Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агучаны канчатковы сьпіс падазраваных у забойстве Нямцова


Сьледчы камітэт Расеі мае намер 29 сьнежня выставіць абвінавачаньне ў канчатковай рэдакцыі пяці фігурантам справы аб забойстве апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова.

Як заявіў прадстаўнік СКР Уладзімер Маркін, расьсьледаваньне «асноўнай справы» па забойстве палітыка будзе завершана ў студзені.

«Сёньня ў межах расьсьледаваньня сьледчыя маюць намер выставіць абвінавачаньне ў канчатковай рэдакцыі Заўру Дадаеву, Анзору і Шадзіду Губашавым, Тэмірлану Эскерханаву і Хамзату Бахаеву ў зьдзяйсьненьні забойства па найме ў складзе арганізаванай групы і незаконным набыцьці, нашэньні, перавозцы і захоўваньні агнястрэльнай зброі», — цытуе Маркіна Інтэрфакс.

«Дачыненьне ўсіх абвінавачаных пацьвярджаецца сабранымі па крымінальнай справе доказамі, у тым ліку высновамі больш за 70 складаных судовых экспэртыз, допытамі сьведак, вочнымі стаўкамі, аглядамі прадметаў і дакумэнтаў, канфіскаваных падчас ператрусаў па месцах жыхарства абвінавачаных і пратаколамі аглядаў запісаў з камэр відэаназіраньня, у тым ліку ўсталяваных на месцы забойства, а таксама падыходу і адыходу саўдзельнікаў», — сказаў прадстаўнік СКР.

Справу ў дачыненьні Руслана Мухудзінава, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку і якога Сьледчы камітэт лічыць арганізатарам і замоўцам забойства, «а таксама іншых неўстаноўленых асоб», вырашана вылучыць у асобную вытворчасьць.

Раней Басманны суд Масквы прыняў рашэньне аб завочным арышце Мухудзінава. Сьледзтва мяркуе, што ён мог схавацца ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Апазыцыйны расейскі палітык Барыс Нямцоў быў застрэлены ў ноч з 27 на 28 лютага 2015 году ў цэнтры Масквы. Па падазрэньні ў забойстве затрыманыя пяць чалавек, у тым ліку галоўны падазраваны ў выкананьні злачынства, былы вайсковец батальёна «Поўнач» МУС Чачні Заўр Дадаеў.

XS
SM
MD
LG