Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяса з крывёю, аголеныя акторы, дзіцячыя здымкі Ўлада Кавалёва — Свабодны тэатар паказаў у Менску беларускую вэрсію «Пякельнай кухні»


«Менск — месца кулінарнага раю», — вітае гледачоў шэф-кухар Павал Гарадніцкі. «Златка», «хадун», «рамантычная катлетка «папараць-кветка» — перасыпаючы прамову звыклымі назвамі, пякельны шэф-кухар знаёміць кожнага меркаванага ўладальніка кнігі «Чатырыста страваў з бульбы» з рэцэптамі іншага кшталту.

«Вы будзеце каштаваць усе гэтыя стравы і разумець, наколькі лёгка для вас паўтарыць усе гэтыя прывабныя рэцэпты тут і цяпер», — абяцае шэф.

Як сапраўдная кухня, пастаноўка гарантуе ўзрушвальнае пекла смакаў, пахаў, музыкі і рухаў. А напрыканцы вас прымусяць плакаць у самым літаральным сэнсе, нават калі вы гэтага не хацелі. Такога зь менскім гледачом яшчэ не рабілі.

Ці вы ведалі, што забіваючы чалавека на электрычным крэсьле, ток уключаюць двойчы на хвіліну зь перапынкам у 10 сэкунд? І нават пасьля гэтага людзі заставаліся жывымі, ток даводзілася пускаць наноў, а ніхто ня ведае, наколькі гэта балюча? Што ў Тайляндзе забівалі асуджаных на сьмерць з кулямёта, а каб забіць камянямі, трэба дзьве гадзіны? Што некаторыя асуджаныя да сьмерці ў газавай камэры праводзяць у ёй пякельныя хвіліны перш, чым памерці?

За некалькі хвілінаў акторы СТ адладжанай плястыкай выяўляюць розныя віды забойства, і за гэтымі зграбнымі адпрацаванымі рухамі зразумела — у кожную працэдуру пазбаўленьня жыцьця людзі ўклалі столькі ж душы, фантазіі і нацыянальных традыцый, колькі ў прыгатаваньне любімай стравы.

А кніга «400 рэцэптаў з бульбы» захоўваецца ў кухні чалавека, дзяржава якога ў сярэднім забівае па два чалавекі ў год. У цябе — грамадзяніна адзінай краіны Эўропы, у якой ёсьць сьмяротнае пакараньне.

Ідэя спалучыць кулінарыю з забойствам прыйшла ў галаву рэжысэру спэктакля Мікалаю Халезіну.

«Для мяне ўсё гэта пра працэс разбурэньня, які можа знаходзіць разнастайныя формы. І гэта характэрна і для кулінарыі, і для забойства, — кажа акторка спэктакля Віка Біран. — Я ўпэўненая, як можна знайсьці знатных кулінараў, у якіх свая экіпіроўка, спэцыяльныя рэцэпты, дык з забойцамі тое самае. Гэта было зразумела, калі мы вывучалі фактычную частку выкананьня прысуду — і іх розныя спосабы, рытуалы, дадатковыя прымочкі...»

Каб даведацца «беларускі» рэцэпт забойства, да актораў адмыслова прыяжджаў палкоўнік Алег Алкаеў.

«Мы праводзілі экспэрымэнт — ён прызначаў людзей: ты намесьнік пракурора, ты выканаўца, ты яшчэ нехта. Мяне выбралі тады ахвярай, — кажа Віка. — Алкаеў усё гэта пільнаваў на пляцоўцы і казаў „так цела падае“, ты зараз упала няправільна, чалавек звычайна падае ў такую позу».

Палкоўнік Алкаеў кіраваў камандай, якая выконвае ў Беларусі сьмяротныя прысуды. Кажа, што за гэты час забілі 134 чалавекі. Відэа зь ягоным удзелам дадалі ў беларускую вэрсію спэктаклю.

«Яго (асуджанага на сьмерць — РС.) выклікаюць у суседні пакой, дзе ўжо знаходзіцца выканаўца, узброены пісталетам, два чалавекі ставяць яго на калені, выканаўца страляе ў галаву. Гэта імгненна. Каб чалавек не арыентаваўся ў прасторы, яму завязваюць вочы. Ён лічыць, што яго вядуць да машыны, насамрэч яго вядуць на расстрэл», — спакойна і пасьлядоўна сівы чалавек на відэа распавядае пра сваю працу.

Акторы на сцэне, уяўляючы наведнікаў кальяннай за тлумам дыму імітуюць вуснамі яго прамову. Гэта тыя ж самыя людзі, якія ў 1996 годзе на рэфэрэндуме 80,44% працэнтамі выказаліся за сьмяротнае пакараньне, а значыць за тое, каб гэты стрэл у галаву стаў магчымым.

Традыцыі «узаконенага забойства» Свабодны тэатар вывучаў перад пастаноўкай у Гане, Малайзіі, Тайляндзе. Гісторыю асуджанага да сьмерці Ліэма Холдэна зь Белфасту, які агаварыў сябе ў забойстве пад жудаснымі катаваньнямі і быў асуджаны да сьмерці, распавядаюць, выводзячы на экран тытры зь лічбамі, якія лёгка прыняць за інгрэдыенты. «17 год Ліэм Холдэн знаходзіўся ў турме... 29,3 адсоткаў свайго жыцьця ён правёў у зьняволеньні».

З Афрыкі прывезьлі гісторыю часоў генацыду ў Руандзе. Вялікім нажом, амаль мачэтэ, шэф-кухар разьбірае і смажыць мяса. Акторка (Станіслава Шаблінская) голасам жанчыны тутсі распавядае, як яе муж хуту забіў, разабраў на кавалкі і пасмажыў траіх іх дзяцей. І пасьля яе саму. Кожная порцыя — кожнае забітае па загадзе часовага ўраду Руанды ўласнае дзіця.

«Я вас не люблю», — абыякава кажа бацька хуту (актор Кірыл Машэка), седзячы на падлозе сярод расьціснутых арахісавых гарэхаў. Памяшканьне напоўненае пахам смажанага мяса і гарачай крыві.

«Я хачу плакаць увесь час, калі я ўнутры, — распавядае Кірыл пасьля спэктаклю. — Я не магу сядзець і раўці. Але мне хочацца гэтага, і гэта ўдвая цяжка. Часта там ёсьць выхады за кулісы і выбягаю — выдыхнуў і назад».

«Прырода гвалту аднолькавая, — лічыць актор Павал Гарадніцкі. — Тое, што адбылося ў Руандзе, магло пры пэўных умовах адбыцца паўсюль, і ў нас.

— І не магло, а адбывалася, — дадае актор Андрэй Уразаў.

Trash cuisine — адзін з самых пасьпяховых спэктакляў у замежнай кар’еры Свабоднага тэатру. Міжнародным складам і па-ангельску яго гралі ў Лёндане, Нью-Ёрку і Амстэрдаме. «Кулінарнае падарожжа па колах зямнога Пекла» — апісвала амстэрдамскую прэм’еру Свабода два гады таму. «Грубая ежа для моцных страўнікаў», — адрэцэнзаваў спэктакль Нью-Ёрк Таймс сёлета ў красавіку.

«Будзе несумленна перад беларускім гледачом не паказаць спэктакль тут», — сказала прадстаўніца СТ Сьвятлана Сугака перад трыма дзясяткамі жыхароў і жыхарак Менску, якія сабраліся перадкалядным вечарам серады 23 сьнежня паглядзець «Пякельную кухню».

Менская вэрсія адрозьніваецца ад арыгіналу. Усе акторы беларусы, трое зь іх зьмянілі свае ролі ў спэктаклі, а яшчэ трое ўвайшлі ў яго наноў. Маштабнае па тэатральных памерах дзеяньне давялося зьмяшчаць на менскую пляцоўку «шэсьць на шэсьць». І толькі сам тэатар, якому даступныя самыя цікавыя пляцоўкі ў сьвеце, на радзіме застаўся ў статусе падпольнага.

Зь першымі хвілінамі спэктаклю вуха сталых наведнікаў пачынае лавіць гукі звонку. Чаканьне тупату берцаў, гуку выбітых дзьвярэй і крыку «стаць каля сьцяны, рукі за галаву!». Мне доўга здавалася, што такое адбываецца толькі са мною, бо АМАП аднойчы забіраў мяне з пастаноўкі СТ. Але, паразмаўляўшы зь іншымі гледачамі, я ведаю — гэтых гукаў і крыкаў падсьвядома чакае ці ня кожны.

«Мы ўсе тут параноікі», — сьмяецца мэнэджэрка Надзя, якая цешыцца, што год таму ў СТ зьявілася пляцоўка, даступная «24 гадзіны на суткі». Цяпер гэта двухпавярховы цёплы гараж амаль у цэнтры Менску. Гледачоў па-ранейшаму сустракаюць ва ўмоўным месцы і прыводзяць сюды парамі.

«Часам сярод нашай аўдыторыі мы бачым тых, хто ня наша аўдыторыя, а людзі, якія прыйшлі „з таго боку“. Яны нічога ня робяць, але для нас выглядаюць падазрона. Яны глядзяць спэктакль і сыходзяць. Мы ведаем, што часам нашых гледачоў запрашаюць на нейкія размовы: „што вы там рабілі, чаму, а не жадаеце папрацаваць на нас трошачку, будзеце іхнымі гледачамі, а нам будзеце распавядаць, што там адбываецца“, — кажа Надзея.

Адбываецца тое, што ў спэктаклі гісторыя ці ня самага вядомага асуджанага на сьмерць беларуса Ўлада Кавалёва распавядаецца словамі яго маці — Любові, дзіцячымі фота забітага і надрыўнымі гукамі Купалінкі.

„Многія людзі вераць таму, што прачыталі ў газэце“, — кажа актор Сяргей Квачонак, які ўвасабляе Кавалёва ў пастаноўцы. — маўляў, „так, яны (Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў — паводле афіцыйнай вэрсіі, арганізатары тэракту ў Менскім мэтро ў 2011 годзе — РС.) — забойцы, мы іх ненавідзім“. Мне хочацца, каб яны падумалі. Бо я ведаю словы маці, я яе бачыў, я зь ёю размаўляў, мне хочацца данесьці да людзей, што напэўна нешта было па-іншаму, нешта ёсьць дзіўнае ў тым, што за год хлапцоў расстралялі».

«Я не апраўдваю іх, — тут жа дадае Сяргей. — Магчыма, там нешта было, магчыма не, але мне здаецца, што гэта было вельмі хутка і вельмі пасьпешліва. Я гаварыў з маці, я ня веру, што яны ўзарвалі мэтро. Хачу, каб глядач таксама пра гэта падумаў і зрабіў свае высновы».

«Спэктакль выклікаў захапленьне і агіду», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі маладая дзяўчына пасьля прагляду. — Што да сьмяротнага пакараньня, то калі казаць пра маю пазыцыю, то я, напэўна, скажу як сярэднестатыстычны чалавек, якога гэта ніколі асабіста не закранала. Думаю, што большасьць людзей ня маюць сфармаванай пазыцыі».

«Я зразумеў, што рэальныя судовыя памылкі магчымыя, і не па фільмах «Пабег з Шоўшанка, а гэта ў нас адбываецца, — кажа Павал Гарадніцкі. — У гісторыі Кавалёва столькі цёмных плямаў. Па лёгіцы, трэба было б працягваць працэс. А іх „раз-раз“ — і ўсё, няма людзей. Заканадаўства дазваляе. А калі б у нас сьмяротнае пакараньне не было дазволенае, то разьбіраліся б далей, пасадзілі б, доказы зьбіралі...»

«Раз-раз» — грукаюць па драўлянай паверхні вострыя нажы на «Пякельнай кухні». Кухня ня можа астыць, там увесь час патрэбныя новыя інгрэдыенты. У Руандзе за 3 дні засеклі мачэтэ 28 тысяч чалавек, у Беларусі пасьля справы Кавалёва-Канавалава вынесьлі яшчэ 6 сьмяротных прысудаў.

«Я чытаў артыкул, як адзін НКУСавец расстрэльваў па 10-20 тысяч чалавек, — кажа актор Сяргей Квачонак. — Учора я ехаў і думаў, як такі чалавек мог спакойна жыць, дажыць да пэнсіі? Як такое можа быць на зямлі, я проста ня ведаю?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG