Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ раз пра мову і нацыянальнасьць Алексіевіч


Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Вінцэсь Мудроў заклікаў калег-пісьменьнікаў пераходзіць на расейскую мову. «Урэшце, што мы пры гэтым губляем? Ды нічога. Усё адно застанемся беларускімі пісьменьнікамі».

Іронія зразумелая – з нагоды Алексіевіч і ў сьвятле нядаўняй дыскусіі пра «дыскрымінацыю» рускамоўных літаратараў, якіх у Беларусі «не прызнаюць» беларускімі. Дыскусія тая скончылася нічым. А вось прысуджэньне літаратурнага Нобэля рускамоўнай пісьменьніцы зь Беларусі стала пэўным момантам ісьціны.

Што рабіць? Як цяпер не называць Алексіевіч беларускай пісьменьніцай, калі яе так называе ўвесь сьвет? Няпростая задача. Пагатоў ніякай задачы насамрэч няма. Нацыянальнасьць – не прадмет клясыфікацыі таленту.

Якой нацыянальнасьці быць пісьменьнікам, вырашае толькі сам пісьменьнік. Гэтаксама як толькі сам чалавек вызначае, якой ён нацыянальнасьці. Нехта кіруецца прагматычнымі рэзонамі, але як правіла гэта – ідэнтыфікацыя душы. Кім ты сябе адчуваеш, тым ты і ёсьць.

Вядома, гадоў праз сто цябе могуць перацягваць, як канат, як Адама Міцкевіча, але, як правіла, прыхільнікі розных вэрсіяў прыходзяць урэшце да мірнага суіснаваньня, бо нічога адзін у аднаго не адымаюць. У Польшчы Міцкевіч польскі, у Літве літоўскі, у Беларусі беларускі.

З Алексіевіч у гэтым сэнсе прасьцей. Яна сама ідэнтыфікуе сябе беларускай пісьменьніцай. Гэта першае. Па-другое, яе літаратура ў аўтарызаваным перакладзе такая ж беларускамоўная, як і рускамоўная. Гэта не паэзія і ня тая проза, дзе нацыянальнае працінае кожную тканку пісьма. Словам, для поўнай адпаведнасьці ўсяго ўсяму тут нават рабіць нічога ня трэба, бо ўсё ўжо зроблена. І выкладацца Алексіевіч павінна ў праграме беларускай літаратуры. Хіба што сама яна захоча, каб было па-іншаму.

Але гэта ня значыць, што прыклад Алексіевіч – унівэрсальны. Бо тут нічога ўнівэрсальнага быць ня можа. Дапусьцім, аўтар жыве ў Беларусі, але лічыць сябе расейскім пісьменьнікам. Мае поўнае права. Іншы аўтар можа жыць у Расеі і называцца пісьменьнікам беларускім. Паслухайце песьню «Сьнег», якую Андрэй Макарэвіч выконвае па-беларуску. Мне, напрыклад, яна гучыць як гімн неўміручасьці беларушчыны.

Я мог бы тут прывесьці прыклады рускамоўных беларускіх пісьменьнікаў, якія ня тое што лічылі сябе беларускімі, але сваімі рускамоўнымі творамі паўплывалі на нацыянальнае станаўленьне цэлых пакаленьняў беларусаў. Але ў тым і рэч, што кожны такі прыклад – выключна індывідуальны, асобны ад усіх іншых.

Ёсьць, вядома, у гэтай тэме адзін аспэкт, які нельга прамінуць увагай, бо ён, думаю, і спараджае дыскусіі на голым месцы. Гэты аспэкт – талент і пасьпяховасьць аўтара. Не ўдаецца прабіцца ў Маскве, буду спрабаваць адбыцца як беларускі пісьменьнік.

Таленты, як вядома, не тыпізуюцца. А графаманы, наадварот, вельмі нават добра раскладаюцца па скрынках. Магчыма, яны, у сілу такой сваёй спэцыфікі, і ператвараюць пытаньне нацыянальнай ідэнтыфікацыі пісьменьніка ў тыповае – групавое, тусовачнае, вымяральнае паводле групы крытэрыяў, галоўны зь якіх: свой – ня свой, а зусім ня мова, на якой пішаш.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG