Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі супраць Украіны, якія ўводзіць Расея, Беларусь выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах — кіеўскі экспэрт


Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка лічыць, што нягледзячы на ​​ складанасьці ў гандлёва-эканамічных адносінах Беларусі і Ўкраіны, бакі будуць шукаць узаемапрымальны кампраміс.

Пытаньне беларуска-ўкраінскіх гандлёва-эканамічных адносінаў актуалізавалася ў сувязі з тым, што зь 1 студзеня пачне дзейнічаць зона свабоднага гандлю паміж Украінай і ЭЗ. Расея ў адказ на гэта ўжо абвясьціла аб сваім выхадзе з зоны свабоднага гандлю з Украінай з 2016 году. Акрамя таго, Расея ўводзіць прадуктовае эмбарга супраць украінскіх тавараў.

Аляксандар Лукашэнка раней выказваў заклапочанасьць увядзеньнем зоны свабоднага гандлю паміж ЭЗ і Украінай. Між тым, учора па выніку беларуска-ўкраінскіх перамоваў намесьніца міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны Натальля Мікольская паведаміла ў сваім твітэры, што Беларусь ня будзе разам з Расеяй выходзіць з зоны свабоднага гандлю з Украінай. У сваю чаргу ў МЗС Беларусі абвясьцілі аб узгадненьні альгарытму сумесных дзеяньняў Менску і Кіева па зьняцьці ўсіх абмежавальных захадаў ва ўзаемным гандлі.

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка лічыць, што тэндэнцыя пошуку ўзаемапрымальных кампрамісаў паміж Беларусьсю і Ўкраінай будзе працягнутая:

Як гэта ні парадаксальна, але ўсе гэтыя санкцыі і абмежаваньні, якія ўводзіць Расея, Беларусь выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах.

«Абодва бакі будуць шукаць узаемапрымальны рэжым гандлю і наагул эканамічных адносін, таму што палітычныя адносіны паміж двума прэзыдэнтамі складваюцца досыць канструктыўна. Пры ўсёй розьніцы палітычных пазыцый, сьветапоглядаў, геапалітычных арыентацый, усё ж такі ёсьць такое паразуменьне. І, думаю, ёсьць прагматызм у пытаньні выбудоўваньня эканамічных адносін. Праблемы ёсьць, аднак трэба знайсьці ўзаемапрымальны рэжым.

Як гэта ні парадаксальна, але ўсе гэтыя санкцыі і абмежаваньні, якія ўводзіць Расея, Беларусь выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах. Вы ўжо сталі „притчей во языцех“, жартоўным стэрэатыпам накшталт паняцьця „беларускія крэвэткі“. Але што здарылася, тое здарылася. Трэба выходзіць з палітычных праблем з найменшымі стратамі, чым і зоймуцца дзьве краіны», — адзначыў украінскі палітоляг у інтэрвію Радыё Свабода.

«У параўнаньні з вайной эканамічныя страты выглядаюць не катастрафічна»

Што тычыцца тых эканамічных абмежаваньняў, якія зь 1 студзеня 2016 году будуць уведзеныя Масквой супраць Кіеву, то Фясенка заклікае не перабольшваць іх наступствы.

Паводле ацэнак эканамістаў, страты Ўкраіны ад расейскіх санкцый складуць некалькі сотняў мільёнаў даляраў. Фясенка адзначае, што гэта далёка не сьмяротныя страты, тым больш, што Расея ад гэтых абмежаваньняў таксама пацерпіць:

За апошнія два гады аб’ём узаемнага гандлю паміж Украінай і Расеяй, паводле папярэдніх дадзеных, зьнізіўся прыкладна ў 3,5 разы.

«Трэба ўлічваць, што за апошнія два гады аб’ём узаемнага гандлю паміж Украінай і Расеяй, паводле папярэдніх дадзеных, зьнізіўся прыкладна ў 3,5 разы. То бок, гандаль зьнізіўся кардынальна, прычым скарачэньне пачалося яшчэ за Януковічам. Калі раней экспарт у Расею складаў прыкладна траціну ўсяго аб’ёму ўкраінскага экспарту, то цяпер апусьціўся да 10%.

Нарэшце, вайна, разрыў гуманітарных сувязяў — паміж Украінай і Расеяй адбылося катастрафічнае ахаладжэньне адносін. Украіна зараз успрымае Расею як ворага. І нават калі мы выйдзем з „гарачай“ вайны, то пачнецца „халодная“ вайна, яна непазьбежная. У параўнаньні з вайной эканамічныя страты выглядаюць не катастрафічна. Яны проста пацьвердзяць тэндэнцыю да далейшага ахаладжэньня двухбаковых адносінаў паміж Украінай і Расеяй. І тэндэнцыя гэтая будзе працягнута — думаю, нас чакае празь нейкі час пераход на візавы рэжым паміж Украінай і Расеяй», — кажа кіеўскі экспэрт.

Вялікай вайны ня будзе

Аднаўленьня вялікай вайны на Данбасе на фоне абвастрэньня эканамічнага супрацьстаяньня Ўкраіны і Расеі Фясенка не прагназуе, бо «вялікая вайна не патрэбная Пуціну»:

Магчымасьць мірнага ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе цалкам залежыць ад Расеі.

«Будзем казаць адкрыта, магчымасьць мірнага ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе цалкам залежыць ад Расеі. Пуцін падтрымлівае гэты канфлікт у паўтлеючым стане, з аднаго боку, як інструмэнт ціску на Ўкраіну, з другога боку, як прадмет перамоваў з Захадам. Яму патрэбная гэтая карта. Але вялікая вайна разбурыць гульню з Захадам. Таму ня думаю, што будзе вялікая вайна. А вось рэгуляваньне інтэнсіўнасьці ваенных дзеяньняў — то менш, то больш — гэта, на жаль, магчыма. Але тым не менш Пуціну пэўная пазытыўная дынаміка патрэбная», — лічыць экспэрт.

Вайны стала менш

На думку Фясенкі, не выключана, што на сытуацыю будзе ўплываць пагаршэньне эканамічнага становішча Расеі — магчыма, гэта падштурхне Пуціна да рэальных, а не ўяўных кампрамісаў. Перш за ўсё гэта тычыцца пытаньня мясцовых выбараў на тэрыторыях, кантралюемых баевікамі.

Між тым, пэўнае абвастрэньне сытуацыі на Данбасе ўсё ж магчыма.

«Пэўнае абвастрэньне на Данбасе ўжо адбываецца. Калі ў верасьні-кастрычніку было амаль поўнае перамір’е (упершыню, мабыць, за ўвесь час канфлікту), то ў лістападзе-сьнежні мы зноў бачым паўзучую эскаляцыю. Ўзровень інтэнсіўнасьці баявых дзеяньняў прыкладна такі ж, які быў летам.

Хоць у адрозьненьне ад першай паловы году амаль не страляе цяжкае ўзбраеньне, сярэдняе ўзбраеньне прымяняецца толькі эпізадычна (у асноўным мінамёты). Танкі, „Грады“ — амаль не ўжываюцца. Інтэнсіўнасьць абстрэлаў, колькасьць ахвяр — усё ж менш, чым у першай палове году. Гэта пазытыўная тэндэнцыя. Вайны стала менш», — канстатуе палітоляг.

XS
SM
MD
LG