Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праабражэнскі суд Масквы прыняў рашэньне прымусова даставіць у суд 76-гадовага расейскага актывіста Ўладзіміра Іёнава, які зьбег ва Ўкраіну.

Праабражэнскі суд Масквы 23 сьнежня прыняў рашэньне прымусова даставіць у суд 76-гадовага грамадзкага актывіста Ўладзіміра Іёнава. У гэты дзень суд плянаваў абвясьціць яму прысуд, абвінавачваючы ў неаднаразовым парушэньні парадку правядзеньня публічных мерапрыемстваў. З-за няяўкі падсуднага суд перанесьлі на 29 сьнежня. У панядзелак таксама стала вядома, што Ўладзімір Іёнаў, які падчас сьледзтва знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе, пакінуў Расею і цяпер знаходзіцца ва Ўкраіне, дзе ён плянуе прасіць палітычнага прытулку. Расейскі пракурор дамагаецца для яго пакараньня ў выглядзе трох гадоў умоўнага тэрміну і абмежаваньня ўдзелу ў публічных мерапрыемствах.

Прысуд 76-гадоваму расейскаму актывісту Уладзіміру Іёнаву, вядомаму сваімі адзінкавымі пікетамі супраць рэжыму Пуціна, Праабражэнскі суд паспрабаваў вынесьці ўжо ў трэці раз. Напярэдадні першага пасяджэньня па гэтым пытаньні, 10 сьнежня, актывіст адчуваў сябе дрэнна і быў шпіталізаваны. Як распавядала прэсе яго сяброўка Вольга Браўн, у Іёнава забалела сэрца, ён страціў прытомнасьць. Лекары даставілі актывіста ў перадінфарктным стане ў рэанімацыйнае аддзяленьне адной з маскоўскіх бальніц. Наступныя спробы абвясьціць прысуд Іёнаву таксама не ўдаліся: ён усё яшчэ знаходзіўся ў лячэбнай установе. 21 сьнежня выданьне «Грани.Ру» паведаміла, што Іёнаў разам зь сяброўкай пакінуў Расею.

Як распавёў Іёнаў 21 сьнежня выданьню «Грани.Ру», паколькі ў яго няма замежнага пашпарта, ён нелегальна перасек расейска-ўкраінскую мяжу.

Іёнаў мае намер падаць дакумэнты на атрыманьне палітычнага прытулку ва Ўкраіне.

Свой крок 76-гадовы актывіст патлумачыў зьменамі ў асабістым жыцьці. «Цяпер мне хацелася б пазьбегнуць турмы, — распавёў ён. — Калі я быў адзін, мне было абсалютна ўсё роўна. Цяпер я не адзін, з каханай жанчынай. З-за пачуцьця клопату і любові да яе я так вырашыў».

Сяброўка Іёнава Вольга Браўн, таксама масквічка, раней легальна ўехала ва Ўкраіну.

76-гадовы Ўладзімір Іёнаў — сталы ўдзельнік адзіночных пікетаў. Некалькі разоў ён выходзіў у цэнтар Масквы з плякатамі, якія крытыкуюць дзейную ўладу.

Уладзімір Іёнаў (у цэнтры), пікет у Маскве

Уладзімір Іёнаў (у цэнтры), пікет у Маскве

Праваабаронцы называюць перасьлед Іёнава палітычным і параўноўваюць яго справу зь перасьледам Ільдара Дадзіна, якога асудзілі да трох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі.

Напярэдадні ад’езду з грамадзкім актывістам сустрэўся карэспандэнт «Настоящего времени » Вадзім Кандакоў:

Па матэрыялах расейскай рэдакцыі Радыё Свабода і спэцпраекту Радыё Свабода "Настоящее время".

XS
SM
MD
LG