Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НІСЭПД: паказчыкі галасаваньня за Лукашэнку на выбарах-2015 — найніжэйшыя за ўвесь час ягонага прэзыдэнцтва


Выбары 2015. Аляксандар Лукашэнка і яго сын Коля на выбарчым участку. 11 кастрычніка 2015 году

Выбары 2015. Аляксандар Лукашэнка і яго сын Коля на выбарчым участку. 11 кастрычніка 2015 году

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) апублікаваў сваю вэрсію вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, складзеных на падставе нацыянальнага апытаньня грамадзкай думкі.

Паводле дадзеных НІСЭПД, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 50.8% усіх, хто ўзяў удзел у галасаваньні. Тацяна Караткевіч атрымала 22.3% галасоў, Сяргей Гайдукевіч — 7.4%, Мікалай Улаховіч — 2.7%.

Усяго на прэзыдэнцкіх выбарах у кастрычніку прагаласавалі 70.2%, у тым ліку 50% — у асноўны дзень галасаваньня 11 кастрычніка, і 20% — у пэрыяд датэрміновага галасаваньня. Сьвядома байкатавалі выбары (у знак пратэсту) 4% выбаршчыкаў.

«Па ўсёй бачнасьці, ідэя байкоту згуляла на руку ня столькі апазыцыі, колькі ўладзе: калі б тыя, хто не галасавалі, усё ж пайшлі галасаваць, зь іх больш прагаласавалі б за Караткевіч, чым за Лукашэнку», — адзначаецца ў прэс-рэлізе НІСЭПД.

Апытаньне грамадзкай думкі праводзілася ў сьнежні, і з часу прэзыдэнцкіх выбараў рэйтынгі кандыдатаў пасьпелі зьведаць зьмены. Калі б заўтра зноў адбыліся прэзыдэнцкія выбары, за Лукашэнку прагаласавалі б 33.3%, а за Караткевіч — 9.9%. Такім чынам, электаральны рэйтынг афіцыйнага пераможцы за два месяцы пасьля выбараў зьнізіўся на 2.3%, а яго галоўнай суперніцы — на 5.8%.

«Гэта трывожны сыгнал для незадаволеных цяперашняй уладай: як паказвае мінулы досьвед, калі дзейнаму прэзыдэнту да моманту галасаваньня ўдавалася дамагацца неабходнага ўзроўню падтрымкі за кошт канцэнтрацыі дзяржаўных рэсурсаў, то падтрымка яго супернікаў хутка „раставала ў электаральнай прасторы“. Таму камандзе Караткевіч давядзецца знаходзіць новыя, экстраардынарныя спосабы ўтрыманьня яе рэйтынгу. Зрэшты, прэзыдэнту таксама ёсьць пра што задумацца: цяперашні паказчык галасаваньня за яго — самы нізкі за ўвесь пэрыяд маніторынгу НІСЭПД (у сьнежні 2010 г. за яго прагаласавалі 58%, у сакавіку 2006 г. — 63%, у верасьні 2001 г. — 57 %)», — адзначаюць сацыёлягі.

Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, Лукашэнка на выбарах 2015 году перамог з рэкордным паказчыкам: 83,48%. Ягоныя канкурэнты набралі мізэрны адсотак галасоў: Тацяна Караткевіч — 4,42%, Сяргей Гайдукевіч — 3,32%, а Мікалай Улаховіч — 1,67%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG