і праклінае, а хіба мы самі сябе любім і не праклінаем?

Вынік сустрэчнага дзеяньня гэтых рознаскіраваных палітыка-псыхалягічных мэханізмаў прыводзіць да таго, што антаганісты ў сваім стаўленьні да Алексіевіч сустракаюцца ў адным пункце.

Зрэшты, можна ўгледзець у сытуацыі больш глыбокі сэнс. Грамадзтва, літаратура — гэта не сыстэма СПА «свой-чужы». І сапраўдны пісьменьнік, вялікі пісьменьнік складаней ўласнай палітычнай пазыцыі і зусім да яе ня зводзіцца. І народ у ацэнках сваіх пісьменьнікаў, сваіх пераможцаў кіруецца ня толькі палітычнай «злобай дня» і нават ня столькі ёю.

А можа гэта менавіта з Алексіевіч так? Што яна аб’ядноўвае людзей па-над палітычнымі бар’ерамі, па-над барыкадай. Яе Нобэль проста высьвеціў гэта, зрабіў відавочным. А можа гэта цяперашняе адзінства і далей неяк захаваецца. Усё ж, відаць, у нашых краях і праўда «паэт большы чым паэт».

Перадрук з парталу TUT.BY

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG