Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея супрацоўнічае з талібамі супраць «Ісламскай дзяржавы»


У МЗС РФ заявілі, што інтарэсы талібаў у барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» у Аўганістане супадаюць з расейскімі, і Расея падтрымлівае сувязь з талібамі. Пра гэта заявіў у інтэрвію «Інтэрфаксу» спецпрадстаўнік прэзыдэнта РФ па Аўганістане Замір Кабулаў.

Паводле Кабулава, талібы вядуць барацьбу з ІД, таму што адчуваюць, што ІД спрабуе, як «Аль-Каіда» у свой час, іх выкарыстоўваць для транснацыянальных мэтаў, для стварэньня халіфату, для глябальнага джыхаду.

«Талібы гэта адчулі, таму яны ўжо наносяць па ІД досыць сур’ёзныя ўдары. І аўганскія талібы, і пакістанскія талібы сказалі, што не прызнаюць Аль-Багдадзі халіфам, не прызнаюць ІД. Гэта вельмі важна», — растлумачыў Кабулаў.

Кабулаў заявіў, што Расея таксама гатова пастаўляць зброю ў Аўганістан, але будзе рабіць гэта «з асьцярожнасьцю і на камэрцыйнай аснове».

Расейскія і аўганскія афіцыйныя асобы заявілі, што прэзыдэнт Аўганістану Ашраф Гані папрасіў Маскву аказаць ваенную дапамогу ў выглядзе паставак артылерыі, стралковай зброі, і баявых верталётаў МІ-35 для аўганскіх вайскоўцаў пасьля таго, як міжнародная кааліцыя, якую ўзначальвае НАТА, вывела большую частку войскаў з Аўганістану і зьнізіла фінансавую дапамогу.

Кабул сказаў, што дзеяньні НАТА па забесьпячэньні навучаньня аўганскіх сіл бясьпекі зьяўляюцца «неэфэктыўнымі».

Ён сказаў, сытуацыя ў галіне бясьпекі ў Аўганістане пагоршылася, і што гэта стварае патэнцыйную «стратэгічную пагрозу» для Расеі, Цэнтральнай Азіі і ўсяго рэгіёну.

XS
SM
MD
LG