Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці. Вячаслаў Макаўчук


27 сьнежня раптоўна памёр журналіст Вячаслаў Макаўчук. Спынілася сэрца. Яму было 63 гады.

Нарадзіўся Вячаслаў Макаўчук у 1952 годзе ў вёсцы Бабаевічы Клецкага раёну. Працоўную дзейнасьць пачаў карэспандэнтам клецкай раёнкі «Да новых перамог», быў уласным карэспандэнтам Беларускага радыё ў Берасьцейскай вобласьці. На пачатку 1990-х пераехаў у Менск, працаваў у інфармацыйным агенцтве Інтэрфакс, апошнія гады — на Радыё Свабода.

Калега Вячаслава Макаўчука Ўладзімер Глод працаваў зь ім побач у адным кабінэце амаль 10 гадоў. Спадар Глод згадвае, як Вячаслаў умеў разгаварыць людзей:

«Ён заўсёды, калі пачынаў размаўляць зь людзьмі, казаў: „Не крыўдуйце на мяне, калі ласка...“ Гэта была і даніна павагі да людзей, зь якім ён размаўляў, і, магчыма, разам з тым такое прабачэньне, можа, ён нешта непрыемнае запытаў. І, мабыць, было вельмі цяжка пасьля такога звароту не адказаць Вячаславу. Мабыць, мала хто ў нас на радыё мог параўняцца зь ім па ўменьні „дастаць“ неабходную інфармацыю менавіта ад тых людзей, якія займаюць чыноўніцкія пасады. Вячаслаў меў неверагодныя здольнасьці разгаварыць людзей. Ён вельмі добра дапамагаў сваім калегам з абласьцей. І заўсёды з чыноўнікамі размаўляў на роднай беларускай мове. І многія з чыноўнікаў, пачынаючы адказваць па-расейску, пераходзілі на беларускую мову».

Калега Анатоль Гатоўчыц кажа, што пра Вячаслава Макаўчука, выдатнага радыёжурналіста й шчырага сябра, ня хочацца гаварыць у мінулым часе:

«Ён, падаецца, і зараз ёсьць — спакойны, ураўнаважаны, заклапочаны асьвятленьнем беларускіх навінаў — ад Пінску да Полацку, ад Добрушу да Ваўкавыску. Толькі Вячаслаў умеў зьвязаць у адзін лягічны ланцужок падзеі з розных рэгіёнаў, каб выявіць у іх заканамернасьць, убачыць тыповую зьяву, хоць у эканоміцы, хоць у грамадзкім жыцьці. Ён, шчыры беларус, дбаў пра Беларусь і жыў Беларусьсю. І верыў, што слова таксама дапамагае абазнанаму чалавеку пераадольваць любыя жыцьцёвыя бар’еры і загародкі.

Памятаецца, аднойчы ён дабраўся ажно да Іерусаліма, каб пабачыць, дзе ўзышла бэтлеемская зорка веры ў Збаўцу. Са сьвятлом гэтай зоркі Вячаслаў і пакінуў родную зямлю, пакінуўшы й сваё сьвятло ў сэрцах тых, хто яго ведаў і разумеў».

Слава Макаўчук меў вельмі шмат сяброў па ўсёй Беларусі, яго любілі і паважалі калегі ў рэгіёнах. Віцебская журналістка Браніслава Станкевіч узгадвае:

«Слава Макаўчук быў адным з тых журналістаў, якога цікавіла жыцьцё па ўсёй нашай краіне. Здавалася б, чалавек жыве ў сталіцы, у яго абмежаванае кола інтарэсаў, але ён ведаў, што робіцца ў кожным рэгіёне, зь ім можна было заўсёды абмеркаваць нейкія мясцовыя навіны. У яго было вельмі шмат сяброў у глыбінцы. І вось зараз усе гэтыя сябры засталіся бяз добрага, шчырага, дасьціпнага Славы Макаўчука».

Калега Вячаслаў Ракіцкі кажа, што Слава Макаўчук быў у самым лепшым сэнсе журналістам старой школы, у яго выдатна атрымлівалася разгаварыць людзей — зь мікрафонам ці праз тэлефон, прычым, людзей не сталічных:

«Гэта тая якасьць, якой цяпер вельмі мала журналістаў валодаюць. Некаторыя ягоныя матэрыялы ў мяне выклікалі нават нейкую прафэсійную зайздрасьць, таму што гэта зусім іншы тып журналістыкі. І шкада, што такія мэтры сыходзяць, таму што зрабіць „copy paste“ значна прасьцей, і матэрыялы больш эфэктныя. Ягоныя матэрыялы былі ціхія, спакойныя, але напоўненыя чалавечнасьцю.

Я хацеў бы ўзгадаць і чалавечыя якасьці Славы. Мяне вельмі ўражвала ягонае стаўленьне да дачкі Камілы, якая нарадзілася ў яго даволі позна. Калі дзяўчынка была яшчэ ў пялюшках, ня ўмела хадзіць, гаварыць, чытаць, ён пачаў зьбіраць для яе бібліятэку. Я памятаю, як ён зьвяртаўся да мяне з просьбай, каб я падпісаў менавіта для Камілкі свае кнігі.

Славу я вельмі часта сустракаў на прэм’ерах у тэатрах — разам з дачкой Камілай, ён заўсёды думаў, што трэба выхаваць дачку.

Слава быў вельмі набожны, шчыры, праўдзівы каталік. Для яго сям’і гэтыя Каталіцкія калядныя сьвяты былі запоўненыя нейкай асаблівай цішынёй і сьвятасьцю».

У Вячаслава Макаўчука засталіся дарослыя сын і дачка, а таксама 12-гадовая дачка Каміла. Пахаваюць Вячаслава Макаўчука на вясковых могілках ва Ўзьдзенскім раёне 29 сьнежня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG