Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны нафты аднавілі падзеньне ў выніку падзеньня попыту


Цана нафты маркі Brent апусьцілася амаль да рэкордна нізкага за 11 гадоў узроўню — 36 даляраў 81 цэнт.

У панядзелак цэны на нафту ўпалі больш, чым на 3 адсоткі. Цана нафты маркі Brent апусьцілася амаль да рэкордна нізкага за 11 гадоў узроўню.

За барэль здабытай у ЗША заходнетэхаскай нафты давалі 36 даляраў 81 цэнт, за барэль нафты Brent — 36 даляраў 62 цэнты. Гэта падзеньне адбылося пасьля зьяўленьня новых дадзеных, якія сьведчаць пра падзеньне збыту нафты ў Японіі і зьніжэньне попыту на нафтапрадукты ў Эўропе.

Паводле дадзеных Арганізацыі краінаў-экспарцёраў нафты, прапанова нафты перавышае попыт на 2 мільёны барэляў нафты ў дзень, што прымушае многіх аналітыкаў прагназаваць далейшае патаньненьне нафты. Згодна з інфармацыйным агенцтвам Reuters, найбольш пэсымістычна настроеныя трэйдары чакаюць у найбліжэйшай будучыні падзеньня цэнаў заходнетэхаскай нафты больш чым на 10 адсоткаў да 32 даляраў 50 цэнтаў. Пасьля нядаўняга рашэньня Кангрэсу ЗША, які адмяніў забарону на экспарт амэрыканскай нафты, нафта маркі Brent упершыню за многія гады каштуе менш за заходнетэхаскую нафту. Такая структура коштаў, як прагназуюць аналітыкі, захаваецца ў агляднай будучыні.

У аўторак раніцай цэны на нафту працягнулі падзеньне на азіяцкіх рынках.

XS
SM
MD
LG