Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

2,5 стаўкі і шоў Ярмошынай — малады настаўнік на разьмеркаваньні


Свабода запісала інтэрвію з трыма маладымі настаўнікамі, якія паехалі адпрацоўваць бясплатную адукацыю, а адзін нават застаўся пасьля адпрацоўкі.

У Фэйсбуку зьявіўся шчыры допіс маладога настаўніка Яўгена Дудкіна, які працуе ў адной зь вясковых школаў Гарадзенскай вобласьці.

Яўген піша вельмі крытычна пра сёньняшнюю сыстэму адукацыі, як пра фікцыю, працу для статыстыкі і прадракае пакаленьне «гопнікаў» з дыплёмамі».

Свабода запісала інтэрвію з трыма іншымі маладымі настаўнікамі, якія паехалі адпрацоўваць бясплатную адукацыю, а адзін нават застаўся пасьля адпрацоўкі.

Вольга, 23 гады: «Для мяне няма сэнсу тут заставацца»

Вышэйшую адукацыю я атрымала ў ГрДУ ім. Янкі Купалы. Разьмеркаваньне праходзіла ў два этапы: перадразьмеркаваньне і ўжо потым само разьмеркаваньне, дзе кожны студэнт ставіць подпіс на адпаведным дакумэнце.

Кожны з прысутных змагаўся за студэнта, асабліва за тых, хто ішоў спачатку, бо яны першыя па рэйтынгу.

Перадразьмеркаваньне — гэта размова студэнта з прадстаўнікамі раёну ці школ, якія шукаюць працаўнікоў. Кожны з прысутных змагаўся за студэнта, асабліва за тых, хто ішоў спачатку, бо яны першыя па рэйтынгу. Заманьвалі рознымі спосабамі, хто на што здольны: Ашмяны — побач мяжа, Дзятлава — грошы за «вёску», Астравец — будучая АЭС.

«Ашмяны — побач мяжа, Дзятлава — грошы за „вёску“, Астравец — будучая АЭС»

Дазвалялася самому абраць больш прывабны раён для адпрацоўкі. Па прыезьдзе на месца адпрацоўкі нас чакала размова з начальствам райвыканкаму. Яны пацьвярджалі наш прыём на працу альбо самі вырашалі куды дакладней накіраваць. Так, напрыклад, студэнты, якія мусілі працаваць па выніках разьмеркаваньня ў горадзе, працуюць зараз у суседняй вёсцы.

Першы год адпрацоўкі быў бедны ня толькі для маладых, але і для тых, хто працуе тут ужо даўно.

Установа, якая запрасіла працаўнікоў, не павінна забясьпечваць жыльлё, але яны мусяць дапамагчы ў пошуках. Дырэктар нашай школы дала нам нумары гаспадароў некалькіх кватэр, дзе здаюцца пакоі. Што датычыцца заробкаў, то яны аднолькавыя па Беларусі ў галіне адукацыі. Заробак настаўніка залежыць ад колькасьці гадзін: болей гадзін — болей грошай. Наконт школы, дзе я працую, то тут настаўнікаў англійскай мовы было досыць, таму гадзін было мала.Таму першы год адпрацоўкі быў бедны ня толькі для маладых, але і для тых, хто працуе тут ужо даўно.

Для мяне няма сэнсу тут заставацца. На маё рашэньне ў гэтым выпадку ўплываюць больш прыватныя матывы і, вядома, кіраўніцтва. Калектыў у школе больш-менш прыязны, умовы працы камфортныя, ёсьць нават некаторыя бонусы. Горад зьяўляецца радыяцыйна-забруджанай зонай, таму раз-пораз даводзіцца суправаджаць дзяцей у санаторый.

«Бонусы — горад зьяўляецца радыяцыйна-забруджанай зонай, таму раз-пораз даводзіцца суправаджаць дзяцей у санаторый»

Як бавіць час у горадзе з насельніцтвам трохі больш за сем з паловай тысяч чалавек? Тут няма клюбаў і шыкоўных рэстаранаў, але можна добра пабавіць час ва ўтульнай кавярні альбо ў менш прывабным рэстаране. Побач Ліда, дабрацца можна менш за гадзіну, а з другога боку — сталіца. На выходныя заўсёды можна знайсьці варыянты.

Разьмеркаваньне — гэта ня кара нябесная, а прапанова працы. Гэта таксама час падумаць для тых, хто яшчэ не абраў прафэсію жыцьця.

Разьмеркаваньне мае свае «за» і «супраць». Студэнты, якія навучаюцца на бюджэце, робяць гэты крок добраахвотна і добра ведаюць, што ў РБ пасьля бясплатнага навучаньня трэба будзе пэўную колькасьць гадоў адпрацаваць. Яны добра гэта ведаюць, але можа не ўсьведамляюць канчаткова, таму шмат пакутуюць з-за разьмеркаваньня. Можна вярнуць грошы дзяржаве. Заўсёды ёсьць магчымасьць пазьбегнуць разьмеркаваньня ў вёску, калі будзе месца ў іншым населеным пункце і ў дадатак афіцыйны дакумэнт. Разьмеркаваньне — гэта ня кара нябесная, а прапанова працы. Гэта таксама час падумаць для тых, хто яшчэ не абраў прафэсію жыцьця. Заўсёды ёсьць магчымасьць рухацца далей.

Павал Махінаў, 25 год: «Я прыстасаваўся да гэтай сыстэмы»

Я скончыў гістарычны факультэт БДУ, паходжу з Горадні. Я працаваў настаўнікам па разьмеркаваньні і пасьля застаўся. Гэтую школу я абраў сам, яна ў Менскім раёне. Прынёс заяўку — і мяне сюды разьмеркавалі. Працавалася цяжка, але працавалася. Ёсьць добрыя моманты, ёсьць кепскія. Працую ўжо чатыры гады, выкладаю гісторыю і грамадазнаўства. У нас новая школа, яе адкрываў прэзыдэнт усяго толькі пяць гадоў таму, і мы добра ўкамплектаваныя — ёсьць і настаўнікі, і матэрыяльная база. Мы адна з найлепшых школаў у Менскай вобласьці, зараз навучаецца тут 1700 чалавек. У мяне 240 дзяцей, 5-10 клясы.

Здымаю тут пакой, але ў бліжэйшым часе атрымаю пакой у інтэрнаце. Агулам, працай задаволены. Сапраўды, многія сыходзяць пасьля двух гадоў разьмеркаваньня, ня бачаць сэнсу і мажлівасьцяў. Яны адчуваюць, што гэта ня іх, шукаюць нешта іншае. Гэта нармальна. Сыходзяць і пасьля трох-шасьці гадоў. Мне зручна працаваць настаўнікам, у мяне добры графік і хапае часу на іншыя адукацыйныя праекты, магу займацца турызмам. Я ня думаю, што згубіў нешта па грошах. А наконт ідэяў — гэта важная праца, карысная, і я адчуваю неабходнасьць — настаўнік той чалавек, які ўплывае на фармаваньне сьветапогляду. Настаўнік павінен запальваць агеньчык у сэрцах дзяцей. Калі ты гатовы і здольны, можна многае зрабіць.

«Разьмеркаваньне — гэта старт кар’еры»

Працаваць зь дзецьмі — клясны сацыяльны і камунікацыйны досьвед — гэта пасьля можа спатрэбіцца дзе заўгодна, у тым жа бізнэсе.

Разьмеркаваньне гэта старт кар’еры. Гэта неабавязкова павінна быць школа, можа ж быць і бізнэс-кампанія. Зь яе таксама могуць сыходзіць праз два гады. Гэта нармальна, калі ты пачынаеш кар’еру ў адным месцы і пасьля сыходзіш.

Працаваць зь дзецьмі — клясны сацыяльны і камунікацыйны досьвед — гэта пасьля можа спатрэбіцца дзе заўгодна, у тым жа бізнэсе. Іншы пазытыўны момант — праца з аўдыторыяй, зрабіць так, каб цябе слухалі. Добры настаўнік павінен гэта ўмець.

«Калі пісьменна заняцца сваім тайм-мэнэджмэнтам, то ніякіх вялікіх праблемаў ня будзе»

Кажуць, што ў настаўнікаў шмат працы. Гэта праўда, асабліва зараз, калі канец чвэрці. Гэта так, але на любой працы такая сытуацыя. Шмат бюракратыі, трэба запаўняць журналы, пісаць розныя справаздачы. Калі пісьменна заняцца сваім тайм-мэнэджмэнтам, то ніякіх вялікіх праблемаў ня будзе.

Я прыстасаваўся да гэтай сыстэмы і даволі добра сябе тут адчуваю. Зьмены? Зьмяняюцца дзеці... хаця, не, дзеці не зьмяняюцца. Проста зараз больш часу трацяць на тэлефоны, зараз менш усьведамляюць пазыцыю, аўтарытэт настаўніка. Але сам настаўнік можа ўплываць на фармаваньне свайго аўтарытэту.

Хрысьціна Варановіч, 24 гады: «Дастаюць паходы на хакеі і ўдзел у «шоў Ярмошынай»

Я сама з Мазыра, у 2014-м скончыла МДЛУ, зараз працую па разьмеркаваньні ў адным зь менскіх каледжаў, выкладаю ангельскую, да гэтага 5 курс унівэрсытэта сумяшчала з працай у школе.

Цяжка сказаць як прыйшла да выкладаньня. Я ўдзельнічала ў адной праграме для дзяцей з тэрыторый, забруджаных радыяцыяй пасьля чарнобыльскай аварыі, езьдзіла ў ЗША штогод, дзе і авалодала ангельскай мовай. Такім чынам пайшла па шляху найменшага супраціву пры выбары ВНУ. Лёгка даюцца мовы? — «Го» ў ін’яз. Так я і паступала.

«Лёгка даюцца мовы? — „Го“ ў ін’яз. Так я і паступала»

Разьмеркаваньне для ўсіх выпускнікоў было балючай тэмай, бо разумелі, што намі будуць залапліваць дзіркі.

Не на настаўніка, а на бюджэт у легендарны ін’яз. Такіх выпадковых людзей сярод маіх аднакурсьнікаў — амаль усе. Разьмеркаваньне для ўсіх выпускнікоў было балючай тэмай, бо разумелі, што намі будуць залапліваць дзіркі, таму ўсе спрабавалі знайсьці найменшае зло ў выглядзе школы непадалёк ад дому, напрыклад. Для мяне разьмеркаваньне таксама ня ёсьць той самай дапамогай зь першым працоўным месцам, як гэта пазыцыянуецца. Хутчэй вяртаньне пазыкі. Як прыгоннае права. Нешта бярэш, потым ахвяруеш свабодай.

«Прыгоннае права. Нешта бярэш, потым ахвяруеш свабодай»

Умовы працы ў мяне ня самыя горшыя, чула шмат гісторый, мне адносна пашанцавала. Нягледзячы на гэта, заставацца не зьбіраюся, калі ішла ўладкоўвацца на гэтую працу, ужо ведала, што гэта 2 гады і ўсё.

Мяне і ня хочуць пакідаць, бо занадта шмат ад мяне клопату: то свае правы адстойваю, то навучэнцаў. Добраахвотна на такую працу адэкватны чалавек з пачуцьцём самапавагі і справядлівасьці ня пойдзе. У нас працуюць пэнсіянэры, якія нічога іншага рабіць ня ўмеюць, ды і ня возьмуць іх старых больш нікуды, а моладзь трымаецца за месца ў інтэрнаце (там жыве мо палова выкладчыкаў, у той час як шмат якія навучэнцы вымушаныя здымаць жытло).

«Добраахвотна на такую працу чалавек з пачуцьцём самапавагі і справядлівасьці ня пойдзе»

Галоўная праблема — непрыхаваная эксплюатацыя настаўніцкіх кадраў.

Галоўная праблема — непрыхаваная эксплюатацыя настаўніцкіх кадраў. Я кажу не пра дадатковую працу, якая хоць ускосна тычыцца выкладаньня, напрыклад, падрыхтоўка дзяцей да алімпіяды, а пра розныя паходы на хакеі, пра ўдзел у «шоў Ярмошынай», удзел у прыёмнай камісіі, падрыхтоўкі да праверак у выглядзе прыходу ў выходны дзень, каб вымыць батарэі.

Можна дадаць маніпуляцыі з боку кіраўніцтва, бо кантрактная сыстэма дае такія магчымасьці. Не прыйшоў выкладчык мыць батарэі — не працягнем кантракт. Калі раней трэба было шукаць аб’ектыўную прычыну для звальненьня, то зараз сканчэньня кантракту больш чым дастаткова. Пасьля бюракратыя: ці правёў пэдагог свой гурток і чаму ён на ім навучыў дзяцей, нікога не цікавіць, але калі няма адпаведнага запісу ў патрэбных паперах — не абысьціся без заўвагі, а то і вымовы. Трэцяе — ідэалягізаванасьць кіраўніцтва ўстановы. Як у савецкі час. Цалкам могуць сабе дазволіць выразы кшталту «мы дзяржаўная ўстанова, вам дзяржава плаціць заробак! У нас тут ідэалёгія» і г.д. па сцэнары. Гэта неяк нават не хаваецца. Пасьля — узровень навучэнцаў. Бяруць да нас зараз па адзнаках з атэстату за 9 кляс. То бок, ніякіх іспытаў, нічога. Дзеці ёсьць абсалютна ніякія, некаторых на 3-м курсе даводзіцца вучыць чытаць па-ангельску.

Але справа яшчэ і ў тым, што нікога не выганяюць. Чамусь прынята адлічваць толькі тых, хто перастаў зусім зьяўляцца. Прычым адлічваюць праз год, цягам якога тэлефануюць, упрошваюць прыйсьці, трымаюць месца.

«У маіх далейшых плянах сысьці з працы на дзяржаву назаўжды»

Каб не галадаць, усе выкладчыкі маюць па 2-2,5 стаўкі. Няцяжка здагадацца, як гэта адбіваецца на якасьці выкладаньня.

Што тычыцца плюсаў, то гэта 2 месяцы адпачынку, кароткі працоўны дзень. З больш духоўных плюсаў — камунікацыя з моладзьдзю, магчымасьць уплываць на іхні сьветапогляд, вучыць ня столькі прадмету, колькі разумець, што адбываецца навокал, бо ніхто ж апрача мяне ім не раскажа.

Заробак забыла згадаць, дарэчы. Каб не галадаць, усе выкладчыкі маюць па 2-2,5 стаўкі. Няцяжка здагадацца, як гэта адбіваецца на якасьці выкладаньня. У маіх далейшых плянах сысьці з працы на дзяржаву назаўжды. Разглядаю варыянты зьмены кірунку, атрыманьня новай адукацыі. На крайні выпадак буду займацца рэпэтытарствам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG