Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У чым падабенства Пуціна і Трампа


Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін

Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін

Дональд Трамп завяршае год у ролі лідэра ў барацьбе за намінацыю ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Як паведамляе CNN, паводле апошняга апытаньня, 39 адсоткаў рэспубліканцаў падтрымліваюць ягоную кандыдатуру. Яго бліжэйшаму суперніку сэнатару ад Тэхасу Тэду Крузу аддаюць перавагу ў ролі 18 адсоткаў апытаных. Рэйтынгі астатніх прэтэндэнтаў значна ніжэйшыя.

Дацэнт паліталёгіі Унівэрсытэту Клемсана (ЗША) Стывэн Мілер у The Washington Post адзначае, што і Пуцін і Трамп — зь ліку тых лідэраў, якіх прынята называць «моцнымі». «Грамадзяне ва ўсім сьвеце, ня толькі ў ЗША і Расеі, аддаюць перавагу такога роду лідэрам на фоне страхаў перад сур’ёзнай пагрозай нацыянальнай бясьпецы або эканамічнаму функцыянаваньню дзяржавы», — піша Мілер.

На ягоную думку, у сытуацыі, калі краіна сутыкаецца з сур’ёзнымі выклікамі, грамадзяне хочуць, каб на чале дзяржавы быў рашучы палітык, здатны распачаць неадкладныя дзеяньні.

«Яны хочуць, каб лідэр мог іх абараніць, не знаходзячыся ў залежнасьці ад апазыцыі», — лічыць палітоляг.

Мілер піша, што на гэты момант Трамп лідуе сярод рэспубліканцаў, а рэйтынг Пуціна блізкі да 90%.

«Расейцы гэтак актыўна падтрымліваюць Пуціна менавіта па гэтай прычыне: яны востра адчуваюць, што нестабільная Ўкраіна пагражае Расеі», — лічыць экспэрт. У амэрыканцаў прэвалююць боязь пагрозы тэрарызму і некантраляванай міграцыі з Мэксыкі, а таксама занепакоенасьць эканамічнымі праблемамі.

Прыхільнікі Дональда Трампа — у асноўным белыя мужчыны сярэдняга ўзросту і старэйшыя, палова зь якіх мае сярэднюю адукацыю, альбо ніжэйшую, піша палітоляг. У гэтай катэгорыі расьце беспрацоўе, і адначасна павялічваецца розьніца ў даходах рабочых і заможнай часткі насельніцтва. Гэта павялічвае падтрымку «моцнага» кіраўніцтва, якое прапануе Трамп, тлумачыць Мілер.

Менавіта такім кіраўніком ўспрымаецца ў вачах расейцаў Уладзімер Пуцін. У кастрычніку рэйтынг ухваленьня дзейнасьці прэзыдэнта РФ сярод грамадзян краіны ўсталяваў новы рэкорд і склаў 89,9%.

На мінулым тыдні Пуцін і Трамп выказалі захапленьне стылем кіраўніцтва адзін аднаго. Пуцін назваў Трампа «вельмі таленавітым», а Трамп палічыў гэтую ацэнку «вялікім гонарам» і сказаў, што мог бы «дамовіцца» з Пуціным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG