Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я выбрала чырвонае сухое і, заціснуўшы левай рукой абгортку зьверху, правай пачынаю круціць бутэльку — так абгортку можна лёгка зьняць без дапамогі нажа ці нажніц. Потым я зьбіраюся адкаркаваць гэтае віно, у нас тут маецца наварочаны штопар. Хаця звычайна я і з найпрасьцейшым, што ў раскладным нажы, даю рады.

— Вы што, зьбіраецеся адкрыць бутэльку проста рукамі?

Анка Упала

Анка Упала

Да мяне кідаецца малады чалавек, сьмяецца зь мяне, вырывае ў мяне бутэльку. Праўда, вырывае — я ж супраціўляюся, не адпускаю!

— Ды досыць ужо! Дайце, я сам адкрыю!

Карацей, я ледзь не парушыла непарушны і сьвяты закон беларускага фуршэту, ледзь не ўтварыла канфузную сытуацыю — я магла адкрыць бутэльку сама. Хіба мне невядома — алькаголь на сьвяце адкрываюць і разьліваюць мужчыны, а жанчыны займаюцца ежай! Адваротны парадак кіне цень і на мужчынскасьць, і на жаноцкасьць прысутных. Менавіта на абарону ролевай стандартызацыі кінуўся малады чалавек.

Нядаўна сяброўка падзялілася са мной меркаваньнем сваёй польскай знаёмай. Тая кажа, што яе зьдзіўляе, што на сьвятах — карпаратывах, проста пасядзелках — у нас, беларусак і беларусаў, абавязкі часьцяком дзеляцца на жаночыя і мужчынскія. Разам ня робіцца амаль нічога.

У нас, беларусак і беларусаў, абавязкі часьцяком дзеляцца на жаночыя і мужчынскія. Разам ня робіцца амаль нічога.

А вось меркаваньне аднаго беларускага хлопца пра польскіх дзяўчат: полькі такія — у яе будзеш сядзець да сярэдзіны ночы за размовай, а потым, калі што ёй не спадабаецца, яна цябе выштурхае ў карак — і «ня дасьць» (Гэта цытата). Ня тое, што беларускі. (Гэта таксама цытата).

Вам падаецца, што гэтыя польска-беларускія жаноча-мужчынскія меркаваньні не зьвязаныя? Зьвязаныя. Абодва паказваюць канфлікт сацыяльных мадэляў. У Польшчы, у нашых суседзяў, — ўжо іншая. Бо месца жанчыны, яе роля ў грамадзтве — іншыя, і абслугоўваньне — ужо не ўваходзіць ў эталённы набор якасьцяў «сапраўднай жанчыны», у адрозьненьне ад Беларусі.

О, колькі выпадкаў мне хочацца жывапісаць. Напрыклад, як запрасілі нас зь сяброўкай, кандыдаткай навук, на невялікі фуршэт пасьля прэзэнтацыі кнігі. Мо дзясятак мужчын і мы ўдзьвюх. На стале — куплёныя салаты, каўбаса, сыр. Распарадчык стала, сябра героя вечарыны, адкаркоўвае бутэльку каньяку і весела загадвае: «Ну, дзяўчаты?!..»

Хуценька падхапіліся і нарэзалі каўбаску, нарабілі закусак, бутэрбродаў — людзі чакаюць!

Маўляў, чаго стаім? Хуценька падхапіліся і нарэзалі каўбаску, нарабілі закусак, бутэрбродаў — людзі чакаюць!

Ха. Я бяру сяброўку пад руку, і мы ідзем прагуляцца, пакуль той весялун сам не абслужыць сваіх гасьцей.

Ці іншы выпадак — у адным з офісаў, дзе мне даводзілася працаваць, рыхтуецца сьвяточны абед. Дзяўчаты распакоўваюць, наразаюць, раскладаюць пачастункі, накрываюць на стол. Ужо прыйшоў і адзін з хлопцаў, сядзіць чакае, скрыжаваўшы выцягнутыя ногі. Побач зь ім на падлозе валяецца куча доўгіх мэталічных рэек. Думаеце, згодна кодэксу «патрыярхатнага рыцара» ён іх прыбраў, бо гэта «мужчынская» справа? Нічога падобнага, ён выйшаў пакурыць, а тыя рэйкі таксама прыбралі дзяўчаты.

І не кажыце мне, што ў іх не хапіла «жаночай мудрасьці» быць той шыяй, якая мусіла павярнуць ягоную галаву, каб ён пабачыў свой фронт нявыкананых прац. У кожнага і ў кожнай свая галава, якую варочаць варта самастойна.

Беларускія жанчыны і дома, і на працы вельмі баяцца выглядаць «кепскімі жанчынамі».

Беларускія жанчыны і дома, і на працы вельмі баяцца выглядаць «кепскімі жанчынамі» — кепскімі гаспадынямі, якіх НЯ ВОЗЬМУЦЬ ЗАМУЖ — гэта страшная пляма на жаночай рэпутацыі. Самаацэнка беларускай жанчыны як самавартаснага чалавека вельмі нізкая ў параўнаньні з мужчынскай. Беларускія мужчыны — ня так ужо і баяцца выглядаць «кепскімі мужчынамі» ў сытуацыях, якія ня вельмі адназначна ўпісваюцца ў патрыярхатны канон паводзінаў. Ім усякім будуць радыя.

Збольшага ў любым беларускім офісе накрыць стол даручаць жанчынам, найчасьцей маладзейшым, гэтым падкрэсьліваючы іх статус у калектыве і працягваючы «генэральную лінію партыі» нашага грамадзтва, што да спадарыняў. Хто ў нашай краіне паны, а хто батрачкі, ілюструюць апошнія дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Неаплатнай хатняй працай жанчыны занятыя ўдвая больш за мужчын — чатыры з паловай гадзіны на дзень. «Жанчына з прычыны прыналежнасьці да полу знаходзіцца ад нараджэньня на пазыцыі абслугі», заўважае старшыня беларускай жаночай лігі Ніна Стужынская.

Неаплатнай хатняй працай жанчыны занятыя ўдвая больш за мужчын.

Палічыце, колькі часу і працы займае пачэснае адкаркоўваньне бутэлькі на фуршэце? Колькі часу займае падрыхтоўка закусак на вялікую кампанію і наколькі гэта пачэсна?

Як на мяне, правільны адказ на пытаньні ў загалоўку — усе. Сьвяткуеце разам у зьмяшанай кампаніі? Тады разам рэжце каўбасу, фаршыруйце яйкі, катайце рулеты, раскладайце салаты. Прыбірайце за сабой таксама разам. Хоча жанчына адкаркаваць бутэльку сама і наліць сабе на сьвяце віна — хай адкрые і налье. Сьвет не абрынецца, хіба што сьвет недарэчнага разьмеркаваньня абавязкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG