Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Давыд-Гарадку перасохлі азёры і студні


Рака Гарынь у Давыд-Гарадку

Рака Гарынь у Давыд-Гарадку

У некаторых паселішчах у самым цэнтры беларускага Палесься ў студнях зьнікла вада. Найбольш гэтая праблема закранула вёскі ў ваколіцах Давыд-Гарадка.

Вады ў студні няма

Вады ў студні няма

Студні тут перасохлі тры гады таму. Мясцовыя жыхары зьвязваюць гэта перадусім з выкапаным яшчэ ў васьмідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя побач з Давыд-Гарадком глыбокім каналам. На думку мэліяратараў, новае рэчышча павінна было адабраць частку вады з галоўнага рэчышча Гарыні, адной з самых непрадказальных рэк Палесься. Але ўзьдзеяньне на прыроду аказалася нашмат большым, лічыць жыхар вёскі Хорск Васіль Мазан:

«Паглядзіце, чатыры вялікія і досыць глыбокія возеры ў Давыд-Гарадку перасохлі. Цяпер на іх месцы толькі ямы, у якіх падчас дажджу зьбіраецца невялікая колькасьць вады. Аналягічная сытуацыя ў вёсках Хорск, Туры, Арлы і шматлікіх іншых. Кожная з гэтых вёсак ўзьнікала каля вялікага возера».

Раней - вялізнае возера ў Давыд Гарадку

Раней - вялізнае возера ў Давыд Гарадку

Іншае раней вялізнае возера ў Давыд Гарадку

Іншае раней вялізнае возера ў Давыд Гарадку

Жыхар вёскі Хорск Васіль узгадвае, што свой дом будаваў яшчэ ў васьмідзясятыя гады на беразе Хорскага возера:

«Кожную вясну яно разьлівалася, вада выходзіла зь берагоў. Яно было доўгае, літаральна праз палову Хорску, можа кілямэтры два-тры было ў даўжыню. Пасьля стварэньня абваднога каналу замест возера засталіся забалочаныя сажалкі. А некалькі гадоў таму вада цалкам зьнікла і там. А сьледам пачалі перасыхаць і студні».

Рака Гарынь у Давыд-Гарадку

Рака Гарынь у Давыд-Гарадку

Канал, што забірае ваду ў Гарыні

Канал, што забірае ваду ў Гарыні

Вінавацяць мэліярацыю ў перасыханьні вады і іншыя жыхары гэтай вёскі. На думку Ўладзімера Ляшука, грунтовыя воды цалкам забраў канал. Да гэтага дадалося сьпякотнае лета, якое прывяло да істотнага падзеньня ўзроўню вады ў самой Гарыні.

Часовы пантонны мост праз канал, існуе з 1980-х гадоў

Часовы пантонны мост праз канал, існуе з 1980-х гадоў

«Раней, можа яшчэ гадоў 15 таму, ваду са студні я нагінаючыся зачэрпваў кубкам. Цяпер адзінае выйсьце — прабіваньне калёнкі, што таксама не да канца ратуе сытуацыю. Гэтую ваду цяжка назваць пітной, яе якасьць проста не вытрымлівае ніякай крытыкі, паколькі яна перанасычаная жалезам, а яе смак жахлівы. Гатаваньне вады прыводзіць да зьнішчэньня посуду, які пакрываецца мэталічным асадкам. Добрая пітная вада, якую можна спажываць, знаходзіцца яшчэ глыбей».

Некаторыя палешукі паглыбляюць свае студні ажно на некалькі мэтраў адразу. Але прызнаюцца, што вада ўсё роўна кепская. Узгадваюць тут і папярэджаньні пра перавышэньне нормаў у вадзе ня толькі жалеза, але і небясьпечных нітратаў.

Зачарпнуць можна толькі пясок

Зачарпнуць можна толькі пясок

У сваю чаргу мэтэаролягі зьвязваюць перасыханьне студняў галоўным чынам з сухім летам і бясьсьнежнымі зімамі. Маўляў, мэліярацыя тут ні пры чым. Але насамрэч ў рэгіёне практычна не засталося балотаў, сьледам высахлі вялікія азёры, цяпер узровень вады нават на некалькі мэтраў зьнізіўся ў Гарыні ды Прыпяці. А ўлетку можна пабачыць невядомую раней для Палесься зьяву — пылавыя буры. Моцны вецер проста падымае ўгару ўрадлівую глебу, якая высыхае на гарачым сонцы, а на месцы палеткаў застаецца толькі пусты пясок.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG