Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пецярбургу і Маскве — кветкі ў памяць пра Ўлада Калесьнікава


Улад Калесьнікаў

Улад Калесьнікаў

18-гадовы праціўнік вайны з Украінай скончыў жыцьцё самагубствам 25 сьнежня ў Самарскай вобласьці.

У Санкт-Пецярбургу 28 сьнежня некалькі грамадзянскіх актывістаў прыйшлі да консульства Ўкраіны і прынесьлі кветкі ў памяць пра Ўлада Калесьнікава, маладога чалавека, які выступіў супраць вайны з Украінай.

25 сьнежня Ўлад скончыў жыцьцё самагубствам у горадзе Жыгулёўску Самарскай вобласьці. Але актывісты, якія прыйшлі да ўкраінскага консульства, лічаць, што гэта было давядзеньне да самагубства. Вядома, што і блізкія Ўлада, і яго атачэньне прынялі яго пазыцыю ў штыкі. Па сутнасьці, ён падвяргаўся ганеньню.

«Што будзе, калі студэнт прыйдзе ў свой тэхнікум і скажа ўсім, што вайну трэба спыніць, Крым вярнуць, а Вову адправіць у адстаўку? Роўна праз 5 хвілінаў, як я пераступіў парог, мне абяцалі разьбіць морду мае ж аднакурсьнікі, настаўнікі вельмі „мякка“ раілі прыбраць сьцяг, а праз 40 хвілінаў я сустрэў бухога сьлесара, які люта мне даказваў, што ён „вэтэран вайны за Крым“, і што мяне закапае, калі я ня вырву сьцяг з футболкі», — напісаў Улад на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Многія сумняюцца ў самагубстве юнака яшчэ і таму, што вядома — ён са сваім сябрам Мікалаем зьбіраўся пасьля Новага году пераехаць у Адэсу, дзе ім ужо падабралі кватэру.

Кажа адзін з актывістаў, якія прыйшлі да ўкраінскага консульства, Дантэ Тэадоры:

— Мне нават ня так істотна, што менавіта здарылася з Уладам Калесьнікавым — забойства, самагубства ці давядзеньне да самагубства: усё роўна гэта здарылася таму, што з-за варожасьці да Ўкраіны, якая навязваецца прапагандай, людзі ня здольныя адэкватна думаць, яны становяцца агрэсіўнымі. Не было б гэтай прапаганды, не было б і трагедыі.

Кветкі каля консульства Ўкраіны ў Пецярбургу

Кветкі каля консульства Ўкраіны ў Пецярбургу

Кветкі каля ўкраінскага консульства змаглі ўскласьці толькі тры чалавекі, на самай справе людзей прыйшло значна больш, але яны спалохаліся вялікай колькасьці паліцэйскіх і не адважыліся падысьці бліжэй. У актывістаў, якія паклалі кветкі, супрацоўнікі паліцыі перапісалі пашпартныя дадзеныя, і з размовы з вартавымі парадку актывісты зразумелі, што тыя чакалі нейкай несанкцыянаванай акцыі — выкрыкваньня лёзунгаў і дэманстрацыі плякатаў, менавіта таму яны прыйшлі ў консульства ў такой колькасьці і, відавочна, рыхтаваліся да затрыманьняў. Але паколькі людзі абмежаваліся толькі ускладаньнем кветак, затрымліваць нікога ня сталі.

Грамадзянскія актывісты прынесьлі кветкі і да амбасады Ўкраіны ў Маскве.

XS
SM
MD
LG