Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт-крама «Беларуская прастора» выйшла ў афлайн


На ўрачыстым адкрыцьці крамы ў менскім «Маскоўска-Венскім» гандлёвым цэнтры выступіць гурт Navi. Калі анлайн-крама вядомая хутчэй кнігамі, то афлайн-крама болш арыентаваная на сувэніры.

Анлайн-крама Prastora.by адкрыла афлайн-краму ў павільёне 205 на другім паверсе менскага гандлёвага цэнтру «Маскоўска-Венскі» (праспэкт Незалежнасьці, 58, другі паверх). Калі анлайн-крама вядомая хутчэй кнігамі, то афлайн-крама болш арыентаваная на сувэніры.

«Сувэніры, натуральна, беларускай вытворчасьці. Мы прадаем рэчы, зробленыя беларусамі для беларусаў, — распавёў Свабодзе намесьнік дырэктара Prastora.by Міхась Башура. — Там будзе мінімальная колькасьць кніг прэзэнтацыйнага характару, астатняе — сувэнірныя вырабы, у тым ліку цішоткі рознага кшталту. У найбліжэйшы час плянуем запусьціць нашую сэрыю цішотак пад брэндам «Ці?чотка!».

У аўторак была невялічкая сямейная вечарына, прыйшлі нашыя сябры-бізнэсоўцы, і Алесь Камоцкі, і Тацяна Грыневіч-Матафонава, Аксана Спрынчан, Яраш Малішэўскі, Серж Міцкевіч. Пасьпявалі песьні, пачыталі вершы. А сёньня а 19-й гадзіне плянуецца выступ і творчая сустрэча з гуртом Navi, фіналістамі адбору на «Эўравізію».

Крама «Беларускай прасторы» адкрылася зусім недалёка ад «Арт-сядзібы» і крамы Symbal.by — тыя месьцяцца ў тым жа «Маскоўска-Венскім», толькі на іншых паверхах. Але «Прастора» ня бачыць у тым бяды:

«Мы ня лічым іх канкурэнтамі. Нашае меркаваньне такое, што, чым больш у Беларусі існуе крамаў па продажы кніжак, сувэнірных вырабаў, тым лепей. Бо звычайным людзям будзе прасьцей набыць, ды й калі разглядаць канкурэнцыю на ўзроўні бізнэсу, то гэта спрыяе зьніжэньню коштаў і пашырэньню асартымэнту. На дадзены момант з Symbal.by ёсьць перасячэньні па прадукцыі, але зь цягам часу яны будуць значна меншыя.

Каб забясьпечыць асартымэнт, у нас пакуль тое, што вырабляюць іншыя, але зь цягам часу мы будзем імкнуцца выстаўляць нашую прадукцыю, якую мы будзем замаўляць ці самі вырабляць, ужо ў нас працуе чалавек, які зьбірае ўсю інфармацыю, што карыстаецца попытам, што можам прапанаваць унікальнае. Будзе цесная супраца з Паўлам Бераговічам (Падкарытавым), які цяпер робіць музэй шляхты ў Падароску, — будзем нейкую частку сувэнірнай прадукцыі вырабляць супольна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG