Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Калі ты ня маеш каго запрасіць за калядны стол — запрасі Ісуса Хрыста...»


Грэка-каталіцкі сьвятар айцец Андрэй Крот

Грэка-каталіцкі сьвятар айцец Андрэй Крот

Гарадзенскія грэка-католікі правялі вечаровую літургію пры выключаным сьвятле і са зьнічкамі ў руках, не накрывалі 12 страў, а проста елі куцьцю і тое, што Бог паслаў, а назаўтра пасьля малебна калядавалі і глядзелі батлейку.

Вечаровая літургія ў невялічкай царкве гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі цягнулася амаль дзьве гадзіны. Прычым, амаль увесь час пры выключаным сьвятле — вернікі трымалі ў руках зьнічкі. Такая атмасфэра надавала яшчэ большай урачыстасьці, нібыта падкрэсьліваючы незвычайнасьць падзеі.

Вячэрняя літургія амаль цалкам адбывалася пры запаленых зьнічах

Вячэрняя літургія амаль цалкам адбывалася пры запаленых зьнічах

Сьвятар айцец Андрэй Крот кажа, што гэта робіцца, каб падкрэсьліць значнасьць гэтага сьвята, каб падараваць парафіянам радасьць, якую ўсе мы памятаем зь дзяцінства, калі сьвяткавалі Каляды.

«Я ў гэты дзень імкнуся нагадаць і падкрэсьліць, што гэта дзень нараджэньня Ісуса Хрыста, сына Бога, якія стаўся чалавекам дзеля нашага збаўленьня, які паніжае сябе, каб быць бліжэй да нас. І мы павінны пераймаць ягоную любоў і быць падобнымі да Бога. Магчыма, недзе паніжацца, саступаць іншым людзям, каб любоў панавала сярод нас».

Пасьля літургіі частка вернікаў засталася на вячэру, каб зьесьці куцьцю. Дарэчы, большасьцю засталіся маладыя людзі, якія жартуюць за сталом, распавядаюць цікавыя гісторыі. Айцец Андрэй кажа, што такая вячэра ладзіцца кожны год, і на ёй застаюцца тыя, хто жыве ў інтэрнатах альбо ня мае сям’і. Дванаццаці страў на стале няма, але куцьця смачная, ёсьць тое, як кажа сьвятар, што Бог паслаў. І, паводле яго, галоўнае, каб у такі вечар ніхто не заставаўся ў самоце сам-насам.

Пасьля малебна — вячэра з куцьцёй

Пасьля малебна — вячэра з куцьцёй

«Задача царквы — падкрэсьліваць, што мы жывём у супольнасьці, што мы ні нейкія атамы ў гэтым сусьвеце, якія нікому не патрэбныя, бо мы найперш патрэбныя Богу. Нядаўна прачытаў цудоўнае выказваньне: калі ты ня маеш каго запрасіць за калядны стол, запрасі Ісуса Хрыста. І мы таксама імкнёмся быць разам з Ісусам Хрыстом і разам са сваёй супольнасьцю».

У нядзельку адбылася сьвяточная літургія. Адчуваецца прыўзьняты настрой, вернікі славяць Хрыста. Напрыканцы набажэнства гучыць Магутны Божа.

Калядоўшчыкі

Калядоўшчыкі

Пасьля дзеткі пачалі калядаваць, расказвалі вершыкі, сьпявалі песьні і атрымлівалі падарункі. А пасьля ўсе разам глядзелі батлейку.

Глядзім батлейку

Глядзім батлейку

Сёньня на службе людзі самага рознага узросту, я цікаўлюся ў сталай спадарыні — ці ўзгадваецца ёй, як некалі ў дзяцінстве адзначалі Каляды. Спадарыня Марыя ўсьміхаецца і распавядае:

Верніца спадарыня Марыя

Верніца спадарыня Марыя

«Для мяне Каляды — гэта вялікае сьвята. Праўда, гэта цяпер я разумею ягонае значэньне, што гэта наша ачышчэньне і збаўленьне. А ў дзяцінстве гэта была самая вялікая радасьць. Мы заўсёды самі ставілі ялінку, упрыгожвалі яблычкамі, якія мама захоўвала да зімы, пяклі цацкі зь цеста на ялінку, малявалі цацкі на паперы, а ланцужкі рабілі з саломы. І вельмі была прыгожая ялінка. А малыя яшчэ заўсёды ставілі пастаноўкі, вершыкі расказвалі — было вельмі цікава».

А вось маленькі парафіянін — Захарка пагадзіўся нам распавесьці вершык:

Захар расказвае калядны вершык

Захар расказвае калядны вершык

Пастушкі сьпявалі, Хрыста віталі.

Бог нам аб’явіўся, у Бэтлееме нарадзіўся.

Ня ў пышных харомах і ня ў панскіх домах,

У маленькай хаце, туліць яго маці...

Дзеткі яшчэ зьбіраюцца ехаць па кватэрах і калядаваць, відавочна ім вельмі падабаецца гэтая справа. А вось як выказваюць сваю радасьць старэйшыя вернікі:

«Каляды — гэта чаканьне цуда, сьвята, чаканьне радасьці і для дзяцей і для дарослых. Для нас радасна, калі нашы дзеці выступаюць, сьпяваюць — для нас гэта дадатковае цуда. Заўсёды ў такі дзень адчуваньне ўзьнёслае. Прыемна, што побач людзі духоўна блізкія — ня толькі паводле веры, але і паводле мовы — разам зьбіраюцца, гуртуюцца на такім значным сьвяце — Растве Хрыстовым...».

Грэка-каталіцкая парафія сьвятой Маці Боскай Фацімскай існуе у Горадні з 1992 года. Паводле айца Андрэя Крота на нядзельныя службы прыходзіць да 40 вернікаў. Царква месьціцца ў невялічкай прыбудове ў старым горадзе на вуліцы Гараднічанскай.

XS
SM
MD
LG