Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2015-ы год у тэхніцы: 3D друк, віртуальная рэальнасьць і дроны


Робататэхніка, 3D друк, віртуальная рэальнасьць і дроны — усё гэта пачало актыўна выкарыстоўвацца менавіта ў апошнія 12 месяцаў.

Сярод тэхнічных інавацыяў 2015 — прасунутыя робататэхналёгіі, аўтаматызацыя, паўсюднае выкарыстаньне партатыўнай электронікі і больш шырокае прымяненьне аднаўляльных крыніцаў энэргіі. Таксама ў мінулым годзе былі зьдзейсьнены прарывы ў галіне кампутарнага абсталяваньня і праграмнага забесьпячэньня, у выкарыстаньні сэнсарных датчыкаў і ў разьвіцьці штучнага інтэлекту. І ўсё гэта — яшчэ адзін крок чалавецтва да робатызаванай будучыні.

****

У цэнтры ўвагі ў 2015 годзе былі электрычныя аўтамабілі. Свае мадэлі экалягічных машын прадставілі большасьць найбуйнейшых аўтавытворцаў.

На прэзэнтацыі кіраўнік кампаніі Honda Тахакіра Хачыга сказаў: «Мы хочам, каб наша грамадзтва больш вырабляла і выкарыстоўвала вадародную энэргетыку».

Спажыўцы таксама змаглі бліжэй пазнаёміцца з аўтамабілямі без кіроўцаў. Нават вялікія мадэлі, такія як мэрсэдэсаўскія грузавікі, атрымалі функцыю самакіраваньня.

«Можна прыбраць рукі з руля і ўбачыць, як ён сам паварочваецца, а аўтамабіль працягвае ехаць па патрэбнай траекторыі», — распавёў Вольфганг Бэрнард, кіраўнік падразьдзяленьня грузавікоў.

Яшчэ адзін трэнд — ўкараненьне тэхналёгіі 3D друку. Гэта адбіваецца на кошце вытворчасьці — ад выпечкі да аўтамабіляў.

«Надрукаваныя ў 3D шасі важаць усяго 46 кг, але валодаюць той жа трываласьцю, што і зробленыя са сталі», — прыводзіць прыклад Брэд Балзэр, галоўны дызайнэр Divergent Microfactories.

Экспэрты лічаць, што дамы, пабудаваныя з надрукаваных у 3D матэрыялаў, могуць у будучыні вырашыць праблему недахопу жыльля.

«Мы ўтылізуем будаўнічае сьмецьце і іншыя адкіды, сартуем іх і перапрацоўваем ў спэцыяльныя чарнілы для друку», — кажа Ма Іхе, кіраўнік кампаніі Winsun Engineering.

Робаты ўжо ўвайшлі ў наша жыцьцё. Робаты сустракаюць вас у гатэлі і абслугоўваюць за стойкай бару. А робатызаваныя канструкцыі дапамагаюць паралізаваным людзям зноў пачаць рухацца.

«Мы выявілі, што такія канструкцыі асабліва дапамагаюць людзям з траўмамі ніжняга аддзелу хрыбетніка», — кажа вынаходнік Ву Чэнг Ху.

Пратэзы, якімі можна кіраваць пры дапамозе думак, будуць вельмі прыдатныя для людзей з ампутаванымі канечнасьцямі.

«Мы ўсталёўваем на мышцы сэнсарныя датчыкі, якія могуць атрымліваць ад мозгу сыгнал. Сыгнал перадаецца пратэзу, і ён сваю чаргу рэагуе на пасыл», — растлумачыў артапэд Тарвалдур Інгварсан.

2015 таксама можна сьмела назваць годам дронаў. Бесьпілётныя лятальныя апараты ўжо выкарыстоўваюцца ў акеаналёгіі, змагаюцца з браканьерамі ў Афрыцы і дапамагаюць фэрмэрам назіраць за пасевамі.

Тым часам распрацоўшчыкі праграмнага забесьпячэньня знаходзяць усё больш функцый для смартфонаў.

«Замест таго, каб здаваць кроў і адсылаць яе ў лябараторыю, можна проста ўкалоць палец і атрымаць вынік праз 15 хвілінаў», — распавядае Сэм Сія з Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў ЗША.

Віртуальная рэальнасьць таксама працягвае актыўна ўкараняцца ў сьвет рэальны, асабліва — для аматараў кампутарных гульняў.

«Віртуальная рэальнасьць, безумоўна, вельмі цікавая», — кажа Джон Хікс, экспэрт па відэагульнях. — «Мне здаецца, мы яшчэ не аднойчы пра яе пачуем. Хоць бы таму, што ў яе распрацоўцы задзейнічана адразу некалькі тэхналёгій».

Варта таксама згадаць, што ў 2015 годзе кампанія Microsoft упершыню бясплатна прадставіла новую вэрсію сваёй папулярнай апэрацыйнай сыстэмы Windows 10. Ці стане гэта трэндам — пакажа час.

XS
SM
MD
LG