Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяжэлавата! Галоўныя навіны Беларусі-2015 у мэмах


У мэмах, Карл! Чорна-сініх і бела-залатых.

Гэты год стаў для сусьветнага інтэрнэту годам кіно — ніколі яшчэ не было столькі інтэрнэт-мэмаў, народжаных зь фільмаў. А для Беларусі — годам перамогаў, хоць часам і вельмі спрэчных.

2015 год падарыў інтэрнэту самае натхняльнае матывацыйнае відэа. Зорка «Трансформэраў», амэрыканскі актор Шая Ла-Баф зьняўся ў загадкавым, але вельмі эмацыйным відэа. Яго крык «Зрабі гэта! Проста ЗРАБІ ГЭТА!!» натхніць і мёртвага.

Адным зь першых мэмаў Беларусі ў 2015 годзе стала падача крэсла Пуціну. Дакладней, непадача: Лукашэнка загаварыўся з Мэркель і, сам таго не заўважыўшы, адбіраў крэсла ў расейскага калегі.

Хіба не галоўным словам-паразытам 2015 году можна лічыць імя «Карл». Актор Эндру Лінкальн упаў у вельмі яскравую гістэрыку ў адным з эпізодаў сэрыялу «Хадзячыя мерцьвякі» — проста перад сваім кіна-сынам. Да кадраў сталі дадаваць усялякія эмацыйныя фразы са зваротам «Карл». Пэўны час сьмешна станавілася ад любой фразы з дадаткам гэтага імя: «Даляр ужо 18 тысяч! 18, Карл!» — і ўжо ня так сумна.

Падаткам году можна лічыць «падатак дармаедаў»: за тое, што ты не працуеш, ад 2015 году давядзецца плаціць. Як і плаціць за тое, што працуеш. Плаціць, бо не працуеш, Карл!

Наогул жа кінаманы добра вывучылі за апошнія гады словы «прыквэл» і «спін-оф». «Міньёны» былі адначасова і тым, і тым. Мультфільм сабраў неблагую «касу» і даў гледачам яшчэ раз паглядзець на ўлюбёных нязграбных памагатых злодзеяў — а выявы гэтых герояў на пару месяцаў захапілі інтэрнэт.

Француска-расейскі актор Жэрар Дэпардзьё раптоўна прыехаў у Беларусь. І Лукашэнка разам з сынам і міністрамі стаў касіць зь ім траву. Не пытайце, чаму. І так увесь байнэт пытаў, чыя ж гэтая фэрма, што на ёй косяць траву такія людзі.

У лютым сьпявачка Кэці Пэры выступіла на галоўнай спартовай падзеі ЗША: «Супэр-боўле», фінале Нацыянальнай футбольнай лігі (футбол ня той, які нага-мяч, а той, які рука-яйка). Выступ сьпявачкі запомніўся загадкавай падтанцоўкай дзьвюх акулаў, пры чым пыса левай акулы выказвала ўвесь боль і ўсю апатыю амэрыканскага народу. Таму тая акула стала гераіняй любой незразумелай сытуацыі.

Незразумелай сытуацыяй і для Беларусі, і для сьвету, і для саміх удзельнікаў падзеяў стаў візыт Мікалая Лукашэнкі на Генэральную асамблею ААН. За мяжой гэта маглі патлумачыць толькі тым, што Мікалай прызнаны пераемнікам Аляксандра Рыгоравіча.

Першакрасавіцкі жарт папулярнай у Беларусі расейскай сацсеткі «УКантакце» можна лічыць удалым. Штораз, як карыстальнік 1 красавіка націскаў «Мне падабаецца» пад любым запісам, зьяўляўся зьдзіўлены чалавечак і надпіс «Нічосі!». Чалавечак спадабаўся карыстальнікам і карыстальніцам і стаў адным з сымбалеў «УКантакце», а слова набыло шырокі распаўсюд і за межамі сацсеткі.

Для каго нечакана, а для каго прадказальна Лукашэнка перад выбарамі выпусьціў з турмаў палітычных апанэнтаў. «Сыходзячы з прынцыпу гуманізму», як пазьней патлумачылі. За кратамі засталіся хіба фігуранты справы графіцістаў і прадпрымальнік Віктар Пракапеня, але сёньня на волі ўжо і яны. Магчыма, таму зь Беларусі зьнялі частку санкцыяў — Лідзія Ярмошына нарэшце зможа, як раіў Раманчук, пабачыць Парыж.

Загадка году: якога колеру сукенка? Просьценькае фота сукенкі трапіла на перадавіцы амэрыканскіх газэтаў і ў навуковыя дасьледаваньні, ды сьвет так і ня вырашыў, ці была сукенка бела-залатой, ці чорна-сіняй — усё з-за складанага асьвятленьня.

Сукенка — вось самы непрадказальны момант прэзыдэнцкіх выбараў. Хто на іх пераможа, ведаў і народ, і кандыдаты, ды і супраць вынікаў, нягледзячы на стан эканомікі, асабліва не пратэставалі. «Усе ўсё ведаюць». А вось чаго ня ведалі, дык у якой сукенцы старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына зьявіцца на інаўгурацыі Лукашэнкі. Хоць якая інтрыга. Зьявілася ў фіялетавай. Ці бэзавай?

У 2015-м інтэрнэт прыгадваў 1985-ы год, бо з 1985-га ў 2015-ы выправіліся героі папулярнага фільму «Назад у будучыню-2». Сьвет глядзеў, як 30 год таму ўяўлялі будучыню — сёньня гэта выглядае даволі камічна, хаця са сканэрамі адбіткаў пальцаў і скайпам аўтары адгадалі. Свабода ж адсылала назад у будучыню беларускіх «адраджэнцаў».

Беларуская эканоміка тым часам трапіла назад, але ня ў сьветлую будучыню. Хоць пяць гадоў таму Лукашэнка абяцаў сярэдні заробак у тысячу даляраў, у 2015-м празь няспынную інфляцыю зарплата ўпала ніжэй за 400 даляраў, не дацягваючы нават да колішніх сакральных «папіцот». І працягвае зьмяншацца ня толькі ў даляравым эквіваленце, але і ў рублях.

Але самым чаканым фільмам году былі, бясспрэчна, «Зорныя войны». Калі папярэднія эпізоды касьмічнай сагі канцэнтраваліся на палітыцы, новы, «Прабуджэньне сілы», як і клясычныя эпізоды, паказваў хутчэй «тэхнаняшнасьць» (такое слова часта чулася ў інтэрнэце — то значыць, замілаваньне тэхналёгіямі). І галоўным героем у інтэрнэце сталі не джэдаі ці сітхі, а круглы дроід ВВ-8, аб якім марыў кожны другі гік (аматар «тэхнаняшнасьці»), такая бібліятэка з галоўкай, што кажа «мур-мур-мур».

Эканоміка пачувалася так сабе, затое ў адукацыі была сапраўдная перамога: Беларусь далучылі да Балёнскага працэсу. Як бы наблізіліся да Гарварду. Праўда, Беларусь для таго нічога не рабіла, а пазьнейшая практыка паказала, што і ахвотна парушала нормы Балёнскага працэсу што да студэнцкага самакіраваньня.

«Зорныя войны» ўжо сабралі больш за паўмільярды даляраў і могуць пераплюнуць па зборах нават «Шалёнага Макса», які быў героем інтэрнэту ў сярэдзіне году. Але не пераплюнулі па колькасьці мэмаў. Каму ў «Максе» запомніўся покліч камікадзэ «Што за дзень! Што за цудоўны дзень!», каму — аналёгія з дарогай туды і назад у «Хобіце», а каму — ня менш шалёны за Макса гітарыст. Кажуць, яго па крутасьці можа пераплюнуць толькі дырыжор, які кіраваў тысячай італьянскіх рокераў.

Хаця ў крутасьці з тым гітарыстам могуць паспрачацца студэнты і студэнткі, якія адважыліся выйсьці на пратэст супраць рашэньня пра платныя пераздачы і ігнараваньне зачаткаў самакіраваньня. Ім «намякалі», іх папярэджвалі, але некалькі дзясяткаў чалавек усё роўна выклікалі рэктара «на дыван», хоць той і ня выйшаў.

Яшчэ адзін касавы рэкардсмэн і стваральнік мэмаў сёлета — «Сьвет Юрскага пэрыяду». Гледачоў асабліва ўразіў эпізод, у якім дрэсіроўшчык дына-заапарка спрабуе супакоіць трох драпежных дыназаўраў — супрацоўнікі рэальных заапаркаў сталі паўтараць за ім.

Перамога была і ў сфэры абароны. Расея намякала на жаданьне збудаваць пад Бабруйскам авіябазу — але пасьля масавых пратэстаў тая база выявілася непатрэбнай Беларусі.

Ды што там дыназаўры, што там джэдаі, калі зноў давялося ратаваць Мэта Дэймана — яго героя забылі на Марсе ў фільме «Марсіянін». Яго неверагодная рашучасьць і воля да жыцьця, а таксама дзіўная здольнасьць вырошчваць на Марсе бульбу, падарылі беларусам і вясёлую пародыю: «Беларусіянін».

Невялічкая перамога ў беларускай эканоміцы за год усё-ж была: праз расейскія «антысанкцыі», што пазбавілі расейцаў мноства замежных прадуктаў, Беларусь стала лідэркай па пастаўках ківі ў Расею. Рассельгаснагляд зьдзіўляўся: як гэта ў Беларусі так добра ўрадзілі ківі, папая, абрыкосы і апэльсіны? Ня йначай, Мэт Дэйман вырошчваў, ён і на Марсе бульбу вырасьціць.

Ад кіно ў рэальны сьвет інтэрнаўтаў вярнулі квокі. Гэта караткахвостыя кенгуру, больш падобныя да схуднелага бабра з добразычлівасьцю Пятра Пракаповіча. Яны жывуць толькі на ўскраіне Аўстраліі — навукоўцы пра іх ведалі даўно, а турысты раптоўна палюбілі. І пачалі лётаць у Аўстралію проста дзеля таго, каб зрабіць сэлфі з квокамі, якіх называлі «самымі няшнымі зьвярамі году» (няшнымі — то значыць мілымі, спытайце аматараў японскіх мультфільмаў).

І ў беларускай фінансавай сфэры нарэшце зьявілася нешта няшнае — манэты, упершыню за 350 год. Дакладней, зьявіліся самі манэты разам з новымі рублямі яшчэ ў 2009 годзе, яшчэ з подпісам Пятра Пракаповіча, а ў абароце зьявяцца толькі летам 2016-га. Затое многія радаваліся, як тыя квокі, самому факту зьяўленьня манэтаў — а Адам Глобус нават прыгадаў свой верш пра тое, калі яго профіль выб’юць на манэце.

Ня проста мэм, а новы тып інтэрнэт-мэмаў нарадзіўся ў 2015 годзе. У старым добрым (дакладней, нядобрым і крывавым) «Крымінальным чытве» герой Джона Траволты згублена шукаў дзяўчыну, якая размаўляла зь ім па гучнай сувязі. А інтэрнаўт пад нікам ILikeToWonkaMyWilly параўнаў тыя кадры з тым, як шукае ляльку для дачкі. Іншым спадабалася яго тэхніка: узяць кадры зь фільму і ўклеіць у іх іншы фон, захаваўшы анімаваную карцінку. Дзе толькі Траволта не губляўся!

Згубленымі выглядалі беларускія мэдыі, улады і прадзяржаўныя пісьменьнікі ад галоўнай культурнай перамогі Беларусі, калі іх апанэнтка Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Нобэль, Алексіевіч? Не, ня чулі. Ну ладна, чулі, але лепей пакажам «Бафі» і Малахава, а ў «Панараме» адвядзем гэтай падзеі пару сэкундаў і пакажам далёка ня першай навіной.

Сьвет відэагульняў, звычайна пладавіты на мэмы, сёлета амаль не ўсхваляваў інтэрнэт. Самая чаканая гульня года, Fallout 4, у гумарыстычна-вірусным сэнсе запомнілася хіба абяцаньнямі зьнікнуць з рэальнага жыцьця ў рэтрафутурыстычнай Амэрыцы. Хаця беларусы заўважалі: у сьвеце пасьля ядзернай вайны проста як дома, як у роднай вёсцы. І бульбу можна саджаць, і за Лукашэнку гуляць.

Не пладавітай на навіны была і беларуская вёска. Затое ўрадзіла бульба — мяркуючы па тым, што зьбіраць яе яшчэ да пачатку адпаведнага сэзону выправілі двух Лукашэнкаў. Гэта добра, бульбу на сяле любяць, некаторыя любяць значна больш за нобэлеўскіх ляўрэатаў.

Часам каб утварыўся мэм, ня трэба прыдумляць нічога добрага. Дастаткова проста быць шчырым, простым і крыху наіўным — як расейскі сьпявак Дзьмітры Малікаў, які выйшаў у твітэр і спытаў: «Как у Вас дела вообще? Тяжеловато приходится? Или ничего?». Расейцы пагадзіліся, «тяжеловато», а беларусы заўважылі: гэта ў нас «жэстачайшэ», у іх пакуль проста «цяжэлавата». Малікаў са сваёй шчырасьцю зрабіўся мэмам — і сам падтрымаў «тяжеловато» навагоднім зваротам да расейскага рубля.

Лукашэнка ж з усёй шчырасьцю прызнаўся: «Наступны год будзе вельмі складаным — такога году ў гісторыі нашай краіны не было». Так што будзе ня проста «цяжэлавата», магчыма, месцамі і «жэстачайшэ». Трымайцеся, хай прыбудзе з вамі сіла!

XS
SM
MD
LG