Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па Менску прайшла калёна відушчых, якія «асьляпілі» сябе і паспрабавалі пажыць як невідушчыя


Пасьля людзі на інвалідных крэслах праехалі на хуткасьць уздоўж праспэкту Незалежнасьці.

Удзень 25 сьнежня студэнты Тэатральнай лябараторыі Fortinbras пры Беларускім Свабодным тэатры ў літаральным сэнсе прымералі на сябе маскі сьляпых.

Каля менскага кінатэатру «Кастрычнік» яны выклалі плястыкавымі бар’ерамі слова «Пабач» на шрыфце Брайля (шрыфт з выпуклых пунктаў, якім пішуцца кнігі для сьляпых). Пасьля яны надзелі маскі і ў дадатак завязалі сабе вочы. Калёну «асьлепленых» правёў па горадзе «правадыр».

Хіба ня самымі цяжкімі перашкодамі для іх сталі звыклыя для відушчага справы: спусьціцца ў падземны пераход, перайсьці дарогу з «маўклівым» сьвятлафорам. Мінакі рэагавалі на акцыю па-рознаму: хто казаў «чэрці», хто абыякава праходзіў міма, хто пытаў удзельнікаў акцыі пра калёну і яе шлях.

Як сьцьвярджаюць арганізатары акцыі, 5% беларусаў — інваліды, але ім неабходнае тое ж, што і астатнім 95%. Адна з арганізатараў акцыі Станіслава Шаблінская распавяла Свабодзе, як адчула сябе сярод тых 5%:

«Нашая акцыя прысьвечаная людзям з праблемамі і парушэньнямі органаў зроку. На жаль, у нас такіх людзей шмат, але ніхто іх у нашай гарадзкой прасторы ня бачыць, ня ведае, дзе яны. Можна сказаць, што яны жывуць у вельмі закрытых гета. Там, дзе яны ведаюць, куды ісьці, дзе знаходзяцца крамы, як дабрацца да працы. У горадзе іх няма, бо гарадзкая прастора не прыстасаваная да іх перасоўваньня.

Ёсьць адмысловыя сьвятлафоры-„пішчалкі“, але гэтых сьвятлафораў вельмі мала, іх можна пералічыць па пальцах. Адсутнічае на пешаходных пераходах тактыльная плітка, што дазваляе чалавеку з парушэньнем органаў зроку адчуць, куды ісьці, дзе пачынаецца і дзе сканчаецца пераход. Ёсьць яшчэ праблема, што ў грамадзкім транспарце часта прыпынкі называюць няправільна альбо не абвяшчаюць зусім, і чалавек ня ведае, дзе яму выйсьці. Мы кажам пра безбар’ернае асяродзьдзе, але ў нас зашмат тратуараў, што замінаюць вольнаму руху людзей.

У нашым пэрформансе мы выклалі на мове Брайля слова „пабач“ — гэта заклік грамадзтву, дзяржаўным органам пабачыць, зьвярнуць увагу на гэтыя праблемы. Мы самі добраахвотна сталі сьляпымі, заплюшчыўшы на гэта вочы.

На жаль, калі мы ўсталі на месца сьляпых, то адчулі, што практычна немагчыма перасоўвацца па горадзе без чалавека, які дапамагае табе ісьці. Для мяне гэта першы такі досьвед, я першы раз хадзіла, нічога ня бачыўшы. Так, месца дастаткова прамое, тут няма асаблівых перашкодаў, але звычайны падземны пераход стаў бар’ерам: пандусы, парэнчы, шмат людзей за табой... Сьвятлафоры — у нас быў чалавек, які сказаў, калі запалілася зялёнае сьвятло. Калі б яго не было з намі, ніхто б ня ведаў, калі пачынаць свой шлях. Я чула людзей, якія ішлі побач, але вакол вельмі шмат шумоў, якія табе замінаюць, зусім не дапамагаюць. А таго гуку, які меў бы мне дапамагчы, гуку адмысловага сьвятлафору — яго я не пачула».

Пасьля актывісты пайшлі на наступны пэрформанс: інваліды-вазочнікі зладзілі гонку са звыклымі для іх перашкодамі — пераходамі і бардзюрамі, неадаптаванымі для інвалідных крэслаў. На фінішы вазочнікаў загарнулі ў поліэтылен. Як распавёў Свабодзе адзін з удзельнікаў акцыі Аляксей Сапрыкін, гэта значыла што інваліды ў Беларусі зьвязаныя па руках і нагах:

«Вазочнікі ехалі ад Акадэміі навук да Якуба Коласа з усімі перашкодамі, а на шляху былі выстаўленыя адмысловыя дарожныя знакі для вазочнікаў. Немагчыма патрапіць у пераход — знак „Пераход“ зь перакрэсьленым знакам інваліда-вазочніка, подпіс „пераход для інваліда-вазочніка немагчымы“. Высокі бардзюр — знак „Увага! Высокі бардзюр“, на ім вазочнік падае з бардзюра. Каля перахода ля „Лідо“ — „Аб’езд“, бо ў пераход вазочніку не праехаць. Аднаго вазочніка актывісты заносілі на руках, спускалі вазок. Іначай туды немагчыма трапіць.

Людзі спыняліся і пыталі, што гэта значыць, мы раздавалі флаеры з інфармацыяй пра стан інвалідаў у Беларусі. Так што людзі змаглі дакрануцца да гэтай праблемы, адчуць, што мы жывем не ў дэмакратычным грамадзтве.

За намі пачалі сачыць яшчэ ад пачатку маршу: за намі ехалі тры машыны міліцыі, сачылі тры міліцыянты ў форме, адзін „ціхар“ здымаў. Калі пачалі замотваць вазочнікаў у харчовы поліэтылен, яны з намі паразмаўлялі, папрасілі спыніць акцыю, але мы не спынілі. За намі працягнулі сачыць, мы сышлі ў падпольле, але цяпер будзем працягваць акцыю. Пратаколаў на нас пакуль не складалі».

За дзень да таго пры ўдзеле студэнтаў Fortinbras інваліды-вазочнікі перакрылі рух у цэнтры Менску, а потым памяняліся месцамі з манэкенамі ў краме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG