Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арэнда офісаў у Менску патаньнела на траціну, але пустых офісаў стала ўдвая больш


Пры рэкордна нізкіх сярэдніх цэнах ад 9 да 22 эўра за м² агулам у Менску пустуе 60 тысяч м².

Попыт на офісы ў Менску не пасьпявае за прапановай, распавядае БелаПАНу кіраўнік праектаў па камэрцыйнай нерухомасьці «Тваёй сталіцы» Арцём Жданькоў.

Цана на арэнду менскіх офісаў упала да самага нізкага ўзроўню за апошнія 10 год: цяпер у бізнэс-цэнтрах клясу А прапануюць офісы па 22 эўра за м², клясу В — 14 эўра, клясу С — 9 эўра за м². Найбольшым попытам карыстаюцца офісы па 10-15 эўра на м², такіх у структуры попыту дзьве траціны.

Але пры рэкордна нізкіх цэнах багата офісных памяшканьняў застаюцца пустымі. За год стала прастойваць удвая больш офісных памяшканьняў, цяпер пустуюць 60 тысяч м². Каб прыцягнуць арандатараў, уладальнікі офісаў зьніжаюць стаўкі і прапануюць бонусы.

«Для рынку сталі нормай арэндныя вакацыі ад трох месяцаў да паўгода, хоць яшчэ пару гадоў таму такой практыкі не было», — падкрэсьліў Жданькоў.

Тым часам некаторыя кампаніі, што могуць сабе тое дазволіць, пакідаюць офісы з кепскімі умовамі, «зь незгаворлівымі ўласьнікамі». Найбольш актыўна шукаюць новыя офісы ІТ-кампаніі, фінансавыя арганізацыі і «дачкі» міжнародных карпарацыяў. Забудоўцы ж намагаюцца зрабіць бізнэс-цэнтры больш складанымі, дадаюць у будынкі фітнэс-цэнтры, рэстарацыі, паркоўкі для ровараў.

XS
SM
MD
LG