Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Грузіі Гарыбашвілі абвясьціў пра адстаўку ўраду


Прычыны сваёй адстаўкі Гарыбашвілі не назваў.

Кіраўнік грузінскага ўраду, Іраклій Гарыбашвілі, абвясьціў пра адстаўку, патлумачыўшы рашэньне тым, што за два гады знаходжаньня на пасадзе прэм’ер-міністра ён змог выканаць сваю функцыю па вывадзе краіны з крызісу і стварыў зачын на будучыню.

Найбольш верагодным ягоным пераемнікам называюць кіраўніка МЗС Георгія Квірыкашвілі. Але ягоная кандыдатура павінна быць ухваленая парлямэнцкай большасьцю ад кіроўнай кааліцыі «Грузінская мара».

«У кожнага чалавека, у тым ліку ў мяне, ёсьць права на свабодны выбар», — заявіў Іраклій Гарыбашвілі, паведамляючы краіне пра свё нечаканае рашэньне падаць у адстаўку з пасады старшыні ўраду.

Пры гэтым ён асабліва падзякаваў заснавальніку кіроўнай кааліцыі «Грузінская мара», экс-прэм’ер-міністру, мільярдэру Бідзіну Іванішвілі і сказаў, што бярэ прыклад менавіта зь яго:

«Бідзіна Іванішвілі таксама сышоў, усьведамляючы ўсю адказнасьць за будучыню краіны», — падкрэсьліў Гарыбашвілі, якому ў чэрвені споўнілася 33 гады.

Затым экс-прэм’ер пералічыў свае заслугі ў справе ўстанаўленьня міру і правапарадку ў краіне, разьвіцьця эканомікі і збліжэньня з Эўрапейскім зьвязам. Былы старшыня ўраду ніяк не патлумачыў, чаму ён сыходзіць у адстаўку, лічучы сваю дзейнасьць нагэтулькі пасьпяховай.

Кіроўная кааліцыя ніколі не крытыкавала яго, тым больш ня ставіла пытаньне аб адстаўцы кіраўніка кабінэту міністраў.

Паплечнікі экс-прэзыдэнта Саакашвілі сьцьвярджаюць, што рашэньне аб адстаўцы кабінэту прыняў мільярдэр Бідзіна Іванішвілі, які хоча бачыць на пасадзе старшыні ўраду міністра замежных спраў Георгія Квірыкашвілі.

Паводле Канстытуцыі, вырашальнае слова пры прызначэньні новага прэм’ера належыць парлямэнцкай большасьці. Кіроўная кааліцыя «Грузінская мара» ужо заявіла, што прыме рашэньне аб новым складзе ўраду цягам тыдня, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода Георгій Кабаладзэ.

XS
SM
MD
LG