Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя ня можа толькі натхняць. Яна мусіць задаваць пытаньні, ад адказаў на якія залежыць і цяперашняя сытуацыя», — гісторык Алег Дзярновіч.


Алег Дзярновіч падчас сустрэчы з магілёўцамі
Алег Дзярновіч падчас сустрэчы з магілёўцамі

У Магілёве згадалі 630-годзьдзе Крэўскай уніі. Гэта дынастычнае аб’яднаньне нашмат гадоў наперад прадвызначыла эўрапейскую будучыню беларускага краю. Магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы запрасіла гісторыка Алега Дзярновіча, каб ён апавёў пра знакавую падзею сярэднявечнай Беларусі.

Вечарына праходзіла ў касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Станіслава. Паслухаць госьця зь Менску прыйшлі больш за паўсотні магілёўцаў. Алег Дзярновіч адказаў і на пытаньні беларускай Свабоды.

— Спадар Алег давайце пачнём з падзеі году. Якую падзею, да якой спрычыніліся, якую стварылі гісторыкі, Вы б назвалі падзеяй году? Ці былі сёлета такія заўважныя падзеі?

— Ёсьць такая падзея. Упершыню за апошнія дзесяцігодзьдзі ў Беларусі ў мурах Акадэміі навук адбылася маштабная канфэрэнцыя «Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, гаспадарка, права». Гэта падзея важная на ўзроўні сымбалічным — такі маркер, што Вялікае Княства Літоўскае заяўляецца ў Беларусі як вельмі важная тэма, вартая разглядаў і дыскусіяў. На канфэрэнцыі было вельмі шмат гасьцей. Пленарныя пасяджэньні адбываліся ў галоўнай залі прэзыдыюму Акадэміі навук. Можна казаць, што нават пампэзна праходзілі. Гэта ўражвала і беларускіх удзельнікаў, і гасьцей.

— То бок, можна казаць, што ВКЛаўская гістарычная канцэпцыя для Беларусі паволі ўмацоўваецца. Ці ўмацавалася нагэтулькі, што ад яе ніхто ўжо не адступіцца, і яна будзе надалей разьвівацца?

— Сапраўды, Вялікае Княства Літоўскае легітымна прапісана на сёньня ў генэалёгіі беларускага этнасу і беларускай дзяржаўнасьці, але, відаць, усе дыскусіі яшчэ наперадзе.

Беларусы не да канца адкрытыя для ўспрыняцьця сваёй гісторыі

Алег Дзярновіч падчас сустрэчы з магілёўцамі
Алег Дзярновіч падчас сустрэчы з магілёўцамі

— А шырокія пласты грамадзтва наколькі зжыліся з думкай, што Беларусь — гэта працяг разьвіцьця Вялікага Княства Літоўскага?

— Дарэчы, мы ня маем сацыялягічных матэрыялаў на гэты конт. У дзевяностых гадах і пачатку двухтысячных такія досьледы праводзілі, напрыклад: «Якія пэрсоны найбольш важныя?». Аднак, як мне падаецца, у такіх гарадах, як Менск, Горадня і Магілёў, маюць такое ўсьведамленьне. Для Магілёва, напрыклад, вельмі важная тэма магдэбургіі. У Магілёве багатая магдэбурская традыцыя, і гэта адчуваецца.

Білборды, якія ўсталёўваюць цяпер масава (напрыклад, пра Радзівіла Чорнага; таксама мы рыхтуемся зараз да ўгодкаў скарынаўскай Бібліі, і я бачыў ужо першы білборд пра гэта), — яны сьведчаць, што пэўныя інстанцыі таксама працуюць у гэтым кірунку. Вельмі важна, каб гістарычныя імёны і сюжэты заставаліся ў нацыянальнай памяці.

У нас жа вялікая праблема ня толькі са спадчынай ВКЛ, але і з больш глыбіннымі гістарычнымі пластамі. Па Менску, напрыклад, не магу прыгадаць помнікаў па старажытнай гісторыі, апроч Скарыны. Дваццатае стагодзьдзе неяк прэзэнтаванае — Другой Усясьветнай вайной. А вось даўняя гісторыя па-за рамкамі Вялікага Княства Літоўскага вельмі сьціпла прэзэнтаваная.

У масавым грамадзтве высьвятляецца, што беларусы не зусім адкрытыя да ўспрыняцьця сваёй гісторыі, прычым у палемічным кантэксьце. Гісторыя ня можа быць толькі тым, што натхняе, паказвае магутнасьць ды ўласную моц. Яна мусіць задаваць пытаньні, ад адказаў на якія залежыць у тым ліку і цяперашняя сытуацыя. Вось мы на гісторыю забудзем, а яна вельмі жорстка ўварвецца ў нашу штодзённасьць у пэўны момант.

Унія з Польшчай — сьвядомы эўрапейскі выбар эліты беларускага краю

Паслухаць гісторыка зь Менску пра Крэўскую ўнію прыйшлі больш за паўстотні магілёўцаў
Паслухаць гісторыка зь Менску пра Крэўскую ўнію прыйшлі больш за паўстотні магілёўцаў

— На сустрэчы з магілёўцамі Вы будзеце гаварыць пра адну з уніяў — Крэўскую.

— Ня столькі пра саму ўнію, угодкі ўніі, колькі гэта нагода распавесьці пра Крэва, Крэўскі замак, Крэўскае гарадзішча, якое нядаўна пачалі дасьледаваць. Гэтыя працы даюць ня проста артэфакты, а новы матэрыял для асэнсаваньня гісторыі нашага краю.

— На вашую думку, уваходжаньне Беларусі у ўніі — гэта вымушаныя крокі альбо асэнсаваны выбар элітаў, як пазытыўная пэрспэктыва для разьвіцьця краю?

— Гэта быў сьвядомы выбар эліты, вядома ж. Нельга казаць, што Вялікае Княства Літоўскае ў канцы 14 стагодзьдзя было настолькі зьяднанай дзяржавай. Існавалі ўнутраныя супярэчнасьці, і калясальная тэрыторыя і эліты знаходзіліся ў пошуку далейшага вэктару разьвіцьця, пагатоў, з поўначы, з боку нямецкіх дзяржаваў, быў вялікі ціск. Польшча таксама пачувалася ад яго некамфортна. І, вось, варыянт, які прапанавала Польшча быў да спадобы, да нейкага ўзроўню, эліце Вялікага Княства Літоўскага.

Зразумела, вялікае рашэньне, вялікі геапалітычны праект заўжды супярэчлівы. Мы ня зможам прыкласьці адназначныя характарыстыкі да такіх зьяваў, але, тым ня менш, пра нешта пазытыўнае мы таксама можам казаць.

Нэгатыў быў у абмежаваньні сувэрэнітэту Вялікага Княства Літоўскага. Мы мусім разумець, што Крэўская ўнія вяла да Люблінскай, а яна стварала наагул адзіную дзяржаву. Гісторыкі права спрачаюцца: канфэдэратыўную ці фэдэратыўную. Але ў любым разе тэндэнцыя да фэдэрацыі была. Заўважу, што ўмовы ні Крэўскай, ні Люблінскай уніі ў поўным аб’ёме выкананыя не былі. Калі б яны былі выкананыя цалкам, то Вялікае Княства Літоўскае столькі стагодзьдзяў не існавала.

Унія — звыклы сюжэт для сярэднявечнай Эўропы

Магілёўскі касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Станіслава, дзе праходзіла сустрэча з Алега Дзярновічам
Магілёўскі касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Станіслава, дзе праходзіла сустрэча з Алега Дзярновічам

— Ці можна казаць, што ўніі для Беларусі былі эўрапейскім выбарам эліты?

— Вядома ж, можна казаць. Пагатоў уніі гэта звыклы сюжэт для сярэднявечнай Эўропы. Наагул існавалі ўніі паміж многімі дзяржавамі. Існавала ўнія Чэхіі і Вугоршчыны. А з адной уніяй мы дагэтуль маем справу — Англіі і Шатляндыі. Мо яна і разваліцца, бо ідуць такія тэндэнцыі, але пакуль яны трымаецца. Падобныя саюзы, якія легітымізаваліся на ўзроўні дынастыяў, рэгулярна заключаліся ў Эўропе. Кальмарская ўнія некалі аб’ядноўвала ўсю Скандынавію.

— Вы будзеце сустракацца з магілёўцамі ў касьцёле. Ці часта вам даводзіцца чытаць лекцыі ў такіх сьвятынях?

— У касьцёле бываю часта, але каб чытаць лекцыі ў ім, то не прыгадаю. Відаць, гэта будзе мой першы досьвед. Пагатоў магілёўскі касьцёл — вядомы і легендарны, і гэта дужа сымбалічна.

Сьмерць вялікага князя Альгерда (1377) выклікала вострую і працяглую дынастычную барацьбу ў Вялікім Княстве Літоўскім. Пераможцам зь міжусобіцы выйшаў Ягайла, аднак становішча ягонае было не трывалае. Яму прапанавалі два варыянты шлюбу: з дачкой вялікага князя маскоўскага Дзьмітрыя Данскога і з польскай каралевай Ядвігай. Гаворка ішла пра выбар гістарычнага шляху для Вялікага Княства Літоўскага. Ягайла выбраў заходнюю палітычную арыентацыю, ажаніўшыся зь Ядвігаю. У Княстве было шмат незадаволеных умовамі Крэўскай уніі. На чале апазыцыі стаяў Вітаўт, які праз шмат год паспрабаваў дамагчыся, каб Вялікае Княства Літоўскае стала Каралеўствам.

Крэўская ўнія паклала пачатак пяцісотгадовага, шмат у чым супярэчлівага, суіснаваньня дзьвюх дзяржаваў: Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства.

Да сёньня ад Крэўскага замка, у якім падпісалі ўнію між Вялікім Княствам Літоўскім і Польскім Каралеўствам, засталіся разваліны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG