Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдаль за вайну з гусямі


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

У Сыбіры закапваюць ананасы, ківі, цытрусавыя. Гусей ад ненавіснай Эўропы зьнішчаюць асфальтавым катком.

Уставай, страна агромная, уставай на сьмертны бой! Рускі чалавек закасаў рукавы, топча ботамі сыры-каўбасы, польскія яблыкі, украінскае сала, вугорскіх гусей. Рычагі асфальтавага катка рэзка націскае. Асаблівая асалода зьнішчыць штосьці ад дзядзькі Сэма, ролю якога сёньня выконвае, як вядома, Абама.

Пуцін з Мядзьведзевым падбіваюць бабкі вайны на харчовым фронце.

Магу далажыць, Уладзімір Уладзіміравіч, што толькі па адкрытых крыніцах зьмяшалі з гразёй каля тысячы тонаў. Але насамрэч значна больш, няма патрэбы кожны раз ператвараць у шоў з рэпарцёрамі, у краіне ідзе будзённая мэтанакіраваная праца, каб ні адзін польскі яблык, ні адна вугорская гуся ня трапіла на стол нашых грамадзян.

Ну вось ты пра гусей, Дзьмітры Анатолевіч. Я тут гляджу ў справаздачы: у горадзе Омску 150 тушак гусяціны раздушылі гусеніцамі, гэта правільна, гэта харашо. І цэлых 20 тонаў амэрыканскага шпіку. Спалілі ў печцы на ўтыльзаводзе. Лепей не прыдумаць. Дасталі: то ножкі Буша, то шпік. Што мы, не пражывём? Далей вось Уфа: расшукалі ў халадзільніках крамы 15 кг гусяціны і тут жа ў кантэйнэры са сьмецьцем спалілі. Таксама нядрэнна. А што мы чытаем у тэлеграме з Татарстану? Тры гусі «зьнішчылі бульдозэрам»? Усяго тры, ты мяне чуеш? А колькі зьелі? Дзе лічбы? Яны думаюць, мы тут усе дурныя. Ты верыш, што з Будапэшту маглі пасылку з трыма гусямі прыслаць? Я ня веру. А дзе астатнія?

Так, непрыемная сытуацыя, Уладзімір Уладзіміравіч. Будзем разьбірацца. Створым камісію.

Ты пачакай з камісіяй, няхай органы разьбіраюцца. Няхай падлічаць: колькі каштавала арэнда бульдозэра, колькі салярка. Мы калі на кожную гусю будзем бульдозэр выклікаць, якая эканоміка гэта вытрымае? Эканоміка павінна быць эканомнай, памятаеш крылатую фразу?

Ну а як жа. Але я хацеў бы, Уладзімір Уладзіміравіч, зьвярнуць увагу, што ня ўсё так дрэнна. Тры гусі — гэта, канечне, абурае. Але ёсьць значна лепшыя лічбы. У тых, хто працуе не за страх, а за сумленьне. Ну вось гляньце: у нас на радзіме ў Ленінградзкай вобласьці 40 тонаў нэктарынаў і пэрсікаў утылізаваныя з дапамогай бульдозэраў і трамбоўкі. За такую працу і ня сорамна справаздачу даваць. У Арэнбурскай вобласьці малайцы. Бульдозэрамі дваццаць тонаў сыру з Эўропы спляжылі разам з тарай, а сумесь закапалі, каб ня дай бог якія-небудзь бамжы не пакарысталіся. Там жа 400 кг польскіх яблык. Таксама бульдозэрам. А ў Навасыбірскай яшчэ больш — 650. Тут ужо ня сорамна бульдозэр выклікаць.

Ну я бачу, бачу, Дзьмітры Анатолевіч. Ёсьць лічбы станоўчыя, салідныя. З Калінінграду паведамляюць: 3,5 тоны польскага сала і больш за 3 — сыру. Пастараліся. Ну вось нядрэнна таксама: у тым жа Омску закапалі 18 тонаў чэшскай пятрушкі. Што мы, пятрушкі ня бачылі?

А вось яшчэ, Уладзімір Уладзіміравіч, таксама цешыць вока: 60 кг грэцкіх арэхаў спалілі ў Сьвярдлоўскай вобласьці, у Чалябінску гусенічным трактарам апрацавалі 3 тоны гішпанскіх лімонаў, паўтары тоны італьянскага вінаграду, амаль тону галяндзкіх яблык.

Ну так, так. Але Дзьмітры Анатолевіч, хачу зьвярнуць увагу нашага ўраду на інсынуацыі. Што мы чытаем? Што ў Афрыцы галадаюць, а ў нас мясам печкі цепляць? Пры чым тут Афрыка? Гэта пачынае пахнуць савецкай прапагандай. Ты не знаходзіш?

Так, за Афрыку мы не адказваем, у нас сваіх клопатаў поўны рот.

Паглядзі, што пішуць: што мы з табой вайну ежы абвясьцілі, забыліся, што ў родным горадзе ад голаду вымерла паўтара мільёна? Чытаў?

Чытаў.

Ды ў мяне самога маць чуць не памёрла, есьці не было чаго. Ну ты ў курсе дзела. Гэта для мяне сьвятое. А з другога боку паглядзець: а калі лічбы ліпавыя? Вось быццам бы зь лета 41-га да лета 42-га на могілках ленінградзкіх было пахавана 1 мільён і 200 тысяч. І што ў крэматорыі па адных лічбах спалілі 100 тысяч, а па другіх — цэлых 600! А што паказала праверка органаў? «Пахавальная справа», гэтак званая. Што ў крэматорыі і на могілках за выкананьне пляну давалі лішнія пайкі. Дык яны яго перавыконвалі вечна! Есьці ўсім хацелася, так жа?

Мне асабліва не спадабалася, Уладзімір Уладзіміравіч, што асобныя пісакі дапісаліся, што гэта злачынства супраць чалавецтва, якое недаядае.

Ды я чытаў. Аддайце, пішуць, у дзіцячыя дамы, у інтэрнаты. Але як аддаць? У нас жа санкцыі! Дэкрэт не чыталі? Яны злачынным чынам увезьлі праз мяжу лімоны ці тую рыбу чырвоную, каб нажыцца ў абыход закону, а мы іх па галоўцы — добрыя хлопчыкі, аддайце дзецям?

У нас ня царскія часы, цынгі ў нікога няма. Мы цяпер хоць за палярным кругам можам любое ківі вырошчваць. Як некалі марылі кіраўнікі нашай савецкай дзяржавы. Няхай ведаюць: абышліся без «Містраляў», абыдземся без сыроў з плесьняю. Дакладаюць, што ў Самары 20 тонаў зьнішчана. І правільна, і так будзе і надалей. Пакуль не адумаюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG