Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Сьнежаньскім фэсьце» вучылі плесьці «павука» і выпякаць калядныя пернікі ФОТА


Навагоднія цацкі зробленыя на майстар-клясах «Сьнежаньскага фэсту»
Навагоднія цацкі зробленыя на майстар-клясах «Сьнежаньскага фэсту»

У Магілёве завяршыўся «Сьнежаньскі фэст». Яго ўдзельнікі зьбіралі сродкі на падтрымку пацыентаў гематалягічнага аддзяленьня Дзіцячага абласнога шпіталя і вучылі гараджан, як рыхтавацца да калядных і навагодніх сьвятаў.

Зладзіла Фэст грамадзкае аб’яднаньне рамесьнікаў «Шчырая майстэрня». Майстры народных рамёстваў цягам месяца арганізоўвалі майстар-клясы. Іх удзельнікі выраблялі для сябе сьвяточныя ўборы паводле беларускіх і эўрапейскіх традыцыяў.

Ала Смалякова (справа)
Ала Смалякова (справа)

Кіраўнічка аб’яднаньня рамесьнікаў Ала Смалякова адзначае, што наведнікі майстар-клясаў зь цеплынёю адгукнуліся на дабрачынную місію Фэсту і ахвяравалі грошай колькі маглі.

«Мы сабралі невялікія грошы, — кажа яна. — Наўрад ці імі можна падтрымаць усё гематалягічнае аддзяленьне шпіталя, але адрасна, аднаму, ці некалькім пацыентам мы зможам на новы год зрабіць падарункі».

Рамесьнікі вучылі наведнікаў майстар-клясаў вырабляць калядныя вянкі, навагоднія цацкі, васковыя сьвечкі, выпякаць навагоднія слодачы.

Гэтак выглядае беларускі “павук”
Гэтак выглядае беларускі “павук”

Паводле Алы Смаляковай, на некаторыя заняткі прыходзіла шмат ахвотнікаў навучыцца каляднаму і навагодняму цацачнаму рамяству. Адбываліся заняткі ў этнаграфічным комплексе «Лясны фальварак».

Пернік “Сьнежаньскага фэсту”: Салодка жыць не забароніш
Пернік “Сьнежаньскага фэсту”: Салодка жыць не забароніш

У апошні дзень «Сьнежаньскага фэсту» вучылі плесьці «павука» (гэтак называецца старадаўні беларускі абярэг) і выпякаць калядныя пернікі.

«Павук» — гэта ахоўнік сямейнага агменю. Ён адзін з самых загадкавых пэрсанажаў беларускага традыцыйнага побыту. Вывешвалі яго звычайна на каляды. Старога «павука» спальвалі і плялі новага. Гэты абярэг, лічылася, за год зьбірае ў сябе ўвесь нэгатыў і, спальваючы яго, ад усяго нядобрага пазбаўляліся. Спальваньне было сямейным дзействам. «Павука» вывешвалі над сталом і пара ад страваў круціла яго. Вешалі яго і над ложкам, дзе спалі дзеці. «Павукоў» плялі жанчыны. Лічылася, што гэтая справа не мужчынская. Кажуць, што сьвет спляла бабця павучыха, апавяла пра асаблівасьці выкарыстаньня абярэгу Ала Смалякова.

«Пернік — гэта сымбаль сямейнага дабрабыту, жаданы і смачны слодач ды абярэг адначасова», апавядае пра свой калядны атрыбут каляжанка Алы Смаляковай Кацярына.

Гатуюцца пернікі
Гатуюцца пернікі

«У кожнай сям’і была свая рэцэптура пернікаў. Гаспадыня сама вырашала, якія пернікі да сьвята яна зьбіраецца гатаваць. Падавалі іх з гарбатаю. Той, хто паспрабаваў згатаваць сам пернік, мае вялікае задавальненьне ад гэтага і ўпэўненасьць, што ён можа многае», — зазначае Кацярына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG