Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Андрэй Адамовіч


Андрэй Адамовіч. Фота Зарыны Кандрацьевай

Андрэй Адамовіч. Фота Зарыны Кандрацьевай

Андрэй Адамовіч — паэт, празаік, перакладчык зь японскай мовы. Нарадзіўся ў 1984 у Менску, там і жыве. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (2006). За кнігу паэзіі «Дзень паэзіі сьмерці дзень» (2012) уганараваны прэміяй «Дэбют». Тройчы перамагаў у конкурсах маладых літаратараў Беларускага ПЭН-цэнтру (2006, 2010, 2012). Удзельнік міжнародных літаратурных фэстываляў («Кіеўскія ляўры», «Вялікае княства паэзіі», «Вершы на асфальце» і інш.). Творы перакладзены на літоўскую, польскую, грузінскую і інш. мовы. Сябар Беларускага ПЭН-цэнтру.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Рамка пытаньня такая цікавая, што немагчыма прайсьці міма і не сказаць пра яго (іх насамрэч) некалькі словаў. Імпліцытна пытаньне ўтрымлівае перакананьне, што існуе нейкі Ідэальны Чытач, для якога пішуць Пісьменьнікі (згадзіцеся, не сказаць, каб тонкае назіраньне). Такі сабе Народ або Калгасьнік або Працоўны або Інтэлектуал. Або нават Сябра БНФ. Здаецца, што пытаньне адмыслова пастаўлена так, каб сабраць на яго стэрэатыпныя адказы («пішу для сябе», «пішу для сяброў», «пішу для тых, хто разумее») і зрабіць на гэтай падставе выснову, што сучасныя беларускія пісьменьнікі ня ведаюць свайго Чытача. Аднак ніякага Чытача, як ніякага Пісьменьніка, не існуе, хоць рамантычная ідэя жыве. Зрэшты, ніколі і не існавала. Аўтар, з-пад кліна якога выйшлі таблічкі з Хумбабаю, нічога ня ведаў ні пра вас, ні пра мяне, але вось жа перажыў неяк ягоны герой тысячагодзьдзі. Таму я адкажу на пытаньні асобна. Што тычыцца таго, для каго я пішу: я пішу для чаго — для эндарфінавай асалоды, якую дае мне адчуваньне добра зробленай працы (хай насамрэч праца зроблена пагана). Ніякага ідэальнага чытача ў мяне не існуе, кожны мае калі дробныя, а калі і буйныя хібы.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Пішацца мне заўсёды цяжка і са страхам, што нічога ня выйдзе, і страхам перад адкрыцьцём сябе сьвету. Але з гэтым, відаць, нічога не паробіш. Ніякіх асаблівых умоваў няма. Галоўнае мець дастаткова вольнага часу, 3-4 гадзіны як найменей, і, пажадана, ноўтбук без інтэрнэту.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Калі б гэтае пытаньне гучала як «Якая вашая любімая кніга?», я б сказаў, што «Хітрык 22» (але гэта пад настрой, учора былі — «Браты Карамазавы», а заўтра будзе — «Фіяска», пасьлязаўтра — нешта іншае). Але паколькі я атрымліваю асалоду, калі завяршаю працэс пісаньня твору, дык вялікай розьніцы няма, што менавіта завершыць.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Прыгадваюцца словы Мілаша: «... а ён ім зайдросьціў, сароміўся вечных сваіх сумніваў, шчасьлівы, што разам з ім зьнікне і хворая памяць...».

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Добрых пісьменьнікаў столькі, што ад варыянтаў круціцца галава, але хай будуць Дастаеўскі і Лем.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Цяпер нічога, бо толькі скончыў «Вір» Пітэра Ўотса. Аўтар моцна расчараваў. У параўнаньні з «Blindsight» (чытаў па-руску, але ня ведаю, як адэкватна перакласьці на беларускую) — гулкая пустэча.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Па-ангельску зь цяжкасцью, па-ўкраінску.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

У мяне ўсяго дзьве кнігі: паэтычная «Дзень паэзіі сьмерці дзень» (2012 г.) і празаічная «Таўсьціла і лешч». На момант запаўненьня анкеты наклад празаічнай кнігі яшчэ не дадрукаваны, думаю, што на момант выхаду анкеты проза акурат зьявіцца ў кнігарні «Логвінаў». Але абедзьве кнігі мне ўжо не падабаюцца. Буду намагацца напісаць лепш.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Цяпер працую над аповесьцю з працоўнаю назваю «Вочы тваёй», калі ўсё будзе добра, скончу яе ў 2016 годзе. Але думаю, што асобнай кнігай друкаваць ня буду. Наогул я яшчэ даволі малады чалавек, спадзяюся, што напішу яшчэ не адну, а прынамсі дзьве кнігі.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі не тэлефоняць і не лістуюць па працоўных пытаньнях.

XS
SM
MD
LG