Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 26 сьнежня: Другі дзень Калядаў, прэм'ера фільму пра Данчыка


Падзеі і даты гэтага дня.

Афіша:

Другі дзень Калядаў паводле Грэгарыянскага календара.

У Доме-музэі Ваньковічаў (вул. Інтэрнацыянальная, 33а) пройдуць калядныя праграмы для дзяцей з удзелам дзіцячай групы «ФолькРада», дзіцячага фольк-тэатру «Вера і Патрыцыя», фолк-гурта «Вурай» і этна-дуэту AGATA. Пачатак а 12.00 і 14.00.

У кнігарні «Галіяфы» (Менск, вул. Старавіленская, 6) калядны вечар ладзіць Алена Мікульчык — кухар, экспэрт беларускай кухні, теле- і радыёвядучая. Яна прадставіць сваю кнігу «Лучшие блюда белорусской кухни/The Best Dishes of Belarusian Cuisine» на расейскай і ангельскай мовах. Пачатак а 17.00.

У апошнім сёлетнім выпуску Зона Свабоды – штотыднёвай аналітычнай перадача журналістаў Радыё Свабода на тэлеканале Белсат – падсумаваньне вынікаў 2015 году. Перадачу вядзе Аляксандар Лукашук. У ёй таксама ўдзельнічаюць Юры Дракахруст, Аляксандра Дынько і Сяргей Навумчык. Глядзіце перадачу а 20.00. Белсат трансьлюецца са спадарожнікаў ASTRA 4А і ASTRA 1KR.

У 21:45 на тэлеканале Белсат прэм'ера фільму пра Данчыка (Багдана Андрусішына). Адмыслова для гэтага фільму сям’я барда перадала відэа з сямейнага архіву, якое ніколі раней не дэманстравалася. Рэж. Галіна Навумчык, 2015 г. , Беларусь

У гісторыі:

1893 — нарадзіўся Мао Цзэдун, кітайскі дзяржаўны дзяяч, кіраўнік камуністычнага Кітаю у 1949-1976 гадах.

1893 — нарадзіўся Яўген Цікоцкі, беларускі кампазытар. 1926 — выйшаў на экраны адзін зь першых беларускіх мастацкіх фільмаў, «Лясная быль». Зьняў яго кінарэжысэр Юры Тарыч паводле аповесьці Міхася Чарота «Сьвінапас».

1937 — нарадзіўся Ўладзімер Гніламёдаў, беларускі літаратуразнаўца, акадэмік.

1973 — прызямліўся касьмічны карабель Саюз-13, на борце якога быў і беларус Пётр Клімук. 1991 — СССР спыніў існаваньне як суб’ект міжнароднага права.

У памяці:

1937 — памёр Антон Ждановіч, беларускі актор тэатру.

1937 — памёр Мікалай Касьпяровіч, беларускі этнограф і мовазнаўца.

Цытата:

«Мы чакалi Калядаў з маленства
I нiяк не маглi дачакацца
Тату трэба было на работу
Мацi трэба было на працу
А Гагарын ляцеў на ракеце
Па-над нашым дваром ды садам
Мы глядзелi ўсьлед са зьдзiўленьнем
I мiжволi чакалi Калядаў
Мы увосень падпальвалi лiсьце
Мы узiмку хварэлi на глянды
I прыклаўшы далонi да вуснаў
У цямрэчы чакалi Калядаў
Мы пiсалi ў школе дыктоўкi
Нас вадзiлi глядзець на парады
Прафсаюз выдаваў карамэлькi
Мы бралi i чакалi Калядаў
Нам даводзiлi, хто мы i што мы
Нас вучылi выконваць загады
Нам казалi, ды мы ня чулi
Мы употай чакалi Калядаў
Мы рабiлi высновы хутка
Мы павольна сьпявалi баляды
Мы назлосьць валасы расьцiлi
I ўпарта чакалi Калядаў
Што з таго, што ўсё гэта зьнiкла
Быццам бурбалкi ад лiманаду
Засталiся сям’я i дзеткi
Засталося чаканьне Калядаў
Засталiся сябры ды праца
А адзiн, дык „вабшчэ“ ў Канадзе
Мы на сьвяты дашлем паштоўку
Будзем разам чакаць Калядаў
Позна ўвечары посуд памыем
I пакiнем, каб сохнуў на тацы
Мы чакаем Каляды з маленства
I ня можам нiяк дачакацца.»

Міхал Анемпадыстаў

XS
SM
MD
LG