Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі «Слон» распавёў, што ня так зь беларускай эканомікай


Анлайн-часопіс называе Беларусь «запаведнікам сацыялізму» і тлумачыць, чаму беларуская мадэль вядзе да непазьбежнага краху.

Прафэсар Расейскай эканамічнай школы Валер Чарнавокі распавёў на старонках расейскага «Слана» ў межах цыклю «Досьвед падзеньняў: чаму можа навучыць эканамічны крызіс» пра беларускую эканоміку і яе непазьбежны, як на яго думку, крах.

Чарнавокі адзначае, што многія рэцэпты эканамічнага росту, што толькі прапануюцца расейскімі эканамістамі, ужо выкарыстоўваюцца ў Беларусі, і якраз зьяўляюцца прычынай эканамічных крызісаў 2009, 2011 і 2015 гадоў. Гаворка ідзе пра мэтавыя прагнозныя паказьнікі і плянаваньне, дырэктыўнае і эмісійнае крэдытаваньне, імпартазамяшчэньне, кантроль за цэнамі і рухам капіталаў.

Беларусь эканаміст называе невялікай і ня самай багатай краінай, чыя эканоміка моцна завязаная на Расею (у 2014 годзе 50% зьнешняга гандлю былі з Расеяй, да таго лічбы былі большыя). Асноўны аб’ём экспарту — сыравінныя рэсурсы, таксама вялікую долю ў экспарце маюць малочныя прадукты. Але краіна ня чыста сыравінная, экспартуюцца трактары, машыны, станкі, тэлевізары і іншыя тавары, экспарт пераважна ідзе ў СНД. 70% занятасьці і да 75% ВУП кантралюе дзяржава.

Чарнавокі згадвае, што Беларусь называюць «запаведнікам сацыялізму» — краіна ня моцна прасунулася ў рэформах пасьля распаду Савецкага саюзу, так жа, як Туркмэністан і Ўзбэкістан. Дзяржава кантралюе практычна ўсю эканоміку і ўдзельнічае ў працы прыватных прадпрыемстваў.

Нягледзячы на шырокія экспэртныя і грамадзкія дыскусіі, пытаньне ўпіраецца ў аднаго чалавека. І гэты чалавек ніякіх зьменаў ня хоча

«Беларускай мадэлі», кажа эканаміст, як такой няма. Але ёсьць пэўныя асаблівасьці эканомікі, што дазваляюць адрозьніць эканоміку гэтай краіны ад іншых. Першай асаблівасьцю ён называе плянавае разьвіцьцё эканомікі, адказнасьць кіраўнікоў прадпрыемстваў і міністэрстваў за выкананьне мэтавых прагнозных паказьнікаў. А паказьнікі не адпавядаюць адзін аднаму, іх досыць складана выканаць, і ўзьнікае спакуса іх сфальсыфікаваць на мікраўзроўні«. Ён згадвае спадарожнікавыя фота, «што нагадваюць кадры з фантастычных фільмаў пра паўстаньне машынаў», на якіх поўныя склады трактароў МТЗ. Завод выконвае паказьнікі па вытворчасьці, але ня можа выканаць пляны па продажах.

Іншымі асаблівасьцямі ён называе штучнае «дырэктыўнае» павелічэньне заробнай платы на дзяржпрадпрыемствах — пры тым, што яна расьце хутчэй за вытворчасьць працы, што адбіваецца на канкурэнтаздольнасьці прадпрыемстваў. Таксама беларуская эканоміка выбітная дырэктыўным крэдытаваньнем дзяржаўных інвэстыцыйных праграмаў, аб’ём якога склаў у 2011 годзе амаль 10% ВУП. Усё гэта прыводзіць да пастаяннай інфляцыі.

Эканаміст кажа: зыходзячы з досьведу краінаў, што разьвіваюцца, найлепшы спосаб фінансаваньня дэфіцыту гандлёвага балянсу, які склаўся пасьля 2011 году без энэргетычных субсыдыяў Расеі, гэта прамыя замежныя інвэстыцыі. Асноўны аб’ём такіх інвэстыцыяў ідзе ад Расеі і яе «сяброў» (праз Кіпр). Ёсьць пасьпяховыя прыклады інвэстыцыяў з далёкага замежжа, Stadler, Coca-Cola і MAN-МАЗ, але значна больш няўдалых прыкладаў, калі інвэстараў пужалі абавязкамі будаваць лядовыя палацы ці купляць толькі беларускую сыравіну. А калі няма прамых інвэстыцыяў, застаецца браць пазыкі ці траціць валютныя рэзэрвы. У выніку зьнешні доўг даходзіць да 60% ВУП

Дзяржава, сьцьвярджае ён, вырашае бачыць наступствы, а не прычыны. Эканаміст робіць адназначную выснову: эканоміку трэба рэфармаваць. Але таму ёсьць перашкода:

«Нягледзячы на шырокія экспэртныя і грамадзкія дыскусіі, пытаньне ўпіраецца ў аднаго чалавека. І гэты чалавек ніякіх зьменаў ня хоча. Але паглядзім».

Поўны тэкст разважаньняў прафэсара Чарнавокага можна прачытаць на slon.ru.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG