Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Данчык», песьня ад Брадвэя да Беларусі


Дакумэнтальны фільм пра «амэрыканскага салаўя», музычную легенду беларускага замежжа і шматгадовага журналіста Радыё Свабода Багдана Андрусышына тэлеканал Белсат пакажа у суботу, 26 сьнежня.

Багдан Андрусышын, амэрыканец зь беларуска-украінскімі каранямі, большую палову жыцьця жыве з псэўданімам Данчык. Яго голас з-за акіяну абуджаў яшчэ савецкіх беларусаў. Апошні яго канцэрт у Менску адбыўся 20 гадоў таму. Як глядзяць сёньня на фэномэн Данчыка яго сучасьнікі і ён сам? Пра гэта — новы саракахвілінны дакумэнтальны фільм Галіны Навумчык (гледачы Белсата ведаюць яе па фільме «Васіль Быкаў. Апошнія дні»).

Ацэнкі сучасьнікаў

Лявон Барткевіч, сьпявак:

Гэта самародак і геній, якіх мала бывае.

Аляксей Фралоў, музыка:

Ён-лірычны тэнар, але незвычайнага тэмбру, блізкі да контр-тэнараў. Гэтакіх увогуле адзінкі ў сьвеце. Як кажуць у оперным сьвеце, валютныя галасы. Ён, будучы аматарам, мае такі цуд, такі дар Божы

Аляксандар Лукашук, дырэктар Радыё Свабода:

Мы працуем разам з пачатку 90-х — уяўляеце, што такое, дваццаць год працаваць побач з Моцартам?..

Рэжысэрка фільму Галіна Навумчык адказала на пытаньні Свабоды:​

Галіна Навумчык
Галіна Навумчык

— Галіна, чаму Данчык — наш унікальны сучасьнік?

Данчык унікальны найперш сваім голасам. Ён унікальны тым, што гэты голас ён падарыў Беларусі. Унікальнасьць яго і ў тым, што чалавек, які вырас за мяжой, вярнуў беларускую мову — прынамсі сваім фанатам, людзям, якія закахаліся ў ягоны голас, у ягоныя песьні. Усім беларусам у канцы 80-х ён нёс пасыл, што беларуская мова жывая. Нацыянальны ўздым адбываўся і дзякуючы песьням, які прынёс беларускамоўны амэрыканец. Ён закрануў нейкія вельмі глыбокія струны беларускай душы. У фільме пра гэта асабістым падзеляцца Івонка Сурвіла, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Арлоў ды іншыя сучасьнікі, чые дарогі з Данчыкам перасякліся.

Пік ягонай папулярнасьці супаў з часам, калі Беларусь яшчэ рыхтавалася да сваёй незалежнасьці, перажывала пасавецкае адраджэньне. Я б ролю Данчыка ў гэты час параўнала з дражджамі. Якое ваша ўражаньне, цяпер, праз чвэрць стагодзьдзя, ці ведаюць Данчыка на Беларусі таксама шырока?

Вядома, не. Гісторыкі лічаць, што для забыцьця дастакова 20 гадоў. За гэты час вырастае новае пакаленьне, якое ня чула, ня бачыла, ня мела дачыненьня.

І гэта было матывацыяй для здымкаў?

Абсалютна, гэта матывацыя здымаць і здымаць пры жыцьці героя. Справа ў тым, што я таксама дзіця перабудовы, я памятаю той час, калі Данчык упершыню прыехаў у Беларусь на канцэрт у 1989-м годзе, я была сьведкам і перажывала гэты працэс разам з астатнімі. Важна было і тое, што яго прывёз Барткевіч. Гэта вельмі папулярны чалавек, гэта «Песьняры», якіх ведалі ўсе. Гэта была такая рэкамэндацыя сьпеваку зь Нью-Ёрку! А Данчык, выхаваны выкшталцоны амэрыканец, сваёй прыгожай беларускай мовай для саміх беларусаў паставіў яе на іншы ўзровень.

Якія мясьціны вы наведалі для здымкаў фільма?

Асноўная частка здымалася ў Чэхіі, дзе цяпер жыве Данчык. У Беларусі, у ЗША, у яго родным Нью-Ёрку. Мы выкарыстоўваем таксама рэдкія здымкі зь сямейнага архіву Андрусышыных, на адным з самых першых відэазапісаў малы Данчык яшчэ поўзае ў траве на дачы, якую родзічы назвалі «Мой родны кут».

Данчык сьпявае «І як жыў, жыву я ў сваім родным краі»​. Пры тым ужо 20 гадоў жыве ў Празе, кажа, што найлепшы горад на сьвеце — Нью-Ёрк. Уласна, хто ён — беларускі амэрыканец, эўрапеец, касмапаліт?

Мы жывём з вамі ў 21-м стагодзьдзі. Хацелася б, каб кожны беларус адчуваў сябе так, як адчувае Данчык — чалавекам сьвету. Ён валодае мноствам моваў, можа сабе дазволіць жыць, дзе ён хоча.

Ваш герой кажа, што хоча, каб нарадзіўся Данчык-two, але ніякія вэрсіі ў фільме не гучаць. Хто б гэта мог быць?

Хацелася б, каб ён ужо нарадзіўся. Або сярод сьпевакоў, што сьяпяваюць у Беларусі па-беларуску. Калі б іх было больш, было б яшчэ лепш. Або за мяжой — напрыклад, тая самая Вольга Казак, дачка знакамітай Валянціны Пархоменкі, магла б вярнуцца ў Беларусь з канцэртамі. Беларуская песьня гучыць і з вуснаў гішпанкі, якая вывучыла беларускую мову, або харваткі Весны... Але на сёньняшні дзень, я думаю, што Данчык-два, ці як ён кажа ў фільме Данчык-two, гэта нейкі вобраз усіх сьпевакоў, якія сьпяваюць па-беларуску, у тым ліку і песьні Данчыка.

Данчык: тыя часы яшчэ вернуцца

Данчык, як вы ўспрынялі фільм пра сябе — гэта ўвекавечаньне, прызнаньне папулярнасьці ці можа быць, спроба падсумаваньня?

Мне асабіста гэта фільм ня быў патрэбны, ніякай рэклямы, бо што рэклямаваць — я ж больш не сьпяваю. Гэты фільм не пра мяне, гэта фільм пра той час і той уздым, і тых людзей, якія былі на парозе нечага новага. І я ведаю, што я там быў толькі часткай гэтага працэсу, дапамагаў гэтаму рухавіку сваёй прысутнасьцю ці тым, што я быў такім кур’ёзам: амэрыканец, які можа гаварыць па-беларуску, і ня толькі гаварыць, але і сьпяваць. Я разумею, што тут самае важнае згадаць, што былі такія часы і што яны могуць ізноў вярнуцца.

Данчык
Данчык

Наколькі вашае сёньняшняе жыцьцё і праца зьвязваюць вас зь Беларусьсю?

На 100%. Усё важнае, што адбываецца сёньня ў Беларусі — у палітычным жыцьці, у эканоміцы, культуры, сацыяльных працэсах — ня можа мяне абмінуць, найперш таму, што мая пасада на Радыё Свабода — намесьніка дырэктара Беларускай службы — гэтага вымагае, але й таксама таму, што мяне проста гэта усё цікавіць. Для мяне Беларусь была б блізкай, нават калі б працаваў у зусім іншай галіне, у іншай краіне. Гэта карэнная частка маёй ідэнтычнасьці.

Ці можна сказаць, што беларуская мова сьпеўная? Хто для вас быў эталёнам сьпевака ўвогуле?

Безумоўна, сьпеўная, відаць таму, што шмат галосных. Маё асабістае адчуваньне, што беларуская мова больш сьпеўная, чым польская ці чэская, але хіба крыху менш, чым украінская. Украінцы амаль усе такія музычна таленавітыя, маюць добры музычны слых, цудоўна сьпяваюць. Я рос у вялікай ступені ва ўкраінскім асяродзьдзі — усе дарослыя заўсёды сьпявалі, ці то за чаркай пры стале, ці вакол вогнішча. Калі я быў дзіцём, гэта мяне зачароўвала. Але наагул мова, якая найбольш надаецца да сьпеву — італьянская. Таму мабыць і ў Італіі нарадзілася паняцьце «бэль канто» (прыгожы сьпеў).

Маім эталёнам юных гадоў была Джаан Баэз (Joan Baez).

Перад тым, як у падлеткавым узросьце зьмяніўся мой голас, я мог дасканала дубляваць ейнае крыштальнае сапрана. Майму тэмпэранту вельмі адпавядала яе мэлянхалічная манэра і тэматыка песьняў. Так засталося і пасьля зьменаў голасу. Застаўся тэнар, заблішчэлі высокія ноты, улюбёны рэпэртуар застаўся — сумныя, удумлівыя песьні. Ну а зь беларускіх сьпевакоў маімі ўлюбёнымі былі і засталіся «Песьняры» — і перш за ўсё галоўны саліст Леанід Барткевіч, які зачароўваў мяне ня толькі голасам, а манэрай, падачай, інтэрпрэтацыяй — ён вельмі сьціпла трымаўся на сцэне, як такі мінімаліст.

Я таксама усё жыцьцё ад маленства захапляўся Брадвэем — яшчэ памятаю свой першы мюзыкал «Fiddler on the Roof». Нагэтулькі мяне ўразіла гэтае адкрыцьцё, што хаця тады мне было ўсяго 6 гадоў, дагэтуль нават памятаю дакладна, у якім тэатры гэта было, з кім хадзілі. Да сёньня я захапляюся брадвэйскімі мюзыкламі і малюся на брадвэйскіх «дзіваў» — Пэці Люпоўн (Patti Lupone), Бэрнадэт Пітэрс (Bernadette Peters) і Бэці Баклі (Betty Buckley). Дарэчы, зь першай зь пералічаных, арыгінальнай брадвэйскай «Эвітай», я пазнаёміўся амаль 30 гадоў таму, дзякуючы Вользе Корбут (у час турнэ Вольгі па Амэрыцы мы круціліся толькі сярод зорак). Трымаю зь ёю кантакт і яна мяне заўсёды запрашае наведаць яе за кулісамі пасьля чарговага спэктаклю. Пэці Люпоўн — сапраўдная легенда брадвэйскай сцэны, неверагодна таленавітая ды, безумоўна, ідал усіх геяў, прынамсі ньюёрскіх.

— Дзе вы найбольш адчуваеце сябе свабодным?

— У сьне — калі сьніцца мне, што сьпяваю і танцую на Брадвэйскай сцэне... Гэта пачуцьцё спантаннага ўзьлёту, перамогі над прыцягненьнем зямлі.

Прэм’еру фільма «Данчык» глядзіце на тэлеканагле «Белсат» 26 сьнежня а 21:45.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG