Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пішчом у чужы манастыр са сваім статутам


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Эўропа перапоўненая ўцекачамі з Сірыі. Проста навала. Нас гэта не датычыць. Але закранае.

Нават ксёндз «не хавае галаву ў пясок», гаворыць аб гэтай праблеме ў казані. Хаця звычайна паўтараецца па некалькі разоў усім вядомы біблейскі сюжэт пра нараджэньне хлопчыка ў стайні, цяжкасьці рэчаіснага жыцьця застаюцца ўбаку. Так, вядома, прасьцей. Таму пачуць казань, прысьвечаную ўцекачам, – гэта незвычайна. Я прыйшоў дахаты і напісаў такія радкі, каб не забыцца аб чым была мова:

У касьцёле ксёндз уголас

разважае пра паліткарэктнасьць,

набраўшыся эмоцый

у тэленавінах

пра Эўропу, якая

ў ступары на сьвята,

баіцца мусульман

пакрыўдзіць, не аздабляе

Нотр-Дам у Парыжы.

Калі вам далі месца за сталом,

дык вы шануйце нас,

гаспадароў, якія

працягнулі руку,

абагрэлі, уратавалі

ад вайны. Эўропа тут.

Запомніце, не забывайце.

Ксёндз у роспачы. Яго

няцяжка зразумець.

Што да нас, то ўцекачы краіне не пагражаюць. Прынамсі пакуль. «Нізкі сацыяльны пакет». Беларусы нават працуюць за такія грошы, якія ўцекачам не цікавыя. У Эўропе можна атрымаць у выглядзе дапамогі ўдвая болей, абы там апынуцца. І працаваць ня трэба. Дый дзе? Кім? Калі працы няма.

Мінулым летам мы выбіралі, куды паехаць у Грэцыю. Бачым: прапануюць выгодныя кошты. Пацікавіліся: гэта востраў Самас і два суседнія зь ім завабліваюць. Прычына? Яны перапоўненыя ўцекачамі, што адразу зьбіла цэны. Ніхто з турыстаў ехаць ня хоча… Былі паведамленьні, што спрабуюць прыцягваць да адказнасьці тых капітанаў, якія перавозяць у Грэцыю сотні, тысячы нелегалаў. Нажываюцца на гэтым, парушаючы законы. Нічога з гэтага ня выйшла. Як з гусі вада. Нелегалаў стала мільён. Незаконны бізнэс марскіх перавозчыкаў не спынілі. Хаця магчымасьці такія напэўна ж існавалі.

Людзям у Горадні цяжка зразумець усё гэта. Каб зараз знайшліся дзялкі і вазілі ў суседнюю Літву ляснымі дарогамі нелегалаў аўтобусамі, і ніхто б іх не спыніў? Што б гэта было? Як ні круці, але факт: Беларусь вартуе Эўразьвяз ад патокаў нелегальных мігрантаў. Гэта аплачвае беларус сваімі падаткамі.

А паедзь хто з нашых папрасі, прыкладам, прытулку, то можа атрымаць халодны душ. Зрэшты, сьвет такі, які ёсьць. Палітычнага прытулку дамагаюцца нярэдка тыя, хто ў Беларусі ніякага дачыненьня ні да чаго ня меў. Але вырашыў скарыстаць сытуацыю. Напрыклад, рэпрэсіі пасьля выбараў 2010 году.

Так і з уцекачамі. Большасьць усё роўна цярпіць усе беды радзімы. Меншасьць, само сабой, вельмі актыўная, а нярэдка проста спрытная, вырашае ўсімі праўдамі і няпраўдамі апынуцца ў Эўропе. Якая яе не цікавіць. Цікавіць узровень жыцьця, якога дасягнулі эўрапейцы. Гарадзенскага ксяндза гэта якраз і турбуе: калі са сваім статутам у чужы манастыр пішчом, чым гэта можа пагражаць?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG