Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страты году


Людзі, якія пакінулі нас у 2015 годзе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:58 0:00

Людзі, якія пакінулі нас у 2015 годзе

Людзі, якія пакінулі нас у 2015 годзе.

Былы міністар сельскай гаспадаркі, палітвязень Васіль Лявонаў, народны майстар Мікалай Тарасюк, пісьменьніца Лідзія Арабей, грамадзка-палітычныя актывісты Вера Чуйко і Аляксей Лужыцкі, літаратуразнаўца Ўладзімер Содаль, музыка Генадзь Старыкаў, дзеячы эміграцыі Анджэй Цеханавецкі і Аляксандр Міцкевіч, мастакі Георгі Скрыпнічэнка і Алег Луцэвіч, паэты Ала Канапелька і Ярыла Пшанічны, абаронцы Ўкраіны Алесь Чаркашын і Віталь Савін, сябра Саюзу беларускай моладзі, вязень Гулагу Вера Касмовіч, журналіст Вячаслаў Макаўчук... Сьпіс, на жаль, доўгі, але імёны памерлых — у памяці жывых.

Анатоль Грыцкевіч
Анатоль Грыцкевіч

22 студзеня беларуская навуковая і грамадзка-палітычная грамада разьвіталася з выбітным гісторыкам і дзеячам найноўшага нацыянальнага адраджэньня Анатолем Грыцкевічам. Яго адпявалі ў Чырвоным касьцёле пры велізарнай колькасьці сяброў, вучняў, аднадумцаў. Гаворыць яго калега па катэдры гісторыі Беларусі Ўнівэрсытэту культуры і паплечнік па грамадзка-палітычнай дзейнасьці Алег Трусаў:

«Яго вельмі любілі студэнты. Ён першы пачаў выкладаць па-беларуску яшчэ ў тыя савецкія часы. Ён выдатны энцыкляпэдыст — напісаў сотні артыкулаў ва ўсе энцыкляпэдыі Беларусі. Ён першы адрадзіў беларускую генэалёгію, яшчэ ў савецкія часы першым напісаў пра Слуцкае паўстаньне, першы пачаў выкладаць гістарычную геаграфію Беларусі. І нават у апошнія гады жыцьця, калі ўжо з дому не выходзіў, напісаў выдатныя кнігі — пра вайну ва Ўкраіне і пра савецка-польскую вайну. Ён працаваў да апошняга».

Аляксей Кароль
Аляксей Кароль

У верасьні гістарычную навуку і нацыянальна-адраджэнскі рух напаткала яшчэ адна цяжкая страта — ня стала Аляксея Караля. Нястомны дасьледнік, гісторык XХ стагодзьдзя і сучасных праблемаў беларускага грамадзтва, палітык, галоўны рэдактар тыднёвіка «Новы час» застанецца ў памяці інтэлектуалам і грамадзянінам высокай маральнай пробы. Слова разьвітаньня дырэктара беларускай службы Свабоды Аляксандра Лукашука:

«Памятаю выступ Аляксея Сьцяпанавіча на сустрэчы з сэнатарам Маккейнам у Вашынгтоне — грунтоўны, упэўнены, годнае прадстаўленьне інтарэсаў беларускай дэмакратыі.

Я ведаў Аляксея Караля гадоў трыццаць — і ўражаньне, што ён ня надта мяняўся: інтэлігентны беларускі інтэлектуал, здольны да выніковай дзейнасьці, які ўмеў пераканаўча размаўляць і з савецкай намэнклятурай, і з радыкальнай моладзьдзю. Ён вельмі мне дапамог з публікацыямі маіх дасьледаваньняў пра сталінізм у Беларусі — яго ўнутраныя рэцэнзіі дапамагалі прабіваць цэнзуру ў другой палове 1980-х і сапраўды абаранялі мяне і рэдактараў ад гневу ўсёмагутнага тады ЦК КПБ — гром грымеў, але маланкі ён адводзіў. Так нараджалася галоснасьць.

Аляксей Кароль быў глыбока прыстойны чалавек і выклікаў у тых, хто яго ведаў, шчырую павагу і давер. Зь ім прыемна было ў кампаніі, перад мікрафонам, на мітынгу. Ён мяняўся хіба па лініі словы-справы: дасканалы знаўца беларускага палітычнага ўздыму ў 1920-я і яго разгрому ў 1930-я, ён пакінуў любімыя архівы, заняўся партыйным будаўніцтвам і стварыў газэту. У дэмакратычнай дзяржаве такія асобы зьяўляюцца лідэрамі ў парлямэнце, урадзе, прадстаўляюць сваю краіну за мяжой. Вечная памяць».

Уладзімер Кішкурна
Уладзімер Кішкурна

Прамінулая восень стала апошняй і для грамадзкага актывіста Ўладзімера Кішкурны, аднаго з арганізатараў і самых чынных удзельнікаў абароны месца пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты. Разьвітальнае слова палітыка і навукоўцы Вінцука Вячоркі:

«Ён ад самага пачатку раскрыцьця курапацкай трагедыі быў перакананы, што Курапаты закранулі і ягоных блізкіх. Ён ненавідзеў таталітарны бальшавіцкі рэжым, ад якога пацярпела і ягоная сям’я. Ён ставіў крыжы ў памяць сваіх блізкіх. І калі была памятная абарона Курапатаў ад захопніцкага будаўніцтва дарогі, ён быў адным з арганізатараў тэхнічнай часткі. Вось гэтыя намёты, сілкаваньне для абаронцаў — гэта была ягоная праца. Ён асабліва ніколі пра гэта не нагадваў, але людзі гэта памятаюць. І вось цяпер, калі зноў абвастрылася сытуацыя вакол Курапатаў у сувязі са зьмяншэньнем ахоўных зонаў, з будаўніцтвам „Бульбаш-холу“, ён стаў адным з ключавых людзей, якія арганізоўвалі там акцыі і талокі: высаджваў дэкаратыўныя расьліны, ставіў крыжы — ва ўсіх сэнсах замяніць яго няма кім».

Віктар Сырыца
Віктар Сырыца

Шырокі прагал у сваіх шэрагах адчула нацыянальна-сьведамая грамада Баранавічаў пасьля раптоўнага сыходу з жыцьця Віктара Сырыцы. Выкладчыка гісторыі, змагара за беларускую школу, арганізатара мэмарыялізацыі месцаў гістарычных і культурных падзей у рэгіёне ня стала ў лістападзе. Гаворыць ягоная былая вучаніца Тацяна Малашчанка:

«Віктар Антонавіч калісьці вучыў мяне ў школе, калі я была ў сёмай клясе. Ён заўсёды быў Настаўнікам для нас тут усіх у Баранавічах, і для мяне асабіста. Ён заўсёды дапамагаў, і ў нашай справе беларускага навучаньня, і ўсе імпрэзы не праходзілі празь яго... Ён аб’ядноўваў людзей, нават тых, якія варагавалі па жыцьці. Ён нас усіх аб’ядноўваў, салідарызаваў, зьбіраў. Мы былі зь ім як сям’я. А цяпер я ня ведаю, гэта такая страта... Я сёньня хацела яму тэлефанаваць, паведаміць, што ў нашу беларускую клясу далучыўся хлопчык, і ў нас новы клясны кіраўнік будзе, гісторык, як Віктар Антонавіч. Я не пасьпела, але думаю, што цяпер Віктар Антонавіч усё гэта ведае. Бо я веру, што сьмерці няма і ён проста сышоў у вечны горад».

Марыя Лукашук
Марыя Лукашук

Родная мова, нацыянальныя сымбалі, гістарычная спадчына, народная культура былі непарушнымі каштоўнасьцямі Марыі Лукашук, выкладчыцы беларускай мовы і грамадзкай руплівіцы зь Берасьця. Прыгадвае пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

«Сыход у іншы сьвет заўсёды высьвечвае сапраўдную значнасьць, сапраўдны маштаб асобы. Марыя Пракопаўна Лукашук была цудоўнай Маці, Мовазнаўцай, Пэдагогам зь вялікай літары. Яна была настаўніцай для вельмі многіх і многіх у нашай краіне, настаўніцай беларускай вернасьці, беларускай ахвярнасьці, аптымізму ў самыя неспрыяльныя часы. І яна была змагаркай. Яна змагалася за свае погляды, за беларускую мову, за нацыянальную ідэю, урэшце, за будучыню Беларусі. Яна пісала лісты, яна пасылала пасылкі тым, хто пакутаваў за свае погляды ў зьняволеньні.

Калі казаць пра тое, якой асабіста для мяне была Марыя Пракопаўна, я скажу так: яна была старэйшай сяброўкай. Яна чытала ўсе мае кніжкі і адгукалася на іх у лістах да мяне і ў водгуках у прэсе. Яна летась цэлы год, напэўна, ваявала з аўтарам адной беларусафобскай рэцэнзіі на маю кніжку «Краіна Беларусь», якая зьявілася празь 10 гадоў пасьля выхаду кнігі. І мы мелі такую звычку з Марыяй Пракопаўнай — віншаваць адно аднаго зь днём нараджэньня. І сёлета ў дзень яе нараджэньня адбылася якраз апошняя размова, якая таксама вельмі добра сьведчыць пра характар Марыі Лукашук. Яна мне сказала: «Ведаеш, Уладзя, я вырашыла адзначыць свой дзень нараджэньня ў Вэнэцыі». А рэч у тым, што мы за пару тыдняў да той размовы былі ў вельмі добрай кампаніі ў Вэнэцыі, і там была Марыя Пракопаўна. Я падумаў, што ёй так спадабалася, што яна зноў вяртаецца ў Вэнэцыю, каб паглядзець на гэты цудоўны горад не ў часы паводкі. І потым толькі я даведаўся, што яна зьбіралася ў берасьцейскую кавярню «Вэнэцыя». На жаль, гэта была апошняя размова...

І яшчэ мне вельмі ярка згадалася пахаваньне незабыўнай Ларысы Геніюш, якая ў 1970–80-я гады была для нас маральным аўтарытэтам № 1. І мне згадаліся вершы, якія гучалі над труной Ларысы Геніюш. Там былі такія радкі: «Вы здолелі між іншых беларусак застацца беларускай назаўжды».

Сяргей Друшчыц
Сяргей Друшчыц

Назаўжды ў гісторыі беларускай культуры застанецца імя Сяргея Друшчыца. Пачынальнік справы аднаўленьня помнікаў архітэктуры, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў «Беларускіх рэстаўрацыйных майстэрняў», аўтар праектаў вяртаньня да жыцьця многіх знакавых гістарычных будынкаў згуртаваў вакол сябе цэлую пляяду айчынных рэстаўратараў. Распавядае яго сябар дзяцінства і калега Аляксандр Канаваленка.

«Так склалася, што адну прафэсію набылі — і ён, і я — архітэктары. І з 1969 году мы разам зь ім пачалі працаваць у рэстаўрацыі. Гэта быў год, калі закладалася гэтая справа ў Беларусі. Мы былі маладымі, зусім „зялёнымі“ архітэктарамі, разам сталелі. Сяргей Аляксандравіч доўгі час быў генэральным дырэктарам „Белрэстаўрацыі“. Я перакананы, што ён самы дасьведчаны, самы галоўны чалавек у гэтай справе ў Беларусі. Мы рабілі сумесныя праекты і з UNESCO, і з нашымі суседзямі. Сяргей Аляксандравіч вельмі шмат зрабіў у рэстаўрацыі многіх беларускіх замкаў. Галоўны ягоны аб’ект — гэта помнікі архітэктуры ў Нясьвіжы. Нягледзячы на тое, што былі ўжо праблемы са здароўем, працягваў працаваць на рэстаўрацыі замка ў Наваградку, дзе павінны былі разгортвацца вялікія працы па адраджэньні гэтага помніка. Не пасьпеў... Для мяне гэта вельмі вялікая страта. Гэта чалавек, які мала думаў пра сябе. Ён заўсёды думаў пра справу і пра іншых людзей».

Сяргей Журавель
Сяргей Журавель

Прамінулым летам з тэатральных падмосткаў сышоў у вечнасьць Сяргей Журавель. Яркі актор, кожная роля якога была непаўторнай падзеяй у тэатральным жыцьці краіны, запомніцца тысячам ягоных прыхільнікаў. Прыгадвае былы галоўны рэжысэр Тэатру юнага гледача Рыгор Баравік.

«Зь Сяргеем Жураўлём мы прайшлі вялікі шлях. Я ўзяў яго акторам у Тэатар юнага гледача, калі той яшчэ быў студэнтам-трэцякурсьнікам. Ён сыграў ролю Цюленіна ў спэктаклі «Маладая гвардыя» і Трэплева ў «Чайцы». Пасьля, калі я арганізоўваў Маладзёжны тэатар, Сяргей Журавель падтрымаў мяне і стаў адным са стваральнікаў гэтага тэатру. Сяргей быў вядучым артыстам і ў ТЮГу і ў Маладзёжным тэатры, у тэатры імя Янкі Купалы ён яшчэ не пасьпеў набраць моцы і цалкам прадэманстраваць свой талент.

Гэта вельмі вялікая страта. Нечаканая для ўсіх. Апошні раз мы сустрэліся зь Сяргеем на закрыцьці сэзону ў Маладзёжным тэатры, і ён патлумачыў мне, што па стане здароўя зьбіраецца сыходзіць з тэатру імя Янкі Купалы. І вось у такім росквіце сілаў і так нечакана для ўсіх... Гэта ўдар для сяброў і блізкіх. І, безумоўна, удар для ўсіх тэатральных дзеячаў Беларусі, ды і для беларускай культуры агулам. Сяргей Журавель быў рэдкага таленту чалавекам, цудоўным арганізатарам — мы памятаем створаны ім антрэпрызны «Нікаля-тэатр».

Ала Бабкова
Ала Бабкова

У кастрычніку нацыянальная культурная эліта страціла кінакрытыка Алу Бабкову. Яна была ў сваёй прафэсіі апошняй з магікан, кажа рэжысэр-кінадакумэнталіст Віктар Дашук.

«Ала Бабкова, паводле свайго статусу, паводле сваіх ведаў, паводле сваіх адносінаў да творчых людзей, да беларускага кіно выступала ня проста як кінакрытык, а як грамадзянін сваёй краіны. Яна сама была вельмі творчай асобай, таму што многія прафэсіяналы, чаго тут хаваць, лічаць, што любыя крытыкі — гэта няспраўджаныя людзі ў творчасьці. Дык вось, што тычыцца Алы Бабковай, — гэта чалавек, які разумеў высокае мастацтва. Я павінен сказаць, што ўвогуле з таго савецкага пакаленьня сур’ёзных людзей у кінакрытыцы, якія маглі даць не зацікаўленую, а аб’ектыўную ацэнку ці параду, быць саўдзельнікам творчага працэсу, яна была „апошняй з магікан“. Такіх людзей ужо, бадай, не засталося».

Аляксандар Надсан
Аляксандар Надсан

Адна з самых цяжкіх страт 2015-га — айцец Аляксандр Надсан. Сьвятар-інтэлектуал, сьвятар-навуковец, сьвятар-дабрачынец, сьвятар-дзеяч, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа, ён стаўся духоўным настаўнікам для тысячаў жыхароў Бацькаўшчыны. Гаворыць паэтка і літаратуразнаўца Ірына Багдановіч.

«Смутак вялікі выклікала ў маёй душы вестка пра тое, што айца Аляксандра ўжо няма з намі ў зямным жыцьці. Быў ён, як я лічу, маім духоўным айцом — і, я б сказала, духоўным айцом Беларусі. Ён увасабляў духоўныя нябёсы самой Беларусі. Зь ім яны былі вышэйшыя, чысьцейшыя, сінейшыя. Па Божай волі так сталася, што лёс даў мне знаёмства і сяброўства з айцом Аляксандрам. Першы раз мы сустрэліся яшчэ на пачатку 1990-х у Менску, у Скарынаўскім цэнтры. І адразу адчула ад яго такі сыход Божай ласкі, прамяненьне нейкае. З той пары шмат было сустрэч, блаславіў мяне ён на многія кнігі, дапамагаў.

Запомнілася мне адна фраза, якая са мной па жыцьці так і ішла. Ён чамусьці любіў паўтараць: „З пустога не нальеш“. Ці гэта адносілася да мяне, што я такой пустой была, ці гэта было крэда пошуку жыцьцёвай праўды? Я доўга не магла зразумець, хто пусты? Як напоўніць сябе? Што гэта значыць, урэшце? Цяпер я бачу яснасьць гэтых простых слоў — „з пустога не нальеш“. Гэта значыць — „быць поўным Богам“. Ён сам быў поўны Богам, Божай ласкай, Божай любоўю. І з гэтай паўнаты поўнілася яго душа, яго сэрца. Ён наліваў, выліваў на нас, на ўсю Беларусь гэту поўню Божай ласкі. Вось так я цяпер разумею гэтыя яго словы — быць поўным Божай ласкі і дзяліцца гэтай ласкай, любоўю Божай з усімі намі, з самой Беларусьсю.

Ёсьць у мяне і такія асабістыя ўспаміны. Ён хрысьціў многіх маіх сяброў, калегаў па пісьменьніцкім цэху, удзяляў сакрамэнт шлюбу. Для мяне ён быў першым маім спаведнікам. Першую ў жыцьці споведзь я прымала ў айца Аляксандра. У маім жыцьці была даволі складаная сытуацыя. Дагэтуль я памятаю, як ён, выслухаўшы мяне, трымаў нада мной сваю руку, я адчувала проста сваёй макушкай, як ад яго рукі, з далоні сыходзілі промні. Гэта такое незвычайнае адчуваньне, што да гэтага часу я зьдзіўляюся, калі згадваю... Такая магутная сыходзіла ад яго энэргія, сіла нябёсаў.

На небе стала больш на яшчэ аднаго нябеснага апекуна Беларусі. Такім, якім ён быў на зямлі, цяпер зь неба апякуецца намі».

XS
SM
MD
LG