Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вушачах адкрылі і асьвяцілі помнік Рыгору Барадуліну ФОТА


Скульптар Ігар Засімовіч адкрывае помнік

Скульптар Ігар Засімовіч адкрывае помнік

Помнік — валун з высечаным на ім крыжам — асьвяцілі архімандрыт Сяргей Гаек, сьвятар грэка-каталіцкай царквы айцец Аляксандар Шаўцоў з Полацку і ксёндз Аляксей Асон з Вушачаў.

На імпрэзе прысутнічалі Валянціна Барадуліна, удава паэта, Валянціна Быкава, родная сястра знакамітага пісьменьніка, літаратары Ўладзімер Някляеў, Сяргей Шапран, Міхась Скобла, жыхары Вушачаў.

Шыльда побач з магілай Рыгора Барадуліна

Шыльда побач з магілай Рыгора Барадуліна

Зрэшты, жыхароў райцэнтру было небагата. Навіна пра адкрыцьцё помніка перадавалася неафіцыйна — з вуснаў у вусны, бо ў мясцовай газэце аніякага паведамленьня пра гэта не было.

Тым ня менш, ініцыятар стварэньня помніка Глеб Лабадзенка адзначыў, што вялікі ўнёсак у гэтую справу зрабілі і мясцовыя ўлады. Яны арганізавалі будаўнічыя працы, а да сёньняшняга дня падсыпалі жвірам сьцежкі на могілках.

Надмагільны помнік Народнаму паэту Беларусі — гэта валун вагою ў 2,5 тоны, на якім высечаны надпіс «Рыгор Барадулін. Сын. 1935–2014» гэта гады жыцьця паэта. Побач знаходзіцца магіла маці Рыгора Іванавіча, на ім напісана «Мама Акуліна Андрэеўна Барадуліна».

выступае Ўладзімер Някляеў

выступае Ўладзімер Някляеў

Гэта была воля Рыгора Барадуліна — каб яго пахавалі побач з маці ў родных Вушачах. І помнік, які ён атрымаўся, дзядзька Рыгор напрарочыў сабе яшчэ пры жыцьці. Пра гэта нагадаў прысутным паэт Уладзімер Някляеў:

«Мы прысутнічаем пры выкананьні апошняй волі дзядзькі Рыгора. У ягоным вершы „Прашэньне“, напісаным яшчэ ў 1995 годзе, ёсьць радкі: „Калі я адыду, пастаўце мне валун сівы і крыж на валуне...“ Гэта воля выканана тут, на роднай Вушацкай зямлі».

Жорны ў падмурку

Жорны ў падмурку

Дасьледчык літаратуры Сяргей Шапран дадае, што воля Рыгора Барадуліна — гэта ня проста мэтафара, што ён насамрэч пра гэта прасіў пры жыцьці:

Радкі зь верша на помніку

Радкі зь верша на помніку

«Я працаваў над кнігай пра Васіля Быкава, і паўсюль нас суправаджаў Рыгор Барадулін. Мы аднойчы былі на старых могілках, дзе стаяць старыя валуны. Мабыць, гэта так уразіла, што за вячэрай Рыгор Іванавіч сказаў:

"Хачу, каб на маёй магіле быў валун. Валун з крыжам. Бо помнікі на могілках — гэта савецкая завядзёнка, і гэта задорага. Таму — няхай будзе валун".

Я некалькі разоў перапытваў пра гэта, і ён паўтарыў гэта пад запіс, на дыктафон. Калі пра верш яшчэ можна спрачацца, мэтафара гэта ці не, то адказ, запісаны на дыктафон — гэта дакладна воля паэта».

Шыльда побач з магілай Рыгора Барадуліна

Шыльда побач з магілай Рыгора Барадуліна

Камень для помніка быў знойдзены каля вёскі Кублічы на Вушаччыне. А ў Кубліцкай школе вучыўся Васіль Быкаў. Шукалі яго мэтанакіравана, а знайшлі выпадкова. Валянціна Ўладзімераўна Быкава, сястра Васіля Быкава, падказала, дзе ёсьць валуны, якія могуць прыдацца.

Жорнавыя камяні, укладзеныя ў падножжа — ідэя скульптара Ігара Засімовіча, аўтара помніка. Яна зьявілася з таго, што перад хатай Барадуліна ў Вушачах — брукаванка, якую ён вельмі любіў. Дарэчы, тую брукаванку так і не залілі асфальтам, калі асфальтавалі вушацкія вуліцы.

Спачатку хацелі зрабіць брукаванку і на магіле, а потым Ігару Засімовічу прыйшла думка пакласьці жорны. Да ўсяго, дзед Барадуліна, Андрэй Галвіньш, быў млынаром. І ў беларусаў жорны — сымбаль творчасьці, урадлівасьці. І быў звычай ставіць жорны на магілы людзям, якія мелі надзвычайныя здольнасьці, былі чараўнікамі. Рыгор Барадулін быў сапраўдны чараўнік, які валодаў магіяй паэтычнага слова...

16 лістапада валун з крыжам апусьцілі на магілу паэта менскія ратаўнікі з авіяцыі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях пры дапамозе верталёта. Гэта была цэлая апэрацыя, якая вымагала дакладнасьці і акуратнасьці — каб не папсаваць ні дрэваў, ні іншых пахаваньняў на старых вушацкіх могілак. Ратаўнікі тады сказалі, што для іх гонар — спрычыніцца да ўсталяваньня помніка на магілу Рыгора Барадуліна. Рашэньне прымаў асабіста міністар па надзвычайных сытуацыях Уладзімер Вашчанка.

Паводле жыхароў Вушачаў, магіла вялікага паэта мусіць стаць месцам паломніцтва для ўсіх сапраўдных беларусаў. Удава Рыгора Барадуліна, спадарыня Валянціна таксама задаволеная помнікам, які ён атрымаўся, адно шкада — езьдзіць на гэтыя могілкі зь Менску далекавата:

«Сваёй машыны ў нас ніколі не было, мы не былі такія заможныя, ды і Рыгор ня дужа любіў усялякую тэхніку. Цяжка будзе дабірацца, гады мае ўжо немаладыя. А помнік выдатны. Хоць спачатку ён мне ня дужа падабаўся, я нават упарцілася. Але цяпер канчаткова пераканалася: усё добра, усё лягічна зьвязана. Дужа падабаецца, дзякуй скульптару! Рыгор хацеў, каб яго пахавалі ня ў Менску, а пад сваім небам, на роднай зямлі. Дзякуй усім, хто дапамагаў, хто прыйшоў. Дзякуй усім! Як ён хацеў, так і зрабілі».

Рыгор Барадулін памёр 2 сакавіка 2014 года ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG