Пазнаёміць людзей зь беларускай традыцый калядаваньня вырашыла каманда shukaj.by. Арганізатары запрашаюць да гульні з загадкамі, маскамі і сьпевамі, у выніку ўдзелу ў якой можна будзе ня толькі даведацца пра калядаваньне, але і паўдзельнічаць у гуляньнях.
shukaj.by — праект, арыетаваны на гістарычныя квэсты, якія праходзяць у розных гарадах Беларусі.
«Зараз калядаваньне ў горадзе пабачыць толькі дужа ўдачлівы чалавек. Крыўдна, што ўжо якое пакаленьне людзей жыве на Беларусі і ня ведае, што такое калядаваньне, што значаць яго сымбалі і ўдзельнікі, ніколі не адчувала гэты дух», — адзначыў кіраўнік праекту Яраслаў Ліхачэўскі.
Паводле яго словаў, цягам гульні ўдзельнікі будуць у самым цэнтры падзеяў. Ім давядзецца знайсьці галоўны сымбаль калядоўшчыкаў і вярнуць сонца на неба.
«Вядома, мы спрасьцілі сюжэт каляднай гульні-квэсту, каб нават тыя, хто толькі чуў пра калядаваньне, не згубіўся і атрымаў асалоду за тыя дзьве гадзіны, пакуль будуць цягнуцца яго прыгоды», — распавёў Ліхачэўскі.
Браць удзел у квэсце могуць каманды зь любой колькасьцю чалавек. Арганізатары раюць аптымальную колькасьць у 2-4 чалавекі. Гульні адбудуцца тройчы: 26 сьнежня, 3 і 6 студзеня ў Менску.
Зарэгістравацца на гульню можна тут.