Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

15 імгненьняў году № 2015


Сьвята Новага году, якое імкліва набліжаецца, -- добрая нагода азірнуцца на падзеі году, які адыходзіць у гісторыю. Свабода падрыхтавала рэйтынг падзей 2015 году ў Беларусі.

1. Сьвятлана Алексіевіч і Нобэлеўская прэмія

Дзень 8 кастрычніка 2015 году залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю незалежнай Беларусі. У гэты дзень Швэдзкая каралеўская акадэмія навук агучыла імя ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры. Упершыню яе атрымала грамадзянка Беларусі, пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч. 10 сьнежня ў Стакгольме адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджваньня, якую праігнаравалі афіцыйныя асобы і дзяржаўныя СМІ. Пазьней Міністэрства культуры патлумачыла грамадзкасьці, што Алексіевіч ня можа прэтэндаваць на званьне Героя Беларусі, бо заслугі кандыдата павінны быць «выключнымі» і спрыяць «квітненьню дзяржавы».

2. Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнцкія выбары

11 кастрычніка 2015-га адбыліся выбары прэзыдэнта Беларусі. Цэнтарвыбаркам канстатаваў: чарговую «элегантную перамогу» атрымаў нязьменны ад 1994 году кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка — 83,5% галасоў выбарцаў. Канкурэнты ў асобах Тацяны Караткевіч, Сяргея Гайдукевіча і Мікалая Ўлаховіча набралі 9,5% на ўсіх. Такім чынам, Лукашэнка заступіў на пяты тэрмін, зрабіўшы сур’ёзную заяўку на тое, каб стаць эўрапейскім доўгажыхаром на прэзыдэнцкай пасадзе.

3. 5 гадоў Плошчы

19 сьнежня споўнілася 5 гадоў ад моманту папярэдняй прэзыдэнцкай кампаніі, якая завяршылася жорсткімі сутычкамі байцоў спэцназу і мітынгоўцаў. Найбольш масавая за апошнія гады акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў вылілася ў жорсткі разгон яе ўдзельнікаў: былі зьбітыя, затрыманыя і асуджаныя сотні чалавек, за кратамі апынуліся 5 кандыдатаў у прэзыдэнты. Найбольшы тэрмін за «арганізацыю масавых беспарадкаў» атрымаў прэтэндэнт на найвышэйшую дзяржаўную пасаду Мікола Статкевіч, які на патрабаваньне міжнароднай супольнасьці быў вызвалены сёлета. Шэраг палітычных актывістаў, асьцерагаючыся за сваё жыцьцё, вымушана зьехалі за межы краіны.

4. Палітвязьні ўзамен на эўрапейскую адлігу

Палітзьняволеныя заставаліся апошнім козырам у рукаве вышэйшага кіраўніцтва Беларусі. «Туза» ў асобе Міколы Статкевіча давялося дастаць 22 жніўня: узамен на вызваленьне ўсіх палітычных апанэнтаў Эўразьвяз паабяцаў зьняць санкцыі з рэжыму і ягоных служак, заплюшчыўшы вочы на шэраг праблемных момантаў з правамі чалавека ў Беларусі. Неўзабаве на ўласныя страх і рызыку ў Беларусь з Чэхіі вярнуўся іншы былы кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч: ён хоць і застаўся фігурантам справы аб «масавых беспарадках», але, прынамсі, на волі. Вынікам «адлігі» стала прыпыненьне на 4 месяцы санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня. У чорным сьпісе засталіся толькі асобы, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьня грамадзкіх дзеячаў.

5. Палац незалежнасьці як міратворчая пляцоўка

11 лютага афіцыйны Менск пачаў пазыцыянаваць сябе «міратворчай пляцоўкай», а Лукашэнка з эўрапейскага ізгоя пераўтварыўся ў «голуба міру». Беларуская сталіца была абраная месцам збору «нармандзкай чацьвёркі», якая мелася пачаць перамоўны працэс на сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Кіраўнік Беларусі стаў гасьцінным гаспадаром, які «вёдрамі падносіў каву» высокім гасьцям — Ангеле Мэркель, Франсуа Алянду, Пятру Парашэнку, Уладзімеру Пуціну. Зрэшты, больш Палац незалежнасьці ў якасьці нэўтральнай тэрыторыі не выкарыстоўваўся і сустрэчы ў Менску абмяжоўваліся перамовамі пасярэднікаў з кіраўнікамі сэпаратыстаў ад самаабвешчаных ДНР і ЛНР.

6. Вайсковая база як пудзіла для цывілізацыі

18 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін ухваліў распараджэньне аб дыслякацыі расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі. Ад таго часу Масква і Менск абменьваюцца контрвыпадамі, абвінавачваючы адзін аднаго ў вядзеньні двайной гульні. Аляксандар Лукашэнка запэўнівае электарат ды афіцыйны Кіеў, што расейская база Беларусі «сто гадоў не патрэбная» і ён сьвята трымаецца сувэрэнітэту. Маскоўскія палітыкі сьцьвярджаюць, што Лукашэнка абяцаў гэта асабіста. На перакананьне аналітыкаў, насамрэч пытаньне даўно вырашанае і беларускае кіраўніцтва гандлюецца выключна за памер кампэнсацыі — сума «камісійных» павінна перакрыць дыскамфорт, які непазьбежна ўзьнікне ў адносінах з Эўразьвязам ды краінамі-суседзямі. Пакуль трымаць націск Крамля ўдаецца, аднак што будзе далей, калі настане час энэргетычных паставак?

7. Вялікая перамога і галіфэ Шуневіча

Сёлета ў траўні Беларусь шырока адзначала сьвята Перамогі ў Другой усясьветнай вайне. У Менску адбыўся маштабны парад вайсковых падразьдзяленьняў і асабовага складу, які прымалі адразу два галоўнакамандуючыя — Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі. Форма малодшага сына кіраўніка краіны зьведвала розныя экспэрымэнты, а сёлета мадэльеры з прэзыдэнцкай адміністрацыі апранулі яго ў дакладную копію бацькавага мундзіру з гербам на пагонах. Ня менш экстравагантна глядзеўся на трыбуне міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч: генэрал патлумачыў, што амуніцыя афіцэра НКУС — гэта выключна «знак павагі да подзьвігу ягоных папярэднікаў». У тыя ж дні Лукашэнка-старэйшы запачаткаваў моду на гібрыдную «георгіеўска-яблыневую» стужку.

8. Коля ў ААН: новае імя ў міжнароднай палітыцы

У апошнія дні верасьня 11-гадовы Мікалай Лукашэнка ўпісаў сваё імя ў гісторыю міжнароднай палітыкі, зрабіўшыся самым юным удзельнікам 70-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Падчас прамовы бацькі з аанаўскай трыбуны малы вымушаны быў сумаваць у кампаніі зь міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем і прэзыдэнцкай прэс-сакратаркай Натальляй Эйсмант. Увогуле сёлета для Мікалая Аляксандравіча турыстычны сэзон выдаўся надзвычай насычаным і цягам навучальнага году яго можна была пабачыць у самых розных частках сьвету — ад згаданых ужо Злучаных Штатаў да Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Віетнаму. Як міжнародная актыўнасьць адбіваецца на пасьпяховасьці пяціклясьніка — прадмет дзяржаўнай таямніцы.

9. Беларусь як рассаднік дармаедаў

2 красавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў дакумэнт, які набыў усенародную вядомасьць як «дэкрэт аб дармаедзтве». Згодна з афіцыйнай фармулёўкай, прававы акт выдадзены ў мэтах «стымуляваньня працаздольных грамадзянаў да працоўнай дзейнасьці». Як часта водзіцца, дэкрэт набыў моц задняй датай і тычыцца тых, хто не працуе ад 1 студзеня 2015 году. Прадугледжана штогадовая выплата збору для грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў менш за 183 дзён у каляндарным годзе. Памер збору — 3,6 мільёна рублёў (20 базавых велічынь). Тых, хто будзе ўхіляцца ад аплаты, чакае пакараньне: штраф ад 2 да 4 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

10. Іпэшнікі: дажыць да сьвітаньня і зьнікнуць як кляс

2015-ы можа стаць апошнім для некалькіх дзясяткаў тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Цягам году ў розных рэгіёнах Беларусі адбываліся стыхійныя страйкі, падчас якіх гандляры заявілі пра забойчае для іх рашэньне дзяржаўных органаў абкласьці абавязковымі сэртыфікатамі кожную адзінку тавару. На расейскіх аптовых базах, адкуль у Беларусь паступае асноўная маса асартымэнту, такія дакумэнты не выдаюцца. У сваю чаргу, без дакумэнтальнага суправаджэньня пастаўшчыкоў чакае немалы штраф, а тавар будзе канфіскоўвацца. Гандлёвыя цэнтры ўжо паступова пусьцеюць і ў выпадку, калі паразуменьня дасягнуць ня ўдасца, «іпэшнікі» могуць папоўніць і без таго шматтысячную армію беларускіх дармаедаў. Новыя нормы набудуць сілу ад 1 студзеня 2016 году.

11. Жорсткая пасадка: спартыўныя кадры за кратамі

Год адзначаны працягам заўзятага змаганьня з карупцыяй, за кратамі апынуліся чыноўнікі і гаспадарнікі самых розных узроўняў. У ліку «карупцыянэраў» — і добра вядомыя асобы, у вінаватасьць якіх ня вераць ані іх калегі, ані нават выпадковыя людзі. Бадай, самы гучны розгалас набыла справа заснавальніка спартовай газэты «Прессбол», генэральнага мэнэджэра хакейнага клюбу «Дынама» (Менск) Уладзімера Беражкова. Добра вядомы ў спартовых колах журналіст быў затрыманы ў жніўні, на яго заведзена крымінальная справа паводле артыкула «Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі». Сам Беражкоў усе абвінавачваньні адмятае. Незадоўга да яго за кратамі апынуўся генэральны дырэктар каманды Максім Суботкін.

12. Цуды харчовага эмбарга: у Беларусі ёсьць усё!

Цягам 2015-га Беларусь працягвала пасьпяхова зарабляць на санкцыях, уведзеных Захадам супраць захопніцкай палітыкі Расеі ва Ўкраіне, і контрзахадах Масквы, якая забараніла харчовыя пастаўкі з Эўразьвязу і шэрагу іншых дзяржаваў. Праўда, у жаданьні хуткага «навару» беларускія харчы сталі прадметаў кпінаў і вымусілі расейскія санітарныя службы сумнявацца ў добрапрыстойнасьці партнэраў. У выніку пераарыентацыі прадуктовай плыні на рынак неабсяжнай Расеі хлынулі крэвэткі, кальмары, ласось, «здабытыя і вырабленыя» ў Беларусі. Пад гэтую ж марку пайшлі «беларускія» бананы, манга, пэрсікі, авакада ды іншыя экзатычныя прысмакі, чый ураджай круглы год застаецца стабільна высокім. Не даводзіцца сумнявацца хіба ў беларускім паходжаньні кавуноў, якія ў вялікай колькасьці растуць нават на драздоўскіх градах у Лукашэнкаў.

13. Дэнамінацыя: ад мільёнаў у кашальках да дробязі ў кішэнях

2015 год — апошні для абсалютнай бальшыні беларускіх рублёвых мільянэраў. Напачатку лістапада Нацыянальны банк нечакана абвясьціў, што ад 1 ліпеня 2016-га банкноты страцяць чатыры нулі, адпаведна, нацыянальная валюта стане канкурэнтнай на грашовым рынку. Але галоўнае, грамадзяне краіны нарэшце стануць паўнавартаснымі эўрапейцамі, атрымаўшы жалезную дробязь. Такім чынам, завяршаецца эра павальных мільянэраў і цяпер давядзецца прызвычайвацца да таго, што ўвесь заробак можа ўмясьціцца ў адну купюру. Зрэшты, пры існуючых тэмпах інфляцыі прырасьці чарговымі нулямі вялікай праблемы не складзе.

14. Місія Дэпардзьё: касіў Жэрар канюшыну

Адным з самых нечаканых гасьцей Беларусі ў адыходзячым годзе стаў францускі актор і рэжысэр Жэрар Дэпардзьё. Эпатажны творца ўжо нарабіў шуму, прыняўшы расейскае грамадзянства, а сёлета ў ліпені захацеў асабіста пазнаёміцца з «унікальным кіраўніком», які ад выбараў да выбараў набірае пад 90% галасоў. Захвалены жывой легендай Лукашэнка арганізаваў французу візыт на адзін з прысталічных агракомплексаў, а потым наладзіў для яго экскурсію па сваёй рэзыдэнцыі ў Астрашыцкім Гарадку. Там ён прадэманстраваў арсэнал сваіх сельскагаспадарчых прыладаў і павучыў гарадзкога жыхара, як трэба касіць ручной касой. Зрэшты, назіральнікі лічаць, што Дэпардзьё проста хацеў заручыцца высокай падтрымкай дзеля фінансаваньня стужкі «Нармандыя — Нёман».

15. Беларусізацыя: імёны і брэнды, якія згадалі матчыну мову

2015 год з поўным правам можна дапасаваць у актыў росту нацыянальнай сьвядомасьці. Сфармавалася мода на тое, каб быць беларусамі і беларускамі. Апроч ініцыятываў а-ля фэсты вышыванак, шчыравалі спартоўцы. Сапраўдным фэномэнам сэзону стаў футбольны клюб «Крумкачы», які пасьлядоўна скарыў шлях ад другой да вышэйшай лігі. Прыкладам беларускасьці ў футболе і іншы дэбютант — каманда «Іслач»: у сеціва выкладзены беларускамоўны кліп, у якім гульцы разам з гуртом «Амарока» віншуюць заўзятараў са сьвятамі. Падчас нядаўняй цырымоніі ўганараваньня найлепшых футбалістаў з прамовай па-беларуску выступіў форвард салігорскага «Шахцёру» Мікалай Януш, а былы гулец БАТЭ Арцём Радзькоў акрэсьліў грамадзянскую пазыцыю, арганізаваўшы фотасэсію ў швэдры з «Пагоняй».

XS
SM
MD
LG